Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Портнікаў: Прэзыдэнт Украіны будзе залежаць ад Яцанюка


Віталь Портнікаў
Віталь Портнікаў
«Шакалядны кароль» Пётар Парашэнка і «аранжавая прынцэса» Юлія Цімашэнка абяцаюць стаць галоўнымі фігурамі будучых прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне. Пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі заявілі 46 грамадзян Украіны. Зь іх 24 падалі ў ЦВК Украіны поўны пакет дакумэнтаў. На сёньня вядома, што 12 ахвочым ЦВК ужо з розных прычынаў адмовіў. За Парашэнкам і Цімашэнкай стаяць алігархічныя інтарэсы Дзьмітрыя Фірташа і Рыната Ахметава, а сама пасада прэзыдэнта ва ўмовах парлямэнцкай рэспублікі мала што значыць, — лічыць палітычны аглядальнік Віталь Портнікаў.

Сярод прэтэндэнтаў — вядомыя ва Ўкраіны асобы: лідэр «Правага сэктару» Дзьмітры Яраш, лідэр партыі «Свабода» Алег Цягнібок, дэпутат ад Партыі Рэгіёнаў Сяргей Цігіпка і скандальна вядомы былы кіраўнік Харкава Міхаіл Добкін.

Самая жорсткая барацьба разгорнецца паміж уладальнікам карпарацыі «Укрпрамінвэст», былым міністрам замежных спраў Пятром Парашэнкам і двойчы экс-прэм’ер-міністрам, вязьнем рэжыму Януковіча Юліяй Цімашэнкай.

Віталь Портнікаў сьцьвярджае, што прэзыдэнцкія выбары будуць «дуэльлю невідзімак» — «барацьбой калектыўнага Ахметава з калектыўным Фірташам».

12 сакавіка Фірташ, уладальнік буйных энэргетычных і хімічных актываў, быў арыштаваны ў Вене на запатрабаваньне ФБР. Яго абвінавачваюць у хабарніцтве і арганізацыі злачыннай групоўкі. Праз 10 дзён Фірташа адпусьцілі пад заклад у 125 мільёнаў эўра. Фірташ ужо публічна ўхваліў рашэньне Віталя Клічка падтрымаць прэзыдэнцкую кампанію Пятра Парашэнкі.

Самы заможны ўкраінец Рынат Ахметаў, які лічыўся сябрам экс-прэзыдэнта Віктара Януковіча, пакуль захоўвае маўчаньне.

У інтэрвію Радыё Свабода Портнікаў тлумачыць, чаму на прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне ня варта зьвяртаць столькі ўвагі.

Віталь Портнікаў: «Асноўная праблема прэзыдэнцкай кампаніі ў тым, што вялізарная колькасьць грамадзянаў Украіны і назіральнікаў надаюць надта вялікае значэньне гэтым выбарам. Выбары прэзыдэнта Ўкраіны маюць значэньне толькі з таго пункту гледжаньня, што яны канчаткова легітымізуюць уладу, якая ўсталявалася ў краіне пасьля ўцёкаў Віктара Януковіча».
Асноўная праблема прэзыдэнцкай кампаніі ў тым, што вялізарная колькасьць грамадзянаў Украіны і назіральнікаў надаюць надта вялікае значэньне гэтым выбарам

Портнікаў нагадвае, што канстытуцыйнае заканадаўства вярнулася да формы парлямэнцкай рэспублікі адразу ж пасьля ўцёкаў Віктара Януковіча, а цяперашнія заканадаўчыя ініцыятывы толькі замацоўваюць гэты працэс.

«Калі б не было важна легітымізаваць працэс перадачы ўлады канчаткова, я ў прынцыпе лічыў бы, што выбары прэзыдэнта ня маюць у гэтай мадэлі аніякага сэнсу, — працягвае ён. — Прэзыдэнт ператвараецца ў фігуру, якая галоўным чынам адказвае за абарону і зьнешнюю палітыку і ў пэўным сэнсе зьяўляецца сымбалем адзінства ўкраінскага грамадзтва. Хто б ні заняў гэту пасаду, сур’ёзнага ўплыву на ўладу ён мець ня будзе».

Самае галоўнае, на думку Портнікава, — эканамічная сытуацыя ў краіне.

«Фактычна Ўкраіна існуе за заходнія грошы. Украінская дзяржава разбураная за дваццаць два гады свайго існаваньня. Яна ператварылася ў пратэктарат. У яе быў вельмі просты выбар: альбо гэта пратэктарат Расеі з наступным паглынаньнем суседняй дзяржавай і ператварэньнем Украіны ў лепшым выпадку ў новую Беларусь, а ў горшым — у вобласьці, якія ўвойдуць у РФ на правах суб’ектаў. Альбо гэта пратэктарат Захаду з наступным далучэньнем да заходніх інтэграцыйных структураў у тым ці іншым выглядзе.

Захад дае Ўкраіне грошы, і для яго вельмі важна, каб гэтыя грошы даваліся пад людзей, якім ён давярае.

Зараз трэба разумець простую рэч: даверам ЗША карыстаецца ўрад Арсенія Яцанюка, і сам Арсені Яцанюк расцэньваецца і ў ЗША, і ў ЭЗ як чалавек, які здольны адказваць за правядзеньне эканамічных рэформаў. Калі новы прэзыдэнт хаця б паспрабуе паставіць гэта пад сумненьне — шляхам разнастайных маніпуляцыяў у парлямэнце, стварэньня новай псэўдабольшасьці — і стварыць новы ўрад, то гэты ўрад проста ня будзе атрымліваць ад Захаду ніякіх грошай і проста пойдзе ў адстаўку.

Бо Расея ані зь якім прэзыдэнтам Украіны дамаўляцца не зьбіраецца, і ўжо тым больш даваць яму мільярды даляраў. А пасьля акупацыі Крыму і ў новага прэзыдэнта такіх магчымасьцяў ня будзе, і фінансавых магчымасьцяў такіх у Расеі больш няма».

Портнікаў сьцьвярджае, што сапраўдную цікавасьць да прэзыдэнцкіх выбараў праяўляюць алігархі.
Украінская дзяржава разбураная за дваццаць два гады свайго існаваньня. Яна ператварылася ў пратэктарат

«Інстытут прэзыдэнцтва так ці інакш адкрывае доступ да пэўных фінансавых плыняў. І алігархічныя кляны дзейнічаюць у пэўным сэнсе па інэрцыі, бо для клана Фірташа абсалютна відавочна, што калі да ўлады прыйдзе Юлія Цімашэнка, то доступ гэтага дагэтуль вельмі ўплывовага клана да фінансавых плыняў будзе абцяжараны. Таму гэты клан робіць усё магчымае, каб не дапусьціць Цімашэнку да ўлады.

Да таго ж ёсьць разуменьне, што калі Цімашэнка прыйдзе да ўлады, будзе вельмі цяжка пахіснуць пазыцыі ўраду Арсенія Яцанюка, які складаецца ў асноўным з прадстаўнікоў „Бацькаўшчыны“.

З гэтым зьвязаная цікавасьць, якую праяўляе клан Фірташа да асобы Пятра Парашэнкі, нягледзячы на тое, што нават у цяперашнім урадзе ёсьць некалькі віцэ-прэм’ераў, якіх зьвязваюць з Парашэнкам. Але зразумела, што Парашэнка ўрад не кантралюе. І на пасадзе прэзыдэнта кантраляваць таксама ня будзе. Фірташ робіць усё магчымае, каб не дапусьціць да ўлады Юлію Цімашэнку, бо яна ягоны вечны вораг. А Рынат Ахметаў робіць усё магчымае, каб не ўзмацніць пазыцыі Фірташа. Магчыма, ягоныя інтарэсы тут супадаюць з інтарэсамі Цімашэнкі, але ня больш за тое, бо яна таксама непажаданы кандыдат».

«Гэтых людзей (алігархаў. — Рэд.) не цікавіць улада, не цікавіць дзяржава, не цікавіць Украіна, — заключае Портнікаў. — Іх цікавяць выключна фінансавыя плыні. Так збудаваная алігархія».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG