Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінцы разьлюбілі Пуціна, але не расейцаў


Больш за палову ўкраінцаў лічаць, што цяпер паміж Украінай і Расеяй ідзе вайна, а расейскую палітыку ў дачыненьні Ўкраіны расцэньваюць як відавочна непрыязную.

Пра гэта сьведчаць зьвесткі сацыялягічнага дасьледаваньня, праведзенага ва ўсіх рэгіёнах Украіны, за выключэньнем Крыма, у канцы красавіка. І ў той жа час, нягледзячы на ўсе непаразуменьні ў міждзяржаўных адносінах, большасьць ўкраінцаў працягваюць лічыць расейцаў братнім і сяброўскім народам.

Паводле дадзеных сацыялягічнага апытаньня, праведзенага 25-29 красавіка цэнтрам імя Разумкова ва ўсіх рэгіёнах Украіны, акрамя Крыму, 62 % украінцаў лічаць расейцаў брацкім народам. І толькі 28% прытрымліваюцца процілеглага меркаваньня. Акрамя таго, для 68,1 % апытаных расейцы зьяўляюцца прыязным народам, і толькі 22,8 % так ня лічаць.

Украінцы лічаць, што супраць іх ваюе Крэмль. Яны больш крытычна ацэньваюць палітыку Масквы ў дачыненьні Кіева — 56,5% рэспандэнтаў лічаць яе «відавочна непрыязнай». На думку 56,4% апытаных, цяпер паміж Украінай і Расеяй фактычна ідзе вайна, процілеглага пункту гледжаньня прытрымліваюцца толькі 28,5%. Такое меркаваньне пераважае ў заходнім, паўднёвым і ўсходнім рэгіёнах, а на ўсходзе меркаваньні падзяліліся напалову. Сярод тых, хто лічыць, што Ўкраіна і Расея фактычна знаходзяцца ў стане вайны, 77,1% ускладаюць віну ў гэтым на Расею, і толькі 4,5% — на Ўкраіну, 14,5 % — на абедзьве краіны. Такая думка пануе ва ўсіх рэгіёнах Украіны.

«Да Расеі як дзяржавы стаўленьне зьмянілася вельмі моцна. Калі ў верасьні мінулага году больш за палову ўкраінцаў станоўча ставіліся да прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна, то цяпер больш за тры чвэрці да яго ставяцца нэгатыўна», — адзначае кіраўнік сацыялягічнай службы Цэнтра імя Разумкова Андрэй Бычэнка.

Нягледзячы на тое, што большасьць расейцаў ухваляюць палітыку свайго прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна, большасьць ўкраінцаў падзяляюць расейскі народ і расейскую ўладу. Сацыяльны псыхоляг Віктар Пушкар лічыць такое стаўленьне апраўданым:

«Насельніцтва Расеі даволі неаднастайнае. Ёсьць, да прыкладу, дасьледаваньні расейскіх сацыёлягаў, якія спачатку зафіксавалі эўфарыю ад далучэньня Крыму, але наступная хваля таго ж дасьледаваньня зафіксавала скептычнае стаўленьне да далейшага лёсу гэтых заваёваў».

На думку экспэртаў, такія настроі даюць падставы лічыць, што ў выпадку зьмены ўлады ў Крамлі, Украіна і Расея змогуць хутка аднавіць сяброўскія адносіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG