Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У захопнікаў ёсьць аўтаматычная і снайпэрская зброя, — спэцназавец пра апэрацыю ў Краматорску


У людзей, якія штурмавалі аэрадром у Краматорску, была аўтаматычная і снайпэрская зброя.

Як перадае карэспандэнт УНІАН, пра гэта журналістам на тэрыторыі вызваленага ад захопнікаў Краматорскага аэрадрому сказаў намесьнік камандзіра атраду адмысловага прызначэньня, які не назваў свайго імя.
«Падчас так званага штурму нашы снайпэры назіралі 6 чалавек з аўтаматамі АКСУ і аднаго са снайпэрскай вінтоўкай», — сказаў спэцназавец.

Ён таксама прадэманстраваў журналістам ручную гранату Ф-1, якую знайшлі на тэрыторыі аэрадрому пасьля яго вызваленьня ад захопнікаў.

Намесьнік камандзіра дадаў, што на тэрыторыі аэрадрому таксама была выяўленая вялікая колькасьць страляных гільзаў ад аўтаматычнай зброі. Ён таксама дадаў, што цяпер перад брамамі ваеннага аб’екту знаходзяцца некалькі дзясяткаў людзей.

Паводле спэцназаўца, вялікая частка зь іх знаходзяцца ў стане алькагольнага ап’яненьня. Цяпер яны распалілі перад брамамі аэрадрому вялікае вогнішча. Адтуль чуваць нецэнзурная лаянка ў бок вайскоўцаў і журналістаў.

У сваю чаргу камандзір вайсковай часткі, якая разьмешчана на тэрыторыі аэрадрому ў Краматорск, Віталь Піліпенка адзначыў, што людзі, якія сабраліся каля аэрадрому, ставяць «выразны ультыматум»: вайскоўцы або павінны перайсьці на іх бок, або павінны скласьці зброю і сысьці.

«Я папярэджваў гэтых людзей, калі яны паспрабуюць зайсьці на тэрыторыю аэрадрому, а гэта зьяўляецца тэрыторыя Міністэрства абароны, тэрыторыя, якая ахоўваецца, я буду ўжываць зброю ў адпаведнасьці са статутам унутранай службы Ўзброеных сіл Украіны», — сказаў Піліпенка.
Першы намесьнік старшыні СБУ кіраўнік Антытэрарыстычнага цэнтру Васіль Крутаў растлумачыў, што захопнікі аэрадрому ў Краматорску пакінулі тэрыторыю ваеннага аб’екту самастойна, калі ўбачылі, што на аэрадром высадзіліся 4 верталёты з украінскімі спэцназаўцамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG