Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна перад выбарам і выбарамі


Якія ўмовы правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне, ці могуць яны быць сарваныя? Чым Пятро Парашэнка так спадабаўся ўкраінцам? Якія наступствы будуць мець украінскія выбары для беларуска-ўкраінскіх адносінаў?

Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць: дырэктар інстытуту ўкраінскай палітыкі Косьць Бандарэнка, шэф-рэдактар газэты «Наша Ніва» Андрэй Дынько і ўкраінскі журналіст Юры Сьвірко.

Ці адбудуцца ўкраінскія выбары?


Дракахруст: Праз тыдзень ва Ўкраіне прэзыдэнцкія выбары. Ці атрымаецца іх правесьці па ўсёй краіне, як яны пройдуць у Данбасе, які даволі ўмоўна кантралюецца цэнтральнай уладай? Ці ня могуць узьнікнуць праблемы ў іншых рэгіёнах, з боку, скажам, нейкіх радыкальных сілаў ці кандыдатаў, якія могуць быць незадаволеныя чаканым вынікам выбараў?

Косьць Бандарэнка
Косьць Бандарэнка
Бандарэнка: Выбары пройдуць, і ўсё гаворыць за тое, што рыхтуюцца правесьці прынамсі першы тур выбараў усе ўдзельнікі выбараў без выключэньня. Справа ў тым, што ў шэрагу рэгіёнаў сапраўды ёсьць праблемы з працай выбарчых участкаў, і ЦВК ужо заявіла пра тое, што немагчыма будзе правесьці выбары ў Крыме і Севастопалі з прычыны анэксіі РФ. Немагчыма таксама будзе правесьці выбары на многіх выбарчых участках у Данецкай і Луганскай абласьцях, таму што там адбываецца антытэрарыстычная апэрацыя і ЦВК проста ня хоча ствараць небясьпечную сытуацыю для шараговых грамадзянаў.

Што тычыцца іншых рэгіёнаў, то неаднаразова гаварылася, што выбары там адбудуцца, але ніхто не дае гарантыі, што ня будзе ніякіх актаў гвалту ці спробы людзей са зброяй зладзіць правакацыі і сарваць выбарчы працэс. Самі па сабе выбары адбудуцца, але ня выключана, што яны будуць прызнаныя неадбытымі. Вынік можа быў нявызначаны.

Дракахруст: Ці можна чакаць на працягу тыдня, які застаўся да галасаваньня, рэзкага абвастрэньня сытуацыі, ажно да прамога расейскага ўмяшаньня? Ці можа нехта сарваць выбары?

Юры Сьвірко
Юры Сьвірко
Сьвірко: Думаю, што такога ня будзе, але выключаць нечаканых падзеяў нельга. У той жа час я думаю, што кіеўская ўлада зрабіла ўсё, каб выбары правесьці. Першы тур адбудзецца 25 траўня па ўсёй краіне, акрамя Крыму. Для жыхароў Крыму будуць арганізаваны выбарчыя ўчасткі ў Херсонскай вобласьці і яны ўвогуле могуць галасаваць дзе заўгодна. Так што крымскія жыхары з украінскімі пашпартамі, калі захочуць, могуць узяць удзел у гэтых выбарах.

Безумоўна, у Данецкай і Луганскай абласьцях сытуацыя вельмі цяжкая, там галасаваньне на пэўных участках можа не адбыцца, але гэтага нельга сказаць пра ўсю Данецкую і Луганскую вобласьці. Часткова, асабліва ў вясковых раёнах, дзе большасьць ўкраінскамоўныя і ўкраінцы паводле паходжаньня, там выбары адбудуцца. І абласныя выбарчыя камісіі, калі ім ня будуць моцна перашкаджаць, падвядуць гэтыя вынікі хаця б часткова. Што да іншых рэгіёнаў Украіны, напрыклад, Адэсы, дзе я зараз знаходжуся, то тут фактычна ўжо нічога не нагадвае пра падзеі 2 траўня, калі ў будынку прафсаюзаў адбылася вядомая трагедыя. Горад абклеены перадвыбарчай агітацыяй і ўсе рыхтуюцца да выбараў. Таму, на маю думку, тут выбары адбудуцца.

Дракахруст: Андрэй, як вы ацэньваеце перадвыбарчую сытуацыю? І, дарэчы, ці вядома, колькі будзе замежных назіральнікаў, наколькі выконваюцца правілы роўнасьці ў перадвыбарчай агітацыі?

Андрэй Дынько
Андрэй Дынько
Дынько: Я размаўляю з вамі з Кіеву. На гэтых выходных пабачыў сытуацыю ва Ўкраіне на свае вочы. Першае, што можна сказаць – што звычайныя людзі вельмі чакаюць гэтых выбараў. І я думаю, што яўка выбарцаў будзе фэнамэнальная для дэмакратычнай краіны. Мяне ўразіла палітычная сьвядомасьць людзей. Таксіст учора сказаў, што трэба, каб гэтыя выбары абавязкова прайшлі, таму што Ўкраіне патрэбны прэзыдэнт. Вось гэтае разуменьне людзей, што краіне патрэбны прэзыдэнт, які б вырашаў, займаўся гэтай складанай сытуацыяй – яно тут найважнейшае.

У Кіеве шмат палітычнай агітацыі на вуліцах, але гэта пераважна агітацыя мясцовая, да выбараў мэра і дэпутатаў кіеўскай рады. Асноўная палітычная агітацыя кандыдатаў у прэзыдэнты адбываецца на тэлебачаньні, якое даступнае для ўсёй краіны. І там на ўкраінскіх каналах прысутнічаюць відэакліпы розных кандыдатаў: і Парашэнкі, і Цімашэнкі, і рускамоўнага кандыдата Цігіпкі. Сёньня нам сказалі, што на гэтыя выбары прыедзе больш за 2 тысячы замежных назіральнікаў. Гэта рэкордная лічба. Дагэтуль АБСЭ ніколі не накіроўвала сюды такую колькасьць замежных назіральнікаў.

Сёньня тут выступаў францускі філёзаф Бернар Анры-Ляві. Ён учора разам з Парашэнкам езьдзіў па краіне, і сказаў, што яго ўразіў агульны настрой ва Ўкраіне, у тым ліку і на ўсходзе. І тое, што вельмі шмат людзей прыходзіць на сустрэчы з кандыдатамі. І настрой у гэтых людзей – выразна за адзінства Ўкраіны, за адзіную дзяржаўную мову.

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст
Дракахруст: Спадар Бандарэнка, Андрэй сказаў, што на ягоны погляд ва Ўкраіне вельмі вялікая гатоўнасьць ісьці галасаваць. А вы сказалі, што выбары могуць і не адбыцца. Як адно стасуецца зь іншым? Андрэй ня мае рацыі?

Бандарэнка: Яўка сапраўды прагназуецца вельмі высокай. Сацыялягічныя агенцтвы прагназуюць, што яна можа быць 80% і нават вышэй. Такая яўка была ў 2004 годзе, калі было супрацьстаяньне між Віктарам Юшчанкам і Віктарам Януковічам. Але я гаварыў пра тое, што магчымыя правакацыі на выбарчых участках, якія могуць даць магчымасьць паставіць пад сумнеў вынікі першага туру. Гэта тое, чаго я асьцерагаюся. А за выбаршчыкаў я спакойны – яны прыйдуць і прагаласуюць.

У чым сакрэт папулярнасьці Пятра Парашэнкі?


Дракахруст: Паводле сацыялягічных апытаньняў, як здаецца ніколі ў найноўшай гісторыі Ўкраіны, на гэтых выбарах ёсьць відавочны фаварыт – Пётар Парашэнка. А ў чым тут справа? Адзіным прызнаным правадыром Майдану ён ня быў, палітычную біяграфію мае стракатую, скажам так, уключна з пасадай міністра ва ўрадзе Азарава, у палітыцы даўно і пры гэтым, наколькі я ведаю, ніякіх асаблівых учынкаў, якія б прымушалі глядзець на яго, як на збаўцу, не рабіў. Да таго ж багаты чалавек і пры гэтым з рэпутацыяй у сэнсе карупцыі не крыштальна чыстай – дастаткова прыгадаць яго сваркі зь Цімашэнкай у 2005 годзе. Але вось упадабалі яго чамусьці ўкраінцы, спадзяюцца, што ён уратуе краіну ў момант, можа самы цяжкі з 91-го году. Чаму?

Сьвірко: Мне таксама цяжка адказаць на пытаньне, чаму Парашэнка. Па-першае, украінская сацыялёгія амаль як статыстыка з анэкдоту – ёсьць хлусьня, нахабная хлусьня і статыстыка. І яна нечакана можа зьмяніцца напярэдадні выбараў і ў дзень галасаваньня лічбы могуць паказваць штосьці іншае. Па-другое, я думаю, што большасьць украінцаў, нават калі яны галасавалі за Юшчанку, то гэта быў голас супраць Януковіча на самой справе, каб ён не заняў гэтую пасаду.

Сёньня ёсьць вельмі вялікі нэгатыўны рэйтынг у Юліі Цімашэнкі, а ў Пятра Парашэнкі нэгатыўны рэйтынг не такі вялікі. Па-другое, а хто яшчэ, калі не Парашэнка? Фактычна зараз два лідэры выбарчай гонкі. Гэта, умоўна кажучы, «аранжавыя» палітыкі, якія ў 2004 годзе былі разам зь Юшчанкам – Юлія Цімашэнка і Пятро Парашэнка. Парашэнка, у адрозьненьне ад Цімашэнкі, стаяў на Эўрамайдане, хаця і не ўваходзіў у тройку лідэраў, але паказаў сваю прысутнасьць у тым ліку і падчас бойкі каля адміністрацыі прэзыдэнта 1 сьнежня мінулага году.

Ён там спрабаваў спыніць пратэстоўцаў, дарэчы, вельмі няўдала. Гэта быў адзіны алігарх, які стаяў на Майдане. Усе іншыя альбо маўчалі альбо падтрымлівалі Януковіча. На другім месцы зараз Юлія Цімашэнка. На трэцім хутчэй за ўсё будзе Сяргей Цігіпка, які заняў 3 месца на папярэдніх выбарах, пасьля Януковіча і Цімашэнкі. На 4-м месцы прадстаўнік Партыі рэгіёнаў, цяпер ужо афіцыйны – Міхаіл Добкін. Фактычна 2 «аранжавых» і 2 «рэгіяналы». І вось у такіх умовах украінскаму выбаршчыку фактычна няма з чаго выбіраць. Таму Парашэнка ідзе наперадзе.

Дракахруст: Андрэй, як вы адказваеце на гэтае пытаньне?

Дынько: Памятаеце апошнія беларускія выбары? Тады сярод дзясятка разнастайных прэзыдэнцкіх кандыдатаў, якія супрацьстаялі Аляксандру Лукашэнку, выразным лідэрам стаў Андрэй Саньнікаў. Ён набраў нашмат больш галасоў, чым іншыя апазыцыйныя кандыдаты. Я пытаўся ў сваіх бацькоў-пэнсіянэраў, чаму яны галасавалі за Саньнікава і ў адказ пачуў, што ён мае вопыт дзяржаўнага кіраваньня. У Парашэнку людзі пабачылі таксама асобу, якая мае вопыт дзяржаўнага кіраваньня. Ён адпавядае пэўным украінскім архетыпам і таксама адпавядае архетыпу моцнага гаспадарніка, які зможа вывесьці краіну з зацяжнога эканамічнага крызысу. Гэта першы аргумэнт.

Чаму да Парашэнкі сталі дадавацца іншыя выбаршчыкі? Таму што стала відавочна, што Парашэнка – лідэр, ён апярэджвае па сваім рэйтынгу іншых кандыдатаў. І моцным жэстам было тое, што Клічко зьняў сваю кандыдатуру на карысьць Парашэнкі і аб’яднаўся зь ім, прадэманстраваўшы высокую ступень палітычнай сьпеласьці. Дадаліся да Парашэнкі яшчэ і тыя выбаршчыкі, якія галасуюць на гэтых выбарах, зыходзячы з сытуацыі неабвешчанай вайны, якую вядзе Расея з Украінай. Я ўчора гаварыў з аўтарам «Нашай Нівы» з Кіеву Васілём Бабічам, які раней галасаваў за партыю «Свабода», а цяпер ён будзе галасаваць за Парашэнку. На маё пытаньне «Чаму?», ён адказаў, што хоча, каб пераможца выбараў вызначыўся ў першым туры. Паводле яго Ўкраіна ня можа чакаць яшчэ 2 тыдні, пакуль зьявіцца прэзыдэнт.

Дракахруст: Спадар Бандарэнка, які ваш адказ? Калі ўзяць рэтраспэктыву, то нават у 1998 годзе, калі Леанід Кучма змагаўся зь Пятром Сіманенкам, лідэрам кампартыі, прадстаўніком дастаткова адыёзнай для Ўкраіны палітычнай сілы, разрыў ня быў такім велізарным. А чаму ён зараз такі? Выбары праз тыдзень, але выглядае, што яны ўжо вырашаныя.

Бандарэнка: Я б не сказаў, што выбары вырашаныя. Сацыялёгія, якую мы зараз бачым ва Ўкраіне, мае шмат мінусаў. Мэтодыка сацыялягічных дасьледаваньняў дае вялікія памылкі. Можна казаць пра тэндэнцыю: паводле рэйтынгу Парашэнка – першы, Цімашэнка – другая. Што тычыцца рэальнага разрыву, шанцаў Парашэнкі выйграць у першым туры – гэта застаецца даволі сумнеўным.

Сацыёлягі гавораць, што 60-65% рэспандэнтаў катэгарычна адмаўляюцца адказваць на пытаньні. Гэта дае вялікую памылку. Другі момант – шэраг сацыялягічных дасьледаваньняў маюць выразна замоўны характар. Іх вынікі абнародуюцца ў той момант, калі іх публікацыя забароненая законам. Паводле ўкраінскага закону забаронена публікаваць вынікі апытаньняў пазьней, чым за два тыдні да выбараў. Але сацыялягічныя фірмы гэты закон парушаюць.

Што да Пятра Парашэнкі, то ён сёньня сапраўды ўспрымаецца як палітык, які зрабіў вялікі бізнэс, які здолеў наладзіць працу свайго прадпрыемства. Шмат хто чакае, што як ён зрабіў прарыў у сваім бізнэсе, ён зможа зрабіць прарыў на ўзроўні ўсёй дзяржавы. Парашэнка ўспрымаецца, як сымбаль стабілізацыі, якой так хочацца сёньня людзям.

Па-трэцяе, Парашэнка – папулярны, але не харызматычны лідэр. Яшчэ ў лістападзе летась яго рэйтынг складаў 1.7%. У сьнежні ён быў ужо 5%, і з таго часу працягваецца рост яго рэйтынгу. Рост вельмі імклівы. Як правіла, калі ў палітыка вельмі імклівы рост рэйтынгу, то адбываецца і хуткае расчараваньне ў ім.

Я думаю, што за паўгода будзе шмат тых, хто расчаруецца ў Парашэнку, і гэта будзе нармальна.

Я б не скідаў з рахункаў Юлію Цімашэнку, бо яна можа абысьці Парашэнку ў другім туры, калі ён адбудзецца. Аналіз магчымага перацяканьня галасоў кандыдатаў, рэгіянальныя электаральныя густы пакуль не дазваляюць сказаць пра адзінага фаварыта выбараў.

«Паходня» Юшчанкі ці паходня свабоды для Беларусі


Дракахруст: Як паўплываюць выбары ва Ўкраіне на стасункі Кіеву зь Менскам і шырэй – на Беларусь? Лукашэнка вось сустракаўся з Турчынавым, якога ў Крамлі інакш як «главарём хунты» не называюць. Памятаецца, што дэмакрат Юшчанка быў хіба ня самым зацятым адвакатам афіцыйнага Менску на міжнароднай арэне. Новы прэзыдэнт Украіны працягне гэтую традыцыю? Ці, як пра тое гаварылася пасьля перамогі Эўрамайдану, будзе несьці паходню свабоды братняму беларускаму народу, які пакутуе пад дыктатурай?

Дынько: Пры Юшчанку адносіны паміж Украінай і Беларусьсю былі някепскімі і асабістыя адносіны паміж Юшчанкам і Лукашэнкам былі добрыя. Я зараз купіў кнігу ўспамінаў Віктара Юшчанкі і там, сярод іншага, ён узгадвае, што вельмі добра ладзіў з былым прэзыдэнтам Польшчы Лехам Качынскім і адзінае пытаньне, у якім яны разыходзіліся, было пытаньне пра Беларусь. Я думаю, што вынік выбараў ужо ясны. Парашэнка будзе прэзыдэнтам Украіны, незалежна ад таго, колькі тураў давядзецца прайсьці падчас выбараў. У другі тур можа выйсьці Цігіпка, а не Цімашэнка за кошт галасоў рускамоўнага Ўсходу, які пакуль што маўчыць.

Адносіны Парашэнкі з Беларусьсю будуць падобныя на адносіны Ўкраіны з нашай краінай падчас кіраваньня Юшчанкі. Парашэнка быў у Беларусі, калі зьяўляўся міністрам замежных справаў. У яго былі і бізнэс-інтарэсы ў Беларусі. І Лукашэнку будзе прасьцей з Парашэнкам, чым з Турчынавым нават. Парашэнка – моцны палітык і прамоўца, у адрозьненьне ад цяперашніх часовых кіраўнікоў Украіны. У гэтай сытуацыі няма падставаў чакаць, што Парашэнкам будзе зроблена нейкая памылка, якая паставіць пад пагрозу адносіны Беларусі і Ўкраіны.

Тое, што Лукашэнка заняў нэўтральную пазыцыю, што ён ня раз выказваўся ў падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасьці і адзінства Ўкраіны, супраць фэдэралізацыі і ў падтрымку часовай улады ва Ўкраіне, заклікаючы ўкраінцаў аб’яднацца вакол той улады, якая ёсьць – тлумачыцца доўгатэрміновымі стратэгічнымі інтарэсамі Беларусі. І выбары нічога ў гэтых інтарэсах ня зьменяць.

Дракахруст: Юры, які ваш прагноз? Ёсьць жа пазыцыя Эўразьвязу – Беларусь пад санкцыямі. Дык усё ж такі будзе працягвацца лінія Юшчанкі ці новы прэзыдэнт панясе ў Беларусь паходню свабоды?

Сьвірко: Я б сказаў, што гэта будзе працягвацца «паходня» Юшчанкі. У першыя гады свайго прэзыдэнцтва Юшчанка езьдзіў у Вашынгтон, выступаў там і падпісваў дакумэнты пра тое, што ён будзе прасоўваць дэмакратыю ў Беларусь і на Кубу. На жаль, гэтага не адбылося, але пасябраваў ён з Лукашэнкам насамрэч напрыканцы свайго прэзыдэнцтва. Тут будзе крыху іншае. Парашэнка будзе кіравацца камэрцыйнымі інтарэсамі Ўкраіны.

Былі часы ў першыя гады праўленьня Юшчанкі, калі Ўкраіна аўтаматычна далучалася да ўсіх санкцыяў ЭЗ, падтрымлівала ўсе заявы супраць Беларусі, але потым гэта спынілася і Ўкраіна перастала быць такой «эўразьвязаўскай» краінай. І яна ня будзе чальцом Эўразьвязу ў бліжэйшыя гады, наколькі я разумею. Таму адносіны будуць эканамічныя, палітычныя будуць зьведзеныя да мінімуму, бо Парашэнку будзе хапаць унутраных праблемаў і ніякім пасярэднікам ён ня будзе.

Дракахурст: Спадар Бандарэнка, як мы памятаем, Эўрамайдан паўстаў за эўрапейскі выбар. І зараз Украіна шчыльна інтэгруецца з Эўропай, падпісаная палітычная частка пагадненьня аб асацыяцыі, на чарзе і эканамічная. Але Эўропа – гэта пэўны выбар каштоўнасьцяў. Вось Эўропа трымае Беларусь пад санкцыямі, але калі б не трымала, то, магчыма, мела б нейкія выгады. Але яна датрымліваецца пэўных прынцыпаў. Новы прэзыдэнт ня будзе іх датрымлівацца? Ці не да таго будзе?

Бандарэнка: Я мяркую, што шмат што тут будзе вызначацца эканамічнай мэтазгоднасьцю. Украіна выдатна разумее, што Беларусь ёсьць найперш яе эканамічным партнэрам, і эканамічныя адносіны шмат што вызначаюць у нашых стасунках. Ёсьць і гістарычныя стасункі, і палітычныя. Часта Аляксандар Лукашэнка выкарыстоўвае ўкраінскі фактар у зьнешняй палітыцы. Але Ўкраіна вельмі цэніць тыя сыгналы, якія ідуць зь Беларусі, напрыклад, неўмяшаньне ў вайсковы канфлікт на баку Расеі. Таму я думаю, што Ўкраіна будзе весьці вельмі ўзважаную гульню адносна Беларусі.

Што зьменяць выбары ва Ўкраіне?


Дракахруст: Наколькі вялікіх зьменаў можна чакаць ва ўкраінскай палітыцы пасьля прэзыдэнцкіх выбараў? Тады Маскве і сэпаратыстам будзе прынамсі цяжэй не прызнаваць украінскую ўладу, выбарчыя чыньнікі ня будуць уплываць на лёгіку вырашэньня пытаньня з Данбасам. Зь іншага боку, Украіна абірае прэзыдэнта не з такім аб'ёмам паўнамоцтваў, як быў у Януковіча, і тым больш не з такім, як у Лукашэнкі ці Пуціна. З трэцяга боку, калі прэзыдэнтам стане ня Юлія Цімашэнка, то можна чакаць палітычнага напружаньня паміж кіраўніком дзяржавы са «сьвежай» электаральнай легітымнасьцю і аднапартыйцамі Цімашэнкі – прэм'ерам і сьпікерам парлямэнту, чыя легітымнасьць мае да пэўнай ступені рэвалюцыйны характар. Дык якой будзе роўнадзейная гэтых фактараў?

Бандарэнка: Я думаю, што ва Ўкраіне нарэшце настане канец той нелегітымнасьці, якую мы бачылі на працягу некалькіх апошніх месяцаў. У нас шмат працэсаў выйшлі зь легітымнага рэчышча і трэба іх вяртаць у рэчышча законнасьці і легітымнасьці.

Калі казаць, якім будзе новы прэзыдэнт і якімі будуць яго стасункі зь іншымі галінамі ўлады, то я мяркую, што шмат што будзе залежаць ад новай Канстытуцыі. Мы чакаем, што ў бліжэйшы час будзе прадстаўлены праект Канстытуцыі, які да восені мог бы быць прыняты Вярхоўнай Радай. Менавіта гэты асноўны закон будзе вызначаць паўнамоцтвы прэзыдэнта і яго стасункі зь іншымі органамі ўлады. А што тычыцца асноўных пытаньняў, якія хвалююць грамадзянаў, то яны спадзяюцца на тое, што новы прэзыдэнт і шырэй – новая ўлада, якая будзе сфармаваная ва Ўкраіне, зможа вывесьці краіну з эканамічнага крызісу і даць магчымасьць разьвіцьця сацыяльных адносінаў. Будзем спадзявацца, што новы прэзыдэнт здолее гэта зрабіць.

Дракахруст: Андрэй, ваш прагноз, што здолее зрабіць новы прэзыдэнт, кім бы ён ні быў?

Дынько: На чале Ўкраіны стане чалавек, які ўмее гаварыць. Гэта вельмі важна. Зараз мы мелі сытуацыю, калі часовымі кіраўнікамі былі асобы другога эшалёну, яны ня мелі такой здольнасьці прамоўцаў. І, акрамя гэтага, новы прэзыдэнт замкне на сябе ланцужок прыняцьця рашэньняў. З кім дагэтуль тут было гаварыць? З Турчынавым, зь Яцанюком, зь Цімашэнкай, якая раней была начальніцай Турчынава? А тут будзе сыстэма прыняцьця рашэньняў.

Украінцы змогуць нашмат больш рашуча дзейнічаць супраць тэрарыстаў. Да выбараў антытэрарыстычная апэрацыя праходзіла абмежавана, каб ня даць падставы для зрыву гэтых выбараў. Самае галоўнае, што тут чакаюць людзі – гэта каб улада навяла парадак, каб тэрарысты былі ліквідаваныя і перастала ліцца кроў.

Дракахруст: Юры, які ваш прагноз, асабліва наконт той тэмы, якую зараз закрануў Андрэй? Зразумела, што апэрацыя зможа стаць больш інтэнсіўная, але ў выніку можа праліцца больш крыві.

Сьвірко: Ня думаю, што крыві пральецца больш і што апэрацыя будзе больш інтэнсіўная. Я думаю, што напэўна будзе замірэньне і нават паўзучая фэдэралізацыя, пра якую шмат кажуць. Вяртаючыся да таго, пра што казаў спадар Дынько, што новыя кіраўнікі будуць умець размаўляць, то цікава, што Парашэнка ўмее размаўляць свабодна па-ангельску. І тое самае будзе рабіць прэм’ер-міністар Яцанюк. Які ім і застанецца, як ужо гарантаваў Пятро Парашэнка.

Насамрэч галоўнае, што адбудзецца пасьля выбараў – гэта роспуск Вярхоўнай Рады, што адбудзецца вельмі хутка, каб новае кіраўніцтва краіны хутчэй пазбавілася ад камуністаў і рэгіяналаў. І будзе зьмена Канстытуцыі. Я хачу таксама нагадаць, што цяпер прэзыдэнта абіраюць з тымі самымі паўнамоцтвамі, што былі і ў 2010 годзе, калі абіралі Януковіча. Тады Юлія Цімашэнка прайграла – гэта адзін з чыньнікаў, чаму яна можа прайграць і сёньня. Таму што фактар той паразы будзе дзейнічаць.

Юлія Цімашэнка таксама зацікаўленая абрацца ў Вярхоўную Раду, зараз яна фармальна ніхто, нават не дэпутат парлямэнту. Турчынаў наўрад ці застанецца сьпікерам. Таму нас чакае ва Ўкраіне перафарматаваньне ўлады, новы прэзыдэнт і, безумоўна, новы парлямэнт, які будзе прымаць новую Канстытуцыю, дзе будуць зафіксаваныя зусім іншыя прэзыдэнцкія паўнамоцтвы. Хутчэй за ўсё Ўкраіна, як яна ўжо ня раз рабіла, пад гэтыя новыя паўнамоцтвы захавае таго прэзыдэнта, якога абярэ зараз. Што вырашыць народ з Канстытуцыяй, што вырашыць Вярхоўная Рада з Канстытуцыяй – гэта пакажа час.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG