Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На хвалі Свабоды: Год 1994


Гістарычны цыкль паводле сэрыі перадачаў "На хвалі Свабоды", прысьвечаных 50-годзьдзю Беларускай Службы Радыё Свабода, якія гучалі на нашых хвалях у 2003-2004 гадах.

1994 год. Пад уплывам крывавых падзеяў на Балканах адбываецца чарговае пашырэньне Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа — у студзені пачынаецца вяшчаньне на краіны былой Югаславіі — Сэрбію, Чарнагорыю, Босьнію і Харватыю. Паўдзённаславянская рэдакцыя Радыё Свабодная Эўропа адыгрывае важную ролю ў інфармаваньні насельніцтва ахопленых вайною краінаў ва ўмовах мясцовай інфармацыйнай блякады.

Улетку 1994 году Біл Клінтан прымае прапанову прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Гаўла і чэскага ўраду аб пераезьдзе радыёстанцыі зь Мюнхэну ў пусты будынак фэдэральнага чэхаславацкага парлямэнту ў цэнтры Прагі. У жніўні амэрыканскі кангрэс зацьвярджае пастанову аб пераезьдзе, які будзе закончаны ў 1995 годзе.

У 1994 годзе амэрыканскі Кангрэс прымае Акт аб міжнародным радыёвяшчаньні, на падставе якога ўсе невайсковыя ўрадавыя службы міжнароднага вяшчаньня падпарадкоўваюцца адмыслова створанай Радзе Кіраўнікоў Радыёвяшчаньня.


***

Гістарычныя зьмены адбываюцца ў працы беларускай рэдакцыі Радыё Свабода. Пасьля некалькіх гадоў намаганьняў удаецца адчыніць бюро Радыё Свабода ў Менску. Сёньня ў гасьцях у нашай перадачы — першая кіраўніца менскага бюро нашага радыё, прэзыдэнт Беларускай Асацыяцыі Журналістаў Жана Літвіна. Яна прыгадвае тыя часы, тыя ўмовы, пры якіх было заснаванае бюро...


«Па-першае, самае, відаць, асноўнае і галоўнае. Для мяне Свабода — раней я выхоўвалася на ёй, я выхоўвалася на тых галасах, якія гучалі ў эфіры. І першая сустрэча, першыя знаёмствы з Ларысай Верас — яна тады была гаспадыняй бюро, яе камандзіравалі зь Мюнхэну сюды ў Менск, і маё ўваходжаньне на Радыё Свабода было зьвязанае менавіта з гэтым чалавекам, чалавекам-легендай Радыё Свабода. І вось празь яе ўспрыманьне падзеяў, яе ўменьне распавесьці пра тое, што вакол нас адбываецца, для мяне прыйшло адчуваньне, што такое традыцыя свабоды слова на радыё. Самы яркі ўспамін таго часу: Лукашэнка ўжо ва ўладзе, ім ужо сказаныя словы пра тое, што журналісты вольныя, але калі пасьля пачынаюцца падзеі, якія ўжо цалкам не супадаюць з гэтай абвешчанай свабодай журналістаў. Я памятаю публікацыю ў „Народнай газэце“, яна была абсалютна нечаканай, пра тое, як Вячаслаў Францавіч Кебіч прадаў нашу Беларусь па вэксэлях. І памятаю, застаюцца літаральна хвіліны да эфіру, і трэба было змантажаваць стужку выступу Кебіча, таму што абсалютна было зразумела, што акрамя Радыё Свабода так імгненна даць магчымасьць чалавеку для рэакцыі на тое, што было надрукавана, магчымасьць выказацца — відаць, ні ў кога не было. І вось я памятаю свае хваляваньні, тыя хвіліны, якія застаюцца да пачатку эфіру, мантаж стужкі ўручную, мэханічны, у мяне рукі проста трасуцца ў поўным сэнсе слова. Побач усьведамленьне — яшчэ зусім некалькі месяцаў назад для мяне Вячаслаў Францавіч Кебіч быў самым асноўным ворагам свабоды слова, ворагам радыёстанцыі „Беларуская маладзёжная“, таму што ён спрычыніўся да закрыцьця рэдакцыі „Беларускай маладзёжнай“. І вось гэтае разуменьне, што трэба выдаць гэтую стужку — відаць, адсюль пачалося маё асабістае разуменьне, што такое свабода слова. Свабода не ад чагосьці, а ў імя чагосьці. У імя таго, каб у эфіры загучала праўда, каб даць чалавеку рэдкую магчымасьць выказацца, абараніцца, выказаць свой пункт гледжаньня».

Жана Літвіна працягне свае ўспаміны крыху пазьней, а зараз — аўтэнтычны эфір 1994 году. На пачатку таго году скончыла сваю працу камісія ў справе рэформы беларускага правапісу. Выніковы дакумэнт камісіі камэнтаваў на нашых хвалях Вінцук Вячорка...
Наўпроставы лінк


***
Год 1994 у сьвеце

Палітыка

Цяжкая артылерыя сэрбаў абстрэльвае Сараева. — Падчас крывавай разьні ў Руандзе гінуць тысячы людзей. — Басьнійскія харваты і мусульмане падпісваюць пагадненьне аб стварэньні фэдэрацыйнай дзяржавы. — У Паўдзённай Афрыцы адбываюцца першыя міжрасавыя выбары, прэзыдэнтам становіцца Нэльсан Мандэла. — Ізраіль падпісвае пагадненьне з палестынцамі. — Ірляндзкая рэспубліканская армія абвяшчае спыненьне агню ў Паўночнай Ірляндыі. — ЗША пасылаюць вайсковы кантынгент у Пэрсыдзкую Затоку. — Расея пачынае вайну з Чачэнскай Рэспублікай.

Навука i тэхналёгія

У Інтэрнэце масава зьяўляюцца камэрцыйныя сайты. — Амэрыканскі доктар Нэд Фэрст праводзіць пасьпяховае клянаваньне эмбрыёна каровы. — Кампанія Эпл стварае каляровы фотаапарат, здымкі зь якога можа загружаць у кампутар. — Пад ЛяМаншам адкрываецца тунэль, які злучае Францыю зь Вялікай Брытаніяй.

Літаратура

Нобэлеўская прэмія прысуджаная японскаму пісьменьніку Кэндзабура Оэ.

У 1994 годзе памірае драматург Эжэн Ёнэско, былы прэзыдэнт Рычард Ніксан, карэйскі дыктатар Кім Ір Сэн, актор Бэрт Ланкастэр.

Паводле стану на 14 гадзінаў 9 верасьня 1994 году колькасьць жыхароў Зямлі складала 5 мільярдаў 681 мільён 584 тысячы 670 чалавек.

Песьня году: Cranberries / Zombie.

***

А зараз зноў зьвернемся да ўспамінаў. Жана Літвіна прыгадвае пра спэцыфіку працы журналістаў Свабоды ў першыя часы існаваньня менскага бюро...

«Яшчэ я памятаю, нават пасьля рэспубліканскага радыё, дзе былі тэхнічныя службы, якія займаліся апрацоўкай стужкі, падрыхтоўкай да эфіру — усё гэта рабілася вельмі прымітыўным спосабам у нашым бюро. Але гэтая магчымасьць мантажаваць стужку, працаваць са стужкай, дала яшчэ і эфэкт прысутнасьці — на нашых вуліцах, на нашых плошчах. Таму што тады — мы яшчэ самі нават да канца не разумелі, што адыходзіць пэрыяд „рэнэсансу“, росквіту, энэргетыкі, змаганьня людзей за будучыню Беларусі. Я памятаю сваіх калегаў, якія вярталіся ў бюро пасьля чарговай дэманстрацыі, разгону дэманстрацыяў, памятаю кроў Эдуарда Тарлецкага — у поўным сэнсе слова — на дыктафоне, на руках, на яго вопратцы. Такімі журналісты вярталіся ў бюро. Але гэта быў неверагодны, прыгожы, зорны час. Нам самае галоўнае — хацелася данесьці да слухача кожную падзею, кожны голас, кожнае выказваньне людзей. І яшчэ адзін момант — тады прыходзілі журналісты, і адразу некалькі яркіх асобаў зьявілася на Радыё Свабода, журналісты, якія раней працавалі на рэспубліканскім радыё. І я думаю, што кожны зь іх прыходзіў на Свабоду і адчуваў, што такое разьняволеньне духу, таму што нават пры той дэмакратыі, якая існавала на дзяржаўным радыё, усё роўна за плячыма заўсёды стаяў цэнзар, які кантраляваў усё тое, што гавораць журналісты і пра што распавядаюць. А тут вось гэтая асалода таго, што над табой няма гэтага цэнзара, асалода ад свабоды думак — гэта таксама было вельмі прыемнае і ўражлівае».

Нагадаю, што сёньня пра пачаткі працы Менскага бюро Радыё Свабода згадвае яго першая кіраўніца Жана Літвіна. А зараз — зноў наш архіў. Гучыць фрагмэнт інтэрвію Галіны Айзэнштат з адным з кандыдатаў у прэзыдэнты падчас кульмінацыі выбарчай кампаніі.
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:57 0:00
Наўпроставы лінк


***
1994 ГОД У БЕЛАРУСІ

12 студзеня — На 1 гадзіну спыненая праца на 151 прадпрыемстве. Асноўныя патрабаваньні — зьмена сацыяльна-эканамічнай палітыкі, перавыбары Вярхоўнага Савету

15 студзеня — У Менск прыбыў зь візытам прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан

26 студзеня — Зьняты з пасады старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч. 28 студзеня кіраўніком парлямэнту абіраецца Мячыслаў Грыб

2 сакавіка — Вярхоўны Савет галасуе за прэзыдэнцкую форму кіраваньня краіны

15 сакавіка — прынятая Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Беларусь абвешчаная самастойнай унітарнай дэмакратычнай сацыяльнай дзяржавай

28 красавіка — упершыню абраны Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

23 чэрвеня — шэсьць кандыдатаў удзельнічаюць у першым туры прэзыдэнцкіх выбараў. Ніхто не набірае 50 працэнтаў галасоў

10 ліпеня — перамогшы ў другім туры Вячаслава Кебіча, прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь становіцца Аляксандар Лукашэнка

11 ліпеня — урад Кебіча падае ў адстаўку

21 ліпеня — Вярхоўны Савет зацьвярджае Міхаіла Чыгіра кіраўніком беларускага ўраду

20 жніўня — праведзеная дэнамінацыя беларускага рубля (10 рублёў сталі адпавядаць 1 рублю)

Лістапад — Беларусь далучылася да праграмы НАТО Партнэрства дзеля міру

***

Нагадаю, госьць нашай сёньняшняй перадачы — Жана Літвіна, якая ў 1994 годзе ўзначаліла новастворанае Менскае Бюро Радыё Свабода. За 10 гадоў існаваньня Бюро ў дачыненьнях журналістаў з найвышэйшым кіраўніцтвам краіны адбыліся істотныя перамены...
«Тады, відаць, мы ўсе дзесяць гадоў таму нават самі да канца не разумеючы, але былі сьведкамі -хаця яшчэ ў эфіры гучалі гарачыя дыскусіі, куды ісьці Беларусі — калі закладваўся падмурак сёньняшняй Беларусі, калі пачаў адбывацца адкат ад усіх заваёваў. Вось тады самыя першыя званочкі зьяўляліся ў нашым жыцьці. Хаця былі і па тых часах таксама рэчы, які на сёньняшні дзень нават неверагодна выглядаюць. Тады кіраўнікі нашай дзяржавы, чынавенства, не лічылі ганебным удзельнічаць у праграмах Радыё Свабода. Я памятаю інтэрвію, якія даваў Радыё Свабода нават такая асоба як Замяталін. Я памятаю адно зь першых інтэрвію ўжо ў якасьці прэзыдэнта Лукашэнкі ў эфіры Радыё Свабода. Тады яшчэ супрацьстаяньне ўлады, прэсы не было афарбаванае варожасьцю і бескампраміснасьцю, таму нават і людзі ад улады часам лічылі патрэбным выказвацца на Радыё Свабода. Памятаю вельмі добра і зьяўленьне на Радыё Свабода па тых часах сьпікера Мечыслава Іванавіча Грыба. Гэта было настолькі нечакана — нечаканым быў сам факт — тады ў сьпікера не было магчымасьці зьвярнуцца праз сродкі масавай інфармацыі да грамадзянаў сваёй краіны і запрасіць гэтых грамадзянаў на парлямэнцкія выбары. І сапраўды, тады яшчэ ў Мечыслава Іванавіча была ўся ўлада, і сутыкнуўшыся нават з гэтай сытуацыяй, калі ён ня можа выказацца нідзе, акрамя Радыё Свабода — тады гэта таксама і Мечыслава Іванавіча, і нас усіх не прымусіла сур’ёзна задумацца, куды мы рухаемся. Калі Грыб прыходзіў да нас на Радыё Свабода, яшчэ не было белых плямаў, яшчэ не было гэтых наступстваў, не было поўнай манапалізацыі сродкаў масавай інфармацыі. Але тады па першых падзеях можна было ўжо прадбачыць, чым гэта ўсё завершыцца і да чаго мы прыйдзем, можна было прадбачыць сёньняшнюю сытуацыю, калі нашы кіраўнікі дзяржавы, нашы чыноўнікі ператварыліся ў касту недатыкальных. Паўгода назад падпісаны ўказ № 300, па гэтым указе 56 нашых ведамстваў, міністэрстваў, установаў, дзяржаўных камітэтаў на сёньняшні дзень валодаюць правам надаваць статус дзяржаўнай сакрэтнасьці ўсёй інфармацыі пра сваю дзейнасьць. На сёньняшні дзень мы з гэтым сутыкнуліся і мы ў поўнай разгубленасьці, таму што па сутнасьці ня маем доступу да крыніцаў інфармацыі. Па тых часах сытуацыя ўсё ж такі была іншая — можна было дамагчыся выказваньняў міністра, доступу да нейкай інфармацыі — гэта ўсё тады яшчэ было для нас даступным і натуральным».

I на заканчэньне — зноў наш архіў. 11 ліпеня выйшла ў эфір праграма, прысьвечаная вынікам прэзыдэнцкіх выбараў. Зь першым камэнтаром гэтых вынікаў на нашых хвалях выступіў Віталь Цыганкоў.
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:44 0:00
Наўпроставы лінк
СЛУХАЦЬ УСЮ ПЕРАДАЧУ:
На жаль, гэтая опцыя пакуль што недаступная
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG