Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як катавалі журналістаў у крымскім палоне


9 сакавіка ў Хэрсонскай вобласьці на ўезьдзе ў Крым невядомыя ў камуфляжнай вопратцы выкралі некалькі журналістаў выданьня «Тиждень» Алеся Кромпляса, Яўгена Рахно, Алену Максіменку, а таксама актывістак «Аўтамайдана» Кацярыну Бутко і Аляксандру Разанцаву.

Сустрэўшыся з журналістамі пасьля вызваленьня, маладыя людзі распавялі, што адбывалася зь імі 9 і 10 сакавіка, калі ўвесь сьвет перажываў за выкрадзеных.

Алена Максіменка: Галоўныя прэтэнзіі да мяне ўзьніклі тады, калі знайшлі мае журналісцкія пасьведчаньні і фотакамэру. Але горш за ўсё тое, што там яшчэ была акрэдытацыя са Штабу Нацыянальнага супраціву — з прэс-цэнтру Майдана. Журналіст для іх — апрыёры вораг, які прыехаў падбухторваць народ і скажаць сытуацыю.

Нам, дзяўчатам, дасталося менш у фізычным пляне, але больш — псыхалягічна. Спрабавалі высьветліць, на каго мы працуем і хто нам плаціць, і ці ня сорамна мне пісаць заказныя артыкулы.

Адзін з казакоў чытаў паэму на ўкраінскай мове, вельмі артыстычна, пры гэтым прамаўляючы кожнае слова скрозь зубы зь нянавісьцю. І потым распавядаў, што ў сьвеце перанасяленьне і трэба лішніх людзей адстрэльваць: «А каго адстрэльваць, як не такіх людзей, як вы?» Прымусілі зьняць матузкі з кедаў, пасьля чаго адзін мужчына пачаў матузком мяне душыць, ударыў кулаком у скулу, адрэзаў частку валасоў.

Алесь Кромпляс: У мяне было два фотаапараты, але ўдалося растлумачыць ім, што гэта не прафэсійная тэхніка. Больш за ўсё іх раззлавала тое, што ў Яўгена была бронекамізэлька.

Нашую машыну адагналі на абочыну, а нас зь Яўгенам паставілі на калені і сказалі падняць рукі за галаву. На тым блёкпасьце было каля 200 чалавек, стаялі БТРы, намёты. І ўсе гэтыя людзі проста пачалі зьбірацца вакол нас, чытаць мараль, абзываць майданутымі, паралельна абшуквалі дзяўчат з «Аўтамайдана».

А потым падышоў нейкі супрацоўнік «Беркута». Спачатку сказаў: «Сюды глядзі», а потым: «Чаго ты глядзіш!» І проста ўдарыў мяне моцна нагой у жывот. Я стаяў на каленях. У нас рукі былі зьвязаныя ззаду плястыкавымі сьцяжкамі, у дзяўчат — скотчам. Яўгену даставалася больш, бо гэта яго машына. Яна прызначаная для бездарожжа, там ёсьць дамкрат, шнур. У нас распытвалі, навошта гэта вам. І пры кожным адказе, у які яны ня верылі, яго проста білі.

Пасьля нас завялі ў роў. Там таксама паставілі на калені. І пачаўся проста самы для іх цырк — атракцыён нябачанага садызму. Хтосьці з гранатай прапанаваў засунуць мне яе ў рот. Хтосьці падышоў і балюча ўдарыў у жывот. Беркутавец падышоў і пачаў пагражаць зброяй. Спачатку ён прыставіў да маёй галавы пісталет, перазарадзіў. Хтосьці прыйшоў зь дзьвюма рыдлёўкамі і сказаў, што будзем магілы капаць. Хтосьці казаў, што давайце канчайце іх, але каб не было шмат крыві.

Пыталіся: «Што табе адрэзаць? Нос ці вуха?» Праз гадзіну такіх катаваньняў мы зразумелі: усё, што ім трэба, — гэта проста зьдзек, у іх ёсьць выразны загад ня біць нас проста па твары. Мне разрэзалі штаны, каб быў відаць голы зад. Усё здымалі на тэлефон.

Хтосьці падышоў і кінуў на галаву недакурак. Я ляжаў і разумеў, што ўсе валасы гараць, адчуваў, як нешта пячэ на галаве. Пачынаў круціцца і біцца галавой аб зямлю, каб пагасіць валасы. Усе пачыналі сьмяяцца. Далей нас даставілі ў КПП ДАІ. З гэтага рова да КПП я ішоў без штаноў. Усе стаялі і рагаталі. Усё гэта дакумэнтавалася на відэа.

Яўген Рахно: У рове мы ляжалі са зьвязанымі ззаду рукамі. Яны паклалі мне галаву набок і стрэлілі за 5–10 сантымэтраў ад твару. Патроны былі баявыя. А пасьля гэтага прыстаўлялі да нагі, да рукі, пыталіся: «А што табе адстрэліць?»

Былі моманты, калі рабілася зразумела, што нас бяруць на понт. Яны ўвесь час нас правакавалі. Падыходзяць і кажуць: «А давай мы табе зубы вырвем». Бяруць абцугі і лезуць у рот. Гэта такі спосаб запалохваньня быў. Увесь гэты час мы былі са зьвязанымі рукамі, агульным лікам дзесьці гадзін 13.

Паводле публікацыі інтэрнэт-газэты «Українська правда».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG