Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аналітык: Расея зьдзіўленая ўзроўнем супраціву, які аказваюць украінскія вайскоўцы


Амэрыканскі экспэрт Найл Гардынэр лічыць, што Расея спрабуе справакаваць грамадзянскую вайну на ўсходзе Ўкраіны. На думку камандуючага сіламі НАТО генэрала Філіпа Брыдлаў, расейская армія, хутчэй за ўсё, не перасячэ межаў Украіны.

Сутыкненьні ў Адэсе, як і падзеі ў іншых гарадах на ўсходзе і поўдні Ўкраіны, могуць справакаваць новыя амэрыканскія санкцыі. Пра гэта ў панядзелак заявіў прэс-сакратар Белага дому. Прадстаўнік дзярждэпартамэнту абвінаваціў Расею ў датычнасьці да арганізацыі сэпаратысцкіх выступленьняў на ўсходзе Ўкраіны і заклікаў Маскву спрыяць урэгуляваньню крызысу.

У панядзелак падчас брыфінгу ў Белым доме адным зь першых пытаньняў, зададзеных Джэю Карні, прэс-сакратару прэзыдэнта Абамы, было пытаньне аб тым, ці зьмянілі падзеі ў Адэсе пляны Белага дому адносна ўвядзеньня новых мер супраць Масквы, бо Вашынгтон у мінулым паўтараў, што нагнятаньне крызысу ва Ўкраіне справакуе новыя санкцыі. Карні ўхіліўся ад прамога адказу, заявіўшы, што гэтыя падзеі падкрэсьлілі неабходнасьць неадкладнага зьніжэньня напружанасьці на ўсходзе краіны. Ён назваў «вельмі, вельмі сур’ёзнымі» акцыі Расеі па дэстабілізацыі Ўкраіны і заявіў, што ЗША неаднаразова заклікалі расійскіх лідэраў ужыць свой уплыў з мэтай раззбраеньня прарасейскіх баевікоў і вызваленьня захопленых імі будынкаў.

На наўпроставае пытаньне, ці разглядае адміністрацыя Абамы ўвядзеньне новых санкцый да прэзыдэнцкіх выбараў 25 траўня ў якасьці адказу на эскаляцыю гвалту ва Ўкраіне, Джэй Карні адказаў, што такая магчымасьць існуе. Але ён тут жа агаварыўся, што ня мае намеру прадказваць, калі могуць зьявіцца новыя санкцыі, або якія дзеяньні могуць іх справакаваць.

Вось што кажа ў інтэрвію тэлекампаніі Foxnews Найл Гардынэр, аналітык вашынгтонскага дасьледчага фонду «Спадчына»:

— Без сумневу, расейцы спрабуюць справакаваць грамадзянскую вайну на ўсходзе Ўкраіны. Але, на мой погляд, яны былі зьдзіўленыя ўзроўнем супраціву, які аказваюць украінскія вайскоўцы. Цяпер зусім ясна, што ім ня ўдасца зь лёгкасьцю паўтарыць сцэнар, ажыцьцёўлены імі ў Крыме. Таму яны падтрымліваюць банды баявікоў, якія спрабуюць тэрарызаваць украінскія гарады і ўяўляюць сабой ні што іншае як тэрарыстычныя групоўкі. Іх так кваліфікуюць украінскія ўлады, і я з гэтым цалкам згодны. На мой погляд, тое, што адбываецца ва Ўкраіне, зьяўляецца найважнейшым выпрабаваньнем ня толькі для Ўкраіны, але і для НАТО, для трансатлянтычнай супольнасьці ў цэлым. Для нас усіх вельмі важна тое, што адбываецца там.

Без сумневу, расейцы спрабуюць справакаваць грамадзянскую вайну на ўсходзе Ўкраіны
У панядзелак камандуючы сіламі НАТО генэрал Філіп Брыдлаў падчас візыту ў Канаду зрабіў нечаканую заяву. Ён сказаў, што, на яго думку, расейская армія, хутчэй за ўсё, не перасячэ межаў Украіны, і Масква паспрабуе дасягнуць сваіх мэтаў ва Ўкраіне з дапамогай падрыўных акцый, падтрымкі сэпаратыстаў, нагнятаньня напружанасьці на тэрыторыі сумежнай дзяржавы. Генэрал прызнаў, што толькі тыдзень таму ён думаў, што Расея пойдзе на прамое ўварваньне ва Ўкраіну з мэтай адрэзаць частку тэрыторыі на поўдні краіны і забясьпечыць сухапутную сувязь з Крымам. Цяпер жа генэрал лічыць, што Масква зрабіла стаўку на іншыя мэтады кантролю над Украінай. Яго суразмоўца, прэм’ер-міністар Канады Стывен Харпэр назваў украінскую стратэгію Масквы «ўварваньнем запаволенага дзеяньня».

Як кажа суразмоўца Радыё Свабода Стывен Бланк, амэрыканскі ваенны экспэрт, супрацоўнік Амэрыканскага савету па зьнешняй палітыцы, Уладзімер Пуцін, хутчэй за ўсё, ня можа дазволіць сабе ўварваньне ва Ўкраіну:

— Я ніколі ўсур’ёз ня верыў у тое, што яны нападуць на Ўкраіну. Па-першае, таму што ў такім выпадку саюз НАТО будзе вымушаны распачаць сур’ёзныя контрзахады. Па-другое, таму што гэта будзе азначаць пачатак рэальнай вайны, украінцы будуць супраціўляцца, па-трэцяе, у Пуціна няма ні сродкаў, ні сіл, каб весьці такую кампанію. Таму яго стаўка на «асымэтрычныя» меры ўзьдзеяньня на Ўкраіну выглядае натуральнай. Я падазраю, што яго мэта — ператварыць Украіну ва ўзор «недзеяздольнай дзяржавы» шляхам розных падрыўных апэрацый. А затым можна выказаць здагадку, што Масква паспрабуе зьвярнуцца да іншых мэтадаў уварваньня: напрыклад, правядзеньня, скажам, «міратворчай апэрацыі» пад выглядам абароны рускамоўнага насельніцтва. Такі сцэнар выглядае ўсё больш верагодным, калі, вядома, падзеі на ўсходзе Ўкраіне насамрэч ня выйшлі з-пад кантролю Пуціна, у што я ня веру.
Украінскі ўрад выглядае слабым, у яго відавочна недастаткова рэсурсаў, таму сытуацыя можа разьвівацца па любым сцэнары


Ваша адчуваньне: ці ўдасца Кіеву ўтрымаць кантроль над усходнімі і паўднёвымі абласьцямі?

— Я думаю, так, калі не адбудзецца прамога ўварваньня расейскай арміі, хоць у дадзенай сытуацыі немагчыма зрабіць абгрунтаваны прагноз. Становішча ў краіне вельмі гарачае, украінскі ўрад выглядае слабым, у яго відавочна недастаткова рэсурсаў, таму сытуацыя можа разьвівацца па любым сцэнары. Найгоршыя зь іх — расейскае ўварваньне і грамадзянская вайна. Хочацца верыць, што з дапамогай захаду Ўкраіне ўдасца захаваць гэтыя тэрыторыі. Але задача вельмі цяжкая. Бо ў дадатак да арганізаваных намаганьняў па расчляненьні краіны з боку Расеі, ва Ўкраіне, па сутнасьці, за ўвесь час незалежнасьці не было нармальнага кіраўніцтва, якое б падрыхтавала яе да падобных выпрабаваньняў. Алігархі пазбавілі яе палітычнага кіраўніцтва, і яны ўсё яшчэ спрабуюць утрымацца ва ўладзе.

Як лічыць Стывен Бланк, у адміністрацыі Абамы няма асаблівага жаданьня зьвяртацца да новых санкцыяў супраць Расеі, таму завяршэньне ўкраінскага крызысу будзе шмат у чым залежаць ад здольнасьці Кіева абараніць сябе ад падрыўных апэрацый Расеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG