Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адметнасьці прэзыдэнцкіх выбараў: бяз Крыму і без адміністрацыйнага рэсурсу


Віталь Клічко і Пятро Парашэнка
Віталь Клічко і Пятро Парашэнка

Экспэрты адзначаюць, што цяперашняя прэзыдэнцкая кампанія ва Ўкраіне будзе істотна адрозьнівацца ад папярэдніх: у прыватнасьці, фаварыты гонкі будуць спаборнічаць на адным электаральным полі, а прарасейскі электарат гэтым разам істотна аслаблены і дэзарганізаваны.

Кандыдаты ў прэзыдэнты цягнулі з рэгістрацыяй, улічваючы нявызначаную сытуацыю ў краіне і магчымасьць абвастрэньня канфлікту з Расеяй. Таму большасьць прэтэндэнтаў падалі дакумэнты ў ЦВК у апошнія дні рэгістрацыі. Прыняць удзел у прэзыдэнцкай гонцы пагадзіліся больш за 40 чалавек.

Самай прыкметнай падзеяй апошніх выходных стала адмова балятавацца кіраўніка «Ўдару» Віталя Клічко. Да нядаўняга часу ён быў сярод лідэраў палітычных сымпатый, а таксама заяўляў пра намер балятавацца ў прэзыдэнты, але цяпер падтрымаў фаварыта прэзыдэнцкай гонкі Пятра Парашэнку. Улічваючы гэтае аб’яднаньне, экспэрты нават мяркуюць, што выбары могуць адбыцца ў адзін тур. Аднак да заканчэньня кампаніі, у якую актыўна ўключылася экс-прэм’ер Юлія Цімашэнка, рабіць высновы заўчасна.

У фаварытаў канкурэнцыя на адным полі

Ня выключана, што Цімашэнка будзе мець пэўныя перавагі як кандыдат ад улады, бо яе паплечнікі Аляксандр Турчынаў і Арсень Яцанюк займаюць вышэйшыя дзяржаўныя пасады. Аднак выкарыстаньне адміністрацыйнага рэсурсу на травеньскіх выбарах будзе мінімальным.

«Нават калі ў кагосьці сёньня ёсьць жаданьне выкарыстоўваць адміністрацыйныя паўнамоцтвы на выбарах — гэта будзе ня так проста, таму што сама вэртыкаль расхістаная. А самае галоўнае, што людзі ўжо зусім іншыя — і гэтага не дапусьцяць», — перакананы старшыня Камітэту выбаршчыкаў Украіны Аляксандар Чарненка.

Нявызначанасьці дадае тое, што патэнцыйныя прэтэндэнты на выхад у другі тур маюць аднолькавы базавы электарат.
Практычна любы кандыдат, які набярэ больш за 1% на прэзыдэнцкіх выбарах, потым зможа гуляць сваю гульню на ўсё больш відавочных датэрміновых парлямэнцкіх выбарах

«Галоўная нечаканасьць — тое, што найбольш рэйтынгавыя кандыдаты ўяўляюць адну палітычную нішу — гэта ніша новай улады і былой апазыцыі. Таму так ці інакш гэтым кандыдатам прыйдзецца адказваць на адзін і той жа грамадзкі запыт Майдану», — адзначае палітычны экспэрт Яўген Магда .

Рэгіянальна-«тэхнічная» разнастайнасьць з прыцэлам на ўласную гульню

Яшчэ адна важная асаблівасьць травеньскіх выбараў — аслабленьне прарасейскага электарату. З-за акупацыі Расеяй Крыму значная частка выбаршчыкаў, якія традыцыйна галасавалі за прарасейскага кандыдата, зараз ня будзе галасаваць. Акрамя таго, Партыя рэгіёнаў, лідэра якой традыцыйна падтрымліваў прарасейскі электарат, зараз ня вылучыла адзінага кандыдата. Мінімум чатыры вядомыя палітыкі-рэгіяналы будуць змагацца за прэзыдэнцкую пасаду — Міхаіл Добкін, Сяргей Цігіпка, Юры Бойка і Алег Цароў. Улічваючы гэта, экспэрты мяркуюць, што на самой справе рэгіяналы будуць ня так змагацца за прэзыдэнцтва, як дамаўляцца зь лідэрамі гонкі аб падтрымцы ў другім туры.

Вялікая колькасьць прэтэндэнтаў наштурхоўвае на думку аб тым, што фаварыты кампаніі будуць супрацоўнічаць з тэхнічнымі кандыдатамі. Менавіта тэхнічныя кандыдаты будуць дапамагаць фаварытам фармаваць выбарчыя камісіі і выступаць у ролі інфармацыйных кілераў супраць іншых кандыдатаў-цяжкавагавікоў. На думку Аляксандра Чарненкі, «большасьць тэхнічных кандыдатаў створаны перш за ўсё для ўзмацненьня прадстаўніцтва ў камісіях».

Аднак нават непрахадныя кандыдаты маюць магчымасьць папрацаваць не на чыюсьці, а на ўласную палітычную пэрспэктыву — улічваючы вялікую верагоднасьць правядзеньня датэрміновых парлямэнцкіх выбараў.

«Практычна любы кандыдат, які набярэ больш за 1% на прэзыдэнцкіх выбарах, потым зможа гуляць сваю гульню на ўсё больш відавочных датэрміновых парлямэнцкіх выбарах», — адзначае Яўген Магда.

Рэгістрацыя кандыдатаў завяршаецца 4 красавіка. Пазачарговыя прэзыдэнцкія выбары павінны адбыцца 25 траўня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG