Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскія эканамісты: Сёлета эканамічны рост у Беларусі спыніцца


Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця (ЭБРР) лічыць, што крызыс ва Ўкраіне адмоўна ўплывае ня толькі на эканомікі Ўкраіны і Расеі, але і на большую частку Ўсходняй Эўропы і Каўказу.

Эканамісты ЭБРР, якія 14 траўня сабраліся на двухдзённае пасяджэньне ў Варшаве, прагназуюць, што Ўкраіна сёлета сасьлізьне ў глыбокую рэцэсію і што санкцыі супраць Масквы за яе ролю ва ўкраінскім крызысе выклічуць эканамічную стагнацыю ў Расеі.

Але ЭБРР таксама паніжае свае ранейшыя прагнозы росту для эканомік Беларусі, Малдовы, Армэніі, Азэрбайджану і Грузіі. Падзеньне эканамічнага росту ва Ўсходняй Эўропе мае адбыцца перш за ўсё таму, што геапалітычная сытуацыя робіць замежныя інвэстыцыі ў рэгіёне больш рызыкоўнымі ды памяншае попыт на экспарт.

У Беларусі ЭБРР пераглядае свой папярэдні прагноз эканамічнага росту з 0,5% да нуля.

Эканамічны рост у Малдове летась дасягнуў 8,9%. Сёлета, паводле прагнозу, ён замарудзіцца да 2%.

Экспэрты ЭБРР таксама прагназуюць, што эканамічны рост у Армэніі панізіцца з 3,5% у 2013 годзе да 3% у 2014; у Азэрбайджане — з 5,8% да 3,5%.

У Грузіі, нягледзячы на чаканы рост аб’ёмаў экспарту ад падпісаньня Пагадненьня аб асацыяцыі з Эўразьвязам у чэрвені, прагноз росту быў паніжаны да 4% у 2014 і 2015 гадах у сувязі са зьніжэньнем рэгіянальнага экспартнага попыту.

Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця быў заснаваны ў 1990 годзе, каб дапамагчы краінам былога савецкага блёку ажыцьцявіць пераход да свабоднай рынкавай эканомікі і дэмакратыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG