Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцэ-прэм’ер Ярэма: Украіна рыхтуецца да вайны, але спадзяецца на мір


Віталь Ярэма
Віталь Ярэма

Першы віцэ-прэм’ер ураду Ўкраіны Віталь Ярэма ў інтэрвію журналістам «Украінскай праўды» Мустафе Найему і Сяргею Лешчанку распавёў, што зьбіраюцца рабіць улады пасьля крымскага рэфэрэндуму, а таксама — як Украіна рыхтуецца да вайны з Расеяй.

Мы прыводзім урыўкі з інтэрвію.

— У нядзелю адбываецца так званы «рэфэрэндум» у Крыме. Які плян улады ў сувязі з гэтым? Чаго вы чакаеце і што будзеце рабіць?

— Ніякіх законных юрыдычных дзеяньняў у Крыме ня будзе адбывацца. Тое, што называюць «рэфэрэндум», — гэта распрацоўка Расейскай Фэдэрацыі з ужо вядомым нам вынікам. Будзе абвешчана, што 70–80% крымчан прагаласавалі
Ніякіх законных юрыдычных дзеяньняў у Крыме ня будзе адбывацца
за аддзяленьне Крыму ад Украіны і далучэньне да Расеі. Гэтая лічба ўжо напісаная ў Маскве. Што тычыцца дзеяньняў вайскоўцаў на тэрыторыі Крыму, то будзем спадзявацца, што правакацыі не завершацца чалавечымі ахвярамі і прымяненьнем зброі. Калі ж будзе ўжыта зброя супраць украінскіх вайскоўцаў, яны будуць абараняцца. І мы будзем весьці апэрацыю па выратаваньні людзей, якія знаходзяцца ў Крыме і маюць патрэбу ў абароне.

— Калі будуць абвешчаныя вынікі рэфэрэндуму з такім вынікам, то ўкраінскія вайскоўцы пакінуць тэрыторыю Крыму?

— Не, ні ў якім разе. Гэта наша тэрыторыя. Рэфэрэндум зьяўляецца незаконным, і ён для нас ня мае ніякай юрыдычнай сілы.

— Ці магчымы сцэнар, што Расея абвесьціць украінскіх вайскоўцаў акупантамі і пачне ваенныя дзеяньні супраць іх?

— Калі яны пачнуць ваенныя дзеяньні, мы будзем супраціўляцца ў адпаведнасьці з узроўнем пагрозы, які будзе існаваць у дачыненьні да грамадзян Украіны. Калі супраць нас скарыстаюць ваенную зброю, то ў адказ мы будзем таксама ўжываць ваенную зброю. Але гэтае пытаньне тычыцца тактыкі і адносіцца да кампэтэнцыі арміі і спэцслужбаў.

— Ці праўда, што ў Крым падцягнуліся нашыя вайскоўцы з заходняй Украіны?

— Гэта не сакрэт. Сёньня праводзяцца вайсковыя вучэньні. Усе вайсковыя падразьдзяленьні знаходзяцца ў высокай стадыі баявой гатоўнасьці. Праводзяцца мабілізацыйныя мерапрыемствы. Будзе падпісаны ўказ прэзыдэнта з гэтай нагоды. Мы набіраем ахвотных як у нацыянальную гвардыю, так і мабілізуем людзей, каб стварыць паўнавартасныя ваенныя часьці, якія здольныя стварыць ударную групу, каб весьці паўнавартасныя ваенныя дзеяньні. Але я больш чым упэўнены, што мы ў працэсе перамоваў дасягнем кансэнсусу з Расеяй.

— Існуе меркаваньне, што Крым для Ўкраіны ўжо страчаны. Пра гэта кажуць людзі ўсюды — дома, сярод знаёмых, у грамадзкіх месцах.

— Крым ня страчаны, Крым акупаваны. Крым быў і застанецца тэрыторыяй украінскай дзяржавы. Усёй сусьветнай супольнасьці зразумела, што Крым
Крым ня страчаны, Крым акупаваны
ня можа такім чынам стаць тэрыторыяй Расеі. Таму мы заўсёды будзем яго лічыць тэрыторыяй Украіны. Калі адтуль ня сыдуць расейскія войскі і будуць па сваёй колькасьці пераважаць над украінскімі войскамі, а Расея ня будзе рэагаваць на патрабаваньні сусьветнай супольнасьці, значыць, Крым будзе знаходзіцца некаторы час у такім стане, як цяпер. Ваяваць з ворагам, які пераважае па колькасьці, вельмі складана, асабліва калі ён там заняў ужо пазыцыі. Але з часам мы дасягнем станоўчага выніку, і Крым вернецца да таго стану, у якім ён знаходзіцца. Мы гатовыя даць дадатковыя паўнамоцтвы аўтаноміі, каб яна пакідала ў сябе на тэрыторыі больш падаткаў для ўласнага разьвіцьця.

— Што цяпер адбываецца на ўсходніх і паўночных межах Украіны? Ёсьць інфармацыя, што Крым — гэта манэўр. А сапраўдныя баявыя дзеяньні пачнуцца ў Данецкай, Луганскай і Харкаўскай абласьцях.

— На мяжы Ўкраіны з боку Расеі адбываюцца некаторыя манэўры Ўзброеных сіл Расеі. У тым ліку з прымяненьнем цяжкай бранятэхнікі. Але гэтыя манэўры ня носяць такога пагрозьлівага характару, не зьяўляюцца падрыхтоўкай для нападу на Ўкраіну. Расея пакуль не гатовая нападаць на Ўкраіну з боку поўначы і ўсходу. Нягледзячы на гэта, сіламі памежных войскаў, сіламі ўзброеных сіл Украіны, а таксама сіламі людзей, адносна якіх мы вядзем прызыў, мы ўзмацняем мяжу з Расеяй, у тым ліку тэхнічнымі сродкамі.

— На вашу асабістую думку, наколькі высокая верагоднасьць сапраўднай вайны з Расеяй?

— Сёньня мы робім усё, каб быць баяздольнымі. Я ўпэўнены, што вайны
Сёньня мы робім усё, каб быць баяздольнымі
ня будзе. Вайна на сваёй тэрыторыі — гэта страх, разруха, трэба абнаўляць эканоміку сотні гадоў. Я ўпэўнены, што вайны ня будзе, але мы да яе рыхтуемся ўсімі магчымымі спосабамі — і бюджэт, і чалавечы патэнцыял, і ідэалягічная праца. Спадзяюся, што сумеснымі намаганьнямі Ўкраіны і міжнародных структур мы спынім агрэсара, і ва Ўкраіне не пральецца кроў.

Цалкам інтэрвію можна пачытаць тут
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG