Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іржавыя таксоўкі і страчаныя сотні тысячаў даляраў. Што зрабілі зь бізнэсам Аўтуховіча

абноўлена

8 красавіка пасьля пяці гадоў і двух месяцаў зьняволеньня ў Ваўкавыск вяртаецца Мікалай Аўтуховіч. Калісьці адзін з найбуйнейшых падаткаплатнікаў вобласьці, уладальнік таксапарку белых мэрсэдэсаў, кандыдат у дэпутаты і дабрачыньнік, Аўтуховіч калі-небудзь будзе ўпісаны ў падручнікі гісторыі і эканомікі як прыклад таго, як дзяржава душыла малы бізнэс.

«Мы страцілі ўсё. Пакінулі нам толькі тое, што па законе немагчыма ў чалавека адабраць, — кажа сябар, калега і адзін зь фігурантаў па справах Аўтуховіча Юры Лявонаў. — Будзеце доўга сьмяяцца, але мы яшчэ вінаватыя каля 150 тысяч даляраў. З чаго гэтыя грошы плаціць, я ня ведаю».

У Ваўкавыску, падаецца, зашмат цэркваў і зашмат таксі. «Шашачкі» стаяць на плошчы і на вакзале. Дзень суботні, але вольных машын хапае, і яны падоўгу ня рухаюцца зь месца.

«А з Аўтуховічам Мікалаем Мікалаевічам працаваў хто?» — мы падыходзім да купкі таксістаў на Ваўкавыскім вакзале, якія бавяць час за размовамі, цыгарэтамі і кавай з плястыкавых кубачкаў.

— Працавалі.
— А хто?
— А ўсе працавалі.


Аўтуховіч адкрыў сваё радыётаксі «Пяць двоек» у траўні 2002. Ідэю зрабіць таксапарк зь белых мэрсэдэсаў прывёз ад сябра зь Нямеччыны. Пачынаў зь пяці аўтамабіляў.

«Мы прэтэндавалі на званьне лепшага таксі ў Беларусі. Такіх машын больш ні ў кога няма. На кожнай — герб гораду, жоўтая палоска, як трэба, шашачкі, вялюравыя чахлы», — распавядаў сам Мікалай у інтэрвію «Камсамолцы».

«Я пры ім у белай кашулі працаваў, — кажа адзін з таксістаў. — А безь яго стала так, што ў машыну сядаеш — і рукі па локаць у мазуце. Якая тут праца?!»

Аляксандар Сезень, жыхар Ваўкавыску, пазнаёміўся з Аўтуховічам празь перапіску, калі апошні ўжо сядзеў за кратамі. Аляксандар расказвае, што гадоў дзесяць таму адправіў сваякам у Канаду набор паштовак зь відамі Ваўкавыску.

«Дык там было фота: на фоне вакзалу ў шэраг „двоечкі“ стаяць. Гэта брэнд усяго Ваўкавыску быў».

«А вы на базе былі? — пытаецца адзін з нашых таксістаў-суразмоўцаў. — Там яшчэ паўтары машыны засталося».
«Саня, цябе яшчэ не пасадзілі, як Аўтуховіча?»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:48 0:00

База


Мы на базе былі.

База абнесеная высокім бэтонным плотам. На вышцы шыльда «Radio Taxi» і тыя ж знакамітыя «Пяць двоек». Двор за брамай амаль пусты. Унутры фуры з польскімі нумарамі. Людзей не відаць.


Націскаем на кнопку званка, і брама адчыняецца як бы сама сабой.

Не магу назваць сябе сталай наведніцай аўтабаз, але гэтая на мяне робіць уражаньне даўно закінутай паркоўкі. Некаторыя дзьверы ў будынак, які раней быў «офісам», не замкнутыя. Памяшканьні выглядаюць так, нібыта апошнім у іх быў сам Аўтуховіч тых самых пяць гадоў таму.

Адзін пакой усё ж зачынены, і там праз шкло відаць стары тэлефонны апарат, газэту «Беларусь Сегодня», тэчкі, накладныя, маніторы, прынтар.
Уваход у офіс Аўтуховіча
Уваход у офіс Аўтуховіча



Два непапраўна пашкоджаныя белыя «мэрсы»-двоечкі кінутыя каля плота нядбайнымі гаспадарамі і самой сваёй наяўнасьцю замацоўваюць уражаньне суцэльнага занядбаньня.

Адсутнасьць людзей напружвае, і ўжо здаецца цалкам верагодным, што браму нам адчынілі ня проста так. На наш лямант брэхам рэагуюць два сабакі, прасоўваючы праз плот ня надта злосныя пысы. Там, за плотам — дом Аўтуховіча, які застаўся ў яго пасьля канфіскацыі. Жыць і працаваць Аўтуховіч хацеў у адным месцы. Кажуць, што цяпер там жыве ягоная жонка Лена. Кажуць, што туды вернецца Мікалай.
Дом Мікалая Аўтуховіча
Дом Мікалая Аўтуховіча


Урэшце з вышкі спускаецца маладзіца, якая шчыра зьдзіўленая, што нам штосьці ад яе трэба. Тлумачыць, што дырэктарка Людміла Парэнская будзе толькі ў панядзелак. Тое, што мы журналісты, яе відавочна хвалюе. Яна фатаграфуе нашу машыну, а ад’яжджаючы мы чуем, як яна камусьці тэлефануе, кажа: «Былі журналісты і пыталіся Асіпенку».

Асіпенка

Уладзімер Асіпенка
Уладзімер Асіпенка



«Аўтуховіч любіў машыны, глядзеў за імі, кіроўцаў падбіраў, — распавядаюць таксісты. — У яго не было такога, каб машына ехала, а ў ёй грукатала. Вельмі тэхніку любіў.
Марачку трымаў заўжды.
І што стала?
Нешта арыштавалі, купілі-прадалі, нешта — у долю жонцы, пасьля ўсё развалілася, не было за што ўзнаўляць.
Ня стала гаспадара — і машын ня стала».

З Уладзімерам Асіпенкам сустракаемся каля помніка воінам-аўганцам. Помнік, дарэчы, ініцыяваў Аўтуховіч, які сам прайшоў праз аўганскую вайну.
Па інтэрнэце ходзіць некалькі фота, дзе Мікалай у парадным мундзіры з усімі ўзнагародамі. ​


Пакуль у Аўтуховіча ўсё было добра, у Ваўкавыску праходзіў «аўганскі» турнір па валейболе. Яго таксама прымяркоўвалі да дня вываду савецкіх войскаў з Аўганістану. Аўтуховіч даваў грошы і купляў прызы. Мясцовыя кажуць, што на турнір прыяжджалі дзеці з розных краінаў.

Без Аўтуховіча ўлады праводзіць турнір ня здолелі, і ўрэшце гэтая ідэя памерла.

Чакаючы Ўладзімера, заходжу ў кніжную краму. Набор паштовак зь відамі Ваўкавыска ляжыць на паліцы побач з магніцікамі. Але той самай паштоўкі з «двоечкамі» ў ім ужо няма.

«Я на базе пяць гадоў ня быў, але мяне не зьдзіўляе тое, што вы распавядаеце, — кажа Асіпенка, якога вызвалілі ў лістападзе 2010-га. — Чуткі ходзяць, што там робіцца. Гаварыць пра гэта без Аўтуховіча не хачу».

Уладзімер амаль два гады правёў у турме. Сярод іншага, абвінавачвалі іх зь Мікалаем у спробе замаху на тагачаснага кіраўніка Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанку. Павал Сапелка, які быў на тым працэсе адвакатам Аўтуховіча, пацьвярджае, што абвінавачаньне развалілася ў судзе. Але Ўладзімера асудзілі за незаконныя дзеяньні са зброяй.
Адразу пасьля вызваленьня Асіпенка абяцаў неўзабаве назваць тых, хто «замовіў» Аўтуховіча. Цяпер адмаўляецца.

Сапелку падчас працэсу над Аўтуховічам пазбавілі адвакацкай ліцэнзіі.

Адразу пасьля вызваленьня Асіпенка абяцаў неўзабаве назваць тых, хто «замовіў» Аўтуховіча. Цяпер адмаўляецца.

«Ужо на волі шмат чаго новага даведаўся. Памаўчу пакуль. І за бясьпеку баюся, і Аўтуховіча чакаю. У яго шмат фактаў пра карупцыю сярод мясцовай улады. Прыйдзе — хай вырашае, што з гэтым рабіць».

У першы час, мяркуе Ўладзімер, Аўтуховічу будзе за што «хлеб купіць». Застаўся дом, аўтабаза, нешта здаецца ў арэнду. Але вярнуцца да ранейшага пасьпяховага бізнэсу ўжо немагчыма.

«У яго тут адданых сяброў не засталося. Юра (Лявонаў — рэд.) у Маскве. Нават ня ведаю, на каго ён зможа тут абаперціся. У фірме там 2-3 машыны. Спадзеву, што ізноў можна гэты бізнэс пачынаць, вельмі мала. Канкурэнты падрасьлі. Фірма, зь якой мы былі ў канкурэнтах, набыла шмат машын. Час страчаны», — спакойна разважае Асіпенка.

Лявонаў

Юры Лявонаў
Юры Лявонаў


Юры Лявонаў, які ішоў з Аўтуховічам па першай, «эканамічнай» справе, ацэньваць фінансавыя страты адмаўляецца. Хаця адзін з былых супрацоўнікаў фірмы Аўтуховіча лічыць, што бізнэс каштаваў сотні тысяч даляраў. «Больш дакладна ўжо ніхто ня скажа, дый чаго цяпер», — кажа Лявонаў.

Першыя штрафы, накладзеныя на фірму Аўтуховіча ў 2003, а пасьля — у 2005 гадах, складалі ад паўтары сотні тысяч да мільёна даляраў. Чыноўнікі маглі разьлічваць, што такія грошы ў прадпрымальніка ёсьць.

Калі-небудзь Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенку ўпішуць у падручнікі па гісторыі і эканоміцы. На іх прыкладах будуць вывучаць, як дзяржава душыла малы бізнэс.
Таксоўкі Аўтуховіча вяртаюцца з-пад арышту, 2003 год
Таксоўкі Аўтуховіча вяртаюцца з-пад арышту, 2003 год


У 2003-м бізнэс Аўтуховіча і яшчэ дзясяткаў тысяч іншых прадпрымальнікаў падкасіў прэзыдэнцкі ўказ № 760. Забаранялася браць на працу больш за тры супрацоўнікі. У Аўтуховіча тады працавала ня менш за паўсотні чалавек.

«Лічыцца, што я і Мікалай гэты ўказ ня выканалі, — распавядае Юры Лявонаў, які ў тыя часы быў дырэктарам фірмы Аўтуховіча „Ніка-транс“. — Мы ва ўсіх інстанцыях спрабавалі давесьці, што наша дзейнасьць ня зьвязаная з выкананьнем указу, а мы дзейнічаем у рамках Грамадзянскага кодэксу. А калі ўказы супярэчаць асноўнаму закону, дык чаму мы мусім яго выконваць?»
За тры наступныя гады дзяржава «абкатала» на Аўтуховічы сёньня ўжо адладжаны мэханізм: праверкі ад санстанцыі і падатковай, шматтысячныя, а пасьля і мільённыя штрафы, арышт маёмасьці і ўрэшце ў 2006-м — турма і канфіскацыя.
Супрацоўнікі фірмы Аўтуховіча ў 2003 годзе
Супрацоўнікі фірмы Аўтуховіча ў 2003 годзе


«Аўтуховіча ў адкрытую прымушалі дзяліцца бізнэсам», — распавядае Асіпенка. Ён трапіў у турму пры канцы 2000-х, калі сыстэма выпампоўваньня грошай з прадпрымальнікаў і дзяржаўнага рэкету квітнела напоўніцу.

«Там сядзяць нармальныя людзі, якія па чыімсьці жаданьні туды трапілі. Там, дзе я быў, іх дакладна была большасьць, — кажа Асіпенка. — У СІЗА я толькі з такімі сядзеў, ніводнага крымінальніка ў вочы ня бачыў. У „Воўчых норах“ (калёнія ўзмоцненага рэжыму — рэд.) усё маё асяродзьдзе былі такія людзі».

Паводле першага прысуду ў Аўтуховіча канфіскавалі маёмасьць, наклалі шматмільённы штраф і забаранілі займацца прадпрымальніцкай дзейнасьцю на пяць гадоў.

«Мы страцілі шмат, — пацьвярджае Лявонаў. — Яшчэ калі б дзяржава скарысталася тым, што адбірала, дык яшчэ можа быць, але ж яны проста... Ня ведаю, што яны там зрабілі... Службу таксі аддалі на водкуп існым кампаніям у горадзе, дык яны і да таго існавалі. А што да грузаперавозак, дык тут немагчыма супастаўляць, бо мы не працавалі на ўнутраныя лініі, толькі па міжнародных. Мы сышлі — рынак тут жа запоўніўся».

Рынак


Рынак таксі ў Ваўкавыску не запоўніўся, а перапоўніўся.

Таксісты на цэнтральнай ваўкавыскай плошчы зь няхітрай назвай «плошча Леніна» ведаюць, што Мікалаевіч выходзіць восьмага. Распавядаюць, што цяпер на ўвесь горад 40 машын. Па адной машыне на тысячу жыхароў Ваўкавыску — трохі не дацягвае да сусьветных стандартаў.

«Тэлебачаньне прыяжджала, дык казалі, што па колькасьці таксі мы на другім месцы пасьля Менску, — ці то з гонарам, ці то са скрухай распавядае таксіст. — Ня шмат у нас таксі, а вельмі шмат».

Пра маштаб бізнэсу Аўтуховіча можа сьведчыць і тое, што «на ўздыме» толькі ў яго былі 22 белыя мэрсэдэсы.

Мікалаевіч завёў свае «двоечкі», калі грамадзкі транспарт у Ваўкавыску ледзь рухаўся. На ягоных машынах езьдзіць было ня проста прыемна («марачку ж трымаў»), але і выгадна.
Віталь Гуляк пра Мікалая Аўтуховіча
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:01 0:00


«Мы нават калі ў тэхнікуме вучыліся, дык скідваліся, выклікалі ягоны бус і даяжджалі да вучобы, — распавядае Віталь Гуляк. — Было і танна, і зручна».

Цяпер таксіст кажа, што за сёньня зрабіў тры рэйсы. «Дзевяноста тысяч, уяўляеце?! Нават на саляру не зарабіў».

«Мэрс» у яго абсалютна такі самы, якія былі ў Аўтуховіча. Хлопец і сам нам пра гэта кажа:

«Вось паглядзіце, мая машына аніякага дачыненьня да фірмы Аўтуховіча ня мае. Выглядае толькі гэтаксама, але афармленьне, стужка — усё ж іншае, — паказвае ён сваю машыну. — Але да мяне дагэтуль людзі сядаюць і кажуць: „Двоечкі?“. —Помняць».


«Можа, каб ён працаваў, то мы б тут і не стаялі цяпер, — разважаюць таксісты на вакзале. Яны збольшага аформленыя як ІП, маюць 1-2 машыны. — Працавалі б у яго. Аўтапарк у яго быў вялікі. Усе нашы, хто старэйшы, празь яго прайшлі. А як пачаліся на яго наезды, машыны забіралі. Пасьля яго пасадзілі — машыны сталі развальвацца, працы ня стала. Ня будзе ж дваццаць чалавек на дзьвюх машынах езьдзіць. Пайшлі на свае».

Саўчанка і Стасевіч


У справе Аўтуховіча дагэтуль шукаюць асабістую помсту. Маўляў, камусьці ён там «насаліў» моцна.

«Ну як гэта можна супраць чалавека зрабіць справу, я не разумею? Круціў ён там з падаткамі, — упэўнены адзін з таксістаў. — Ня быў ён сумленным. Канкурэнтаў прыбіраў».
Мікалай Аўтуховіч у 2005 годзе меў у кабінэце партрэт Лукашэнкі
Мікалай Аўтуховіч у 2005 годзе меў у кабінэце партрэт Лукашэнкі
«Аўтуховіч быў знакавай фігурай для Ваўкавыску. Ня ўсе прадпрымальнікі могуць гаварыць тое, што думаюць. Калі ты „тварь“ — ён так і казаў. Калі чалавек добры — ён казаў, што добры. Ён нікога не баяўся, нікому не даваў хабар. Ні ад каго не залежаў», — кажа Уладзімер Асіпенка.

«У яго шмат ворагаў было ў горадзе, — апісвае мясцовы жыхар Віталь Гуляк. — Ён надзвычай быў яркі, пасьпяховы, для нашага месца гэта незвычайна было».

Асабістым ворагам Аўтуховіча называюць Уладзімера Саўчанку, які ў 2001-м узначаліў Гарадзенскі аблвыканкам пасьля сьмерці Аляксандра Дубко. Некалькі крыніцаў пацьвердзілі нам, што гарадзенскі начальнік наўпрост абяцаў Аўтуховічу «пасадзіць яго». Нібыта Мікалай нават захаваў размову з Саўчанкам на рэдкі тады тэлефон, у якім была функцыя запісу. Дзе цяпер гэты апарат, ніхто ня ведае. А вось што распавядае Юры Лявонаў:

«Гэта была асабістая размова. Саўчанка аднойчы прыяжджаў у Ваўкавыск на базу таксі „Пяць двоек“. Гэта першая ці другая галадоўка была, і яго людзі ўсе падтрымалі. Ён прыехаў, мы спачатку разам размаўлялі, пасьля Саўчанка папрасіў мяне выйсьці. Размаўлялі яны дастаткова гучна. Пасьля Мікалай мне сказаў, што той паабяцаў яго пасадзіць».
Мікалай Аўтуховіч у раённым шпіталі адразу пасьля галадоўкі
Мікалай Аўтуховіч у раённым шпіталі адразу пасьля галадоўкі


Шчыраваньні Саўчанкі скончыліся сумна для яго самога. У 2010 годзе ён падаў у адстаўку, прычыны якой давялося тлумачыць самому Аляксандру Лукашэнку:

«Уладзімер Саўчанка хваравіта рэагаваў на крытыку (не ад прэзыдэнта, ад іншых), выжываў няўгодных яму кіраўнікоў. Але самае галоўнае — страціў пачуцьцё адказнасьці за даручаны ўчастак працы».

Цяпер Саўчанка ўзначальвае агракамбінат «Мачулішчы».

«Ня трэба было красьці», — падводзіць рысу пад ягонай кар’ерай адзін з нашых суразмоўцаў.

Што праўда, іншыя чыноўнікі, якія ўдзельнічалі ў гісторыі Аўтуховіча, «у накладзе не засталіся». Хтосьці нават пайшоў на павышэньне. Як Тамара Стасевіч.

Пры Аўтуховічы Стасевіч узначальвала падатковую інспэкцыю ў Ваўкавыску. Тут распавядаюць, што была яна «Бог, цар і воінскі начальнік». Цяпер Тамара Іосіфаўна — намесьніца старшыні падатковай па Гарадзенскай вобласьці. Ці лічыць гэта такім ужо павышэньнем, цяжка сказаць.
Гэта чалавек, які да канца застаўся сумленным перад сабой і перад іншымі. Ён ня змог жыць у такіх умовах, хацеў справядлівасьці
Юры Лявонаў
Але нібыта супраць Стасевіч і яе тагачаснай намесьніцы Ганны Місько ў Аўтуховіча быў кампрамат. Супраць гэтых чыноўніц нават заводзілі крымінальныя справы, якія, праўда, нічым ня скончылася.

Юры Лявонаў лічыць, што асабістая помста мала што ў іхным агульным лёсе вырашала:

«Таго, што здарылася з намі, нельга было пазьбегнуць у сытуацыі, у якой мы апынуліся. Тут шмат у чым асоба Мікалая сябе праявіла. Цяпер пра гэта ўжо можна гаварыць: гэта чалавек, які да канца застаўся сумленным перад сабой і перад іншымі. Ён ня змог жыць у такіх умовах, хацеў справядлівасьці».

Апазыцыя


«Падставілі яго, як я думаю, — кажа таксіст. — Прыйшла апазыцыя, параіліся, „Коля, давай“ — ён і пагадзіўся, яго пачалі штурхаць. А яны ўсе пасьля ў Польшчу „зья...лі“. А ты, Коля, выграбай. А ён хлопец з характарам, з гонарам».

Дагэтуль лічыцца, што ўлада бачыць у Аўтуховічы палітычнага суперніка. Шмат хадзіла чутак пра ягоныя сувязі з Саўбезам і асабісты канфлікт з Шэйманам. Ніхто з блізкіх гэтых чутак нам не пацьвердзіў.

«Не было ў Аўтуховіча ніякіх сувязяў з апазыцыяй», — сьцьвярджае Юры Лявонаў, які кіраваў ягоным перадвыбарчым штабам на мясцовых выбарах 2004 году.
Плякат Аўтуховіча падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў 2004 года
Плякат Аўтуховіча падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў 2004 года


Няўрымсьлівы Аўтуховіч паміж двума наездамі на яго ў 2003-м і 2005-м пасьпеў пабыць кандыдатам у дэпутаты.

«Ён карыстаўся непахісным аўтарытэтам у горадзе, — распавядае Асіпенка. — Тая дэпутатка Навасяд, якой тады намалявалі перамогу, яму з трэскам прайграла».

Лявонаў сьцьвярджае, што выбарчая каманда Аўтуховіча ў 2004 годзе працавала цалкам самастойна. «Мікалай ішоў на выбары як незалежны кандыдат. Праграма ў яго была ўласная. Асноўную частку складала эканоміка малога бізнэсу. Палітычных заяваў было вельмі мала», — кажа ён.
Улётка Аўтуховіча падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў 2004 года
Улётка Аўтуховіча падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў 2004 года


Малаверагоднай падаецца і вэрсія, што Аўтуховіч мог бы ўзначаліць «аўганцаў». У 2009-м яны разам з Аляксандрам Камароўскім і Алегам Воўчакам адмовіліся ад прэзыдэнцкіх узнагарод у гонар 20-годзьдзя вываду савецкіх войск з Аўганістану. Падтрымалі іх тады адзінкі. І гэта нягледзячы на тое, што «аўганцаў» беларуская дзяржава ня надта песьціць, даўно пазбавіўшы ўсіх магчымых ільготаў.

«Мне цяжка ўявіць Аўтуховіча ў ролі палітычнага апанэнта існаму рэжыму, — кажа Юры Лявонаў. — Ягоныя погляды, канечне, былі апазыцыйнымі, але каб ён імкнуўся разьвіваць палітычны вэктар у сабе, — я ў гэтым сумняюся. Наша дзейнасьць была выключна эканамічнай. Мы стваралі працоўныя месцы, прыбытак. Трэба, можа, было больш часу палітыцы выдзяляць — можа, нешта іншае і атрымалася б».


Мама. Лена. Дачка Каця


«Яго чакае мама, яго чакае жонка і яго чакае дачка, — адказвае Лявонаў на нашае пытаньне, хто чакае Аўтуховіча. — У ягонай сытуацыі гэта нармальны набор».
Лідзія Юльянаўна Аўтуховіч
Лідзія Юльянаўна Аўтуховіч
Лідзія Юльянаўна, маці Мікалая, проста так і кажа: «Што я яшчэ магу сказаць, апроч таго, што вельмі чакаю яго? Нічога».

Жонка Аўтуховіча Лена за ўвесь гэты час зьняволеньня Мікалая рэдка ішла на кантакт з журналістамі. Напярэдадні паездкі ў Ваўкавыск мы прасілі яе пра сустрэчу. Яна адмовілася.

«Я да турмы ягонай усё помню, а пасьля — як не было нічога, правал і ўсё, — кажа яна ў тэлефоннай размове. — І вы зразумейце, нам яшчэ гэтыя паўтара мільярда плаціць. Гэта ж як толькі ён прыйдзе — будуць і вобшукі, і вопісы зноў. Нават думаць пра гэта не хачу».

Паўмільярда Аўтуховіч і Лявонаў засталіся вінаватыя дзяржаве яшчэ пасьля першай справы ў 2006-м.
Так выглядаў таксапарк у 2004 годзе
Так выглядаў таксапарк у 2004 годзе


«Я не ўяўляю, як дзяржава будзе гэтыя грошы з нас зьбіраць, — кажа Лявонаў. — Маёмасьці няма, даходаў няма. Відаць, дачакаюцца, пакуль мне пэнсію налічаць, і будуць з пэнсіі браць. Апісваць ужо няма чаго».

Таму Лявонаў і ня верыць, што Аўтуховіч зможа ізноў заняцца бізнэсам у Ваўкавыску.

«Супастаўце суму 150 тысяч даляраў. Гэта колькі трэба працаваць, каб зарабіць такія грошы. Для чаго працаваць тады?» — пытаецца ён.

2004 год
Раніца на базе ў 2004 годзе
Раніца на базе ў 2004 годзе


2014 год
База таксовак, 2014 год
База таксовак, 2014 год


Асіпенка горка распавядае, што вакол Аўтуховіча заўжды было шмат здраднікаў. І наўрад ці хтосьці падтрымае яго і пасьля вызваленьня.

«Зь бізнэс-колаў ніхто яго не падтрымае. Гэта маё асабістае меркаваньне такое, — кажа Ўладзімер. — Ніхто ў наш час ня стане зьвязвацца з Аўтуховічам, каб яму дапамагчы».
Асіпенка горка распавядае, што вакол Аўтуховіча заўжды было шмат здраднікаў. І наўрад ці хтосьці падтрымае яго і пасьля вызваленьня.

Пакуль мы размаўляем з таксістамі, на прывакзальную плошчу прыяжджае адна з ацалелых «двоечак». Хлопцы яе спыняюць, крычаць: «Інтэрвію давай!»

Кіроўца інтэрвію даваць ня хоча, але адмаўляе ветліва, як «за Аўтуховічам».

«Мікалай Мікалаевіч восьмага красавіка будзе дома. Мы яго ўсе чакаем. У яго ўсё спытаеце», — кажа немаладога веку мужчына за стырном белага мэрсэдэсу і кранаецца з месца.

«Гэта колькі ж ён радзіме аддаў? Дзесяць гадоў?» — пытаецца адзін з таксістаў. (Аўтуховіч правёў у зьняволеньні каля 8 гадоў).

«Асабіста я на ягоным месцы ўцякаў бы пры першай магчымасьці. У Нямеччыну ці куды. Надта ён тут агрызнуўся моцна. Задушаць яго, — гаворыць маладзейшы таксіст. — Хаця ў яго характар, яго ня спыніш. Будзе перці напралом».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG