Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Портнікаў: Акупацыі Ўкраіны не атрымалася, будзе аншлюс Крыму


Віталь Портнікаў
Віталь Портнікаў

Сёньняшняе рашэньне крымскага парлямэнту аб далучэньні Крыму да Расеі сьведчыць пра тое, што пуцінскі плян акупацыі ўсёй Украіны даў збой.

Так лічыць палітычны аглядальнік Віталь Портнікаў, які сваё бачаньне апошніх падзеяў на Крыме выклаў на сайце Ліга.net. Прапануем вам пераклад фрагмэнтаў ягонага меркаваньня:

«Рашэньне марыянэткавага крымскага парлямэнту аб далучэньні Крыму да Расеі можа, на першы погляд, рабіць ўражаньне добра прапрацаванага крамлёўскімі стратэгамі пляну. Але насамрэч чарговая зьмена намераў крымскай ўлады кажа пра тое, што ніякага пляну няма – Масква проста дзейнічае пад ціскам абставін. А гэтыя абставіны зьвязаныя якраз з тым, што першапачатковыя намеры ня спраўдзіліся.

Чаму першапачаткова рэфэрэндум быў прызначаны на 25 траўня – і гаворка ў ім ішла выключна аб павелічэньні паўнамоцтваў аўтаноміі? А таму, што ў Крамлі былі ўпэўненыя ў магчымасьці акупацыі ЎСЁЙ Украіны і вяртаньні да ўлады, хай нават намінальна, сваёй марыянэткі – Віктара Януковіча. А Крым пад расейскай пратэкцыяй успрымаўся выключна ў якасьці прызу, узнагароды за расейскія намаганьні.

Чаму рэфэрэндум быў перанесены на 30 сакавіка? А таму, што ў Маскве зразумелі, што акупацыі ўсёй Украіны не атрымаецца – і вырашылі акупаваць паўднёвыя і ўсходнія рэгіёны краіны, стварыўшы там «Украіну Януковіча». Але, зноў жа, у гэтай Украіне Крым павінен быў заставацца фактычным расейскім пратэктаратам.

Чаму рэфэрэндум перанесьлі на 16 сакавіка і заявілі аб незалежнасьці Крыму? А таму, што зразумелі, што ніякай «Украіны Януковіча» ня будзе ні на ўсходзе, ні на поўдні, і адзінае, чаго можна рэальна дамагчыся – гэта акупаваць Крым.

Заўважым, што яшчэ ўчора самазваны крымскі прэм’ер Сяргей Аксёнаў называў сябе галоўнакамандуючым узброенымі сіламі паўвострава, а ўкраінскіх маракоў прымушалі прысягаць народу Крыму. Сёньня тыя ж самыя вайскоўцы павінны будуць прысягаць Расеі, а «галоўнакамандуючы» ператвараецца ў звычайнага расейскага рэгіянальнага чыноўніка. І ніякага народу Крыму больш няма і ня будзе ніколі – ёсьць расіяне. І ўсе гэтыя мэтамарфозы адбываюцца літаральна за некалькі дзён!

Усё гэта сьведчыць аб тым, што агрэсар кідаецца. Гэта значыць, што Пуцін разгублены. Гэта значыць, што міжнародны ціск на яго павінен быць ўзмоцнены. Што дзеяньні па зьнішчэньні эканомікі агрэсара цывілізаваным сьветам павінны быць выразнымі, упэўненымі і бескампраміснымі – аж да яе поўнага краху. (...)

Калі ж аншлюс на нейкі час атрымаецца, Украіне неабходна будзе выпрацаваць палітыку па суіснаваньні з акупаванымі тэрыторыямі – дапамагаць украінскім грамадзянам, якія ня хочуць здавацца агрэсару, рабіць захады для міжнароднага юрыдычнага перасьледу сэпаратыстаў і іх памагатых, арганізоўваць эвакуацыю тых, хто хоча пакінуць акупаваную частку краіны. І, зразумела, рабіць захады па абароне ўласнай тэрыторыі. А гэта азначае далучэньне да НАТО, умацаваньне расейска-ўкраінскай мяжы, працу над стварэньнем зброі стрымліваньня. Мы павінны зразумець адну вельмі простую рэч – калі Расея пойдзе на далучэньне да сябе ўкраінскай тэрыторыі, яна ўжо ніколі ня будзе нашым добрым суседам. Масква не дазваляла сабе такога акту непавагі ў адносінах да Малдовы – нягледзячы на пастаянныя просьбы Прыднястроўя аб далучэньні да Расеі. Не дазваляла ў адносінах да Грузіі – нягледзячы на ўсю нянавісьць Пуціна і Мядзьведзева да ўладаў гэтай краіны і асабіста да Міхаіла Саакашвілі. А ў адносінах да Ўкраіны прадугледжваецца менавіта акт агрэсіі, аншлюс. (...)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG