Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гулак: На 98% участкаў назіральнікаў не дапусьцілі да падліку


Алег Гулак
Алег Гулак
Такую лічбу агучыў на прэсавай канфэрэнцыі ініцыятывы «Праваабаронцы за свабодныя выбары» старшыня Хэльсынскага камітэту Алег Гулак.

Алег Гулак адзначыў, што гэтыя выбары сталі працягам адпрацаванай практыкі парушэньняў, маніпуляцыяў і фальсыфікацыяў з боку ўладаў. Галоўнай мэтай гэтых маніпуляцыяў па-ранейшаму застаецца правядзеньне датэрміновага галасаваньня. Па словах Гулака, ужо зь першага дня назіральнікі адзначалі разрыў паміж афіцыйнымі дадзенымі і дадзенымі назіральнікаў што да яўкі выбарцаў на датэрміновае галасаваньне. «У пятніцу, 21 сакавіка, гэты разрыў склаў 24 працэнты».

Канчатковае разыходжаньне паміж дадзенымі назіральнікаў і афіцыйнымі лічбамі падліку галасоў склала каля 20 працэнтаў.

Паводле Гулака, 98 працэнтаў назіральнікаў адзначылі, што ўлады перашкаджалі ім у працэсе назіраньня, а 93 працэнты паведамілі, што іх разьмясьцілі на адлегласьці, зь якой не было відаць, як лічаць.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч адзначыў, што гэта першыя выбары, якія адбыліся пасьля зьменаў у выбарчае заканадаўства. Аднак, па ягоных словах, выбарчы працэс ня стаў больш эфэктыўным, а ў некаторых сфэрах сытуацыя нават пагоршылася.

Стэфановіч паведаміў, што найбольш зьмены ў заканадаўства закранулі працэдуру агітацыі. Новаўвядзеньні, якія прадугледжваюць фармаваньне кандыдатам выбарчага фонду і ўсталяваньне мяжы гэтага фонду ў 30 базавых адзінак, фактычна прывялі да таго, што выбаршчыкі нічога ня ведалі пра сваіх кандыдатаў. Напрыклад, расцэнкі на разьмяшчэньне інфармацыі пра кандыдата ў газэце настолькі высокія, што на друк іншых агітацыйных матэрыялаў ужо не заставалася сродкаў.

Праваабаронцы адзначаюць таксама выпадкі перашкодаў у агітацыі за апазыцыйных і незалежных кандыдатаў.

Па словах Валянціна Стэфановіча, кандыдаты ад апазыцыі сваім удзелам у выбарах відавочна перашкаджалі дэпалітызаваць выбарчы працэс. У выніку чыноўнікі і праваахоўныя органы жорстка рэагавалі на выпадкі, калі на пікетах і сустрэчах уздымаліся тэмы правядзеньня Народнага рэфэрэндуму, беларускіх палітвязьняў, падзеяў ва Ўкраіне.

«Урэшце ўлады скаціліся проста да арыштаў, як гэта было з пікетам АГП, у выніку якога некалькі чалавек апынуліся ў турме», — кажа Стэфановіч.
Урэшце ўлады скаціліся проста да арыштаў, як гэта было з пікетам АГП
Праваабаронца прывёў прыклад кандыдата ў дэпутаты ад БНФ Ільлі Дабратвора, які быў зарэгістраваны кандыдатам па рашэньні суду, а на працягу выбарчай кампаніі сутыкаўся з канфіскацыяй агітацыйных матэрыялаў і затрыманьнямі. Паводле Стэфановіча, улётку Ільлі Дабратвора з інфармацыяй пра палітвязьняў улады расцанілі як паклёп на службовых асобаў, якія выносілі прысуды згаданым ва ўлётцы людзям.

Выбарчы працэс прайшоў з сур’ёзнымі парушэньнямі прынцыпаў дэмакратычных выбараў, замацаваных у міжнародных дамовах і беларускім заканадаўстве, — такую выснову зрабілі ініцыятары кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары». Непразрыстасьць падліку галасоў, на іх погляд, не дае падставаў сьцьвярджаць што афіцыйныя вынікі падліку адлюстроўваюць волевыяўленьне беларускіх грамадзянаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG