Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыкашэт. «Выверты» Лукашэнкі


Рашэньне Лукашэнкі запрасіць у Беларусь расейскія ваенныя самалёты вельмі хутка рэалізавалася. Ужо назаўтра пасьля заявы беларускага кіраўніка, 13 сакавіка, на вайсковы аэрадром у Бабруйску прызямліліся 6 зьнішчальнікаў і 3 транспартныя самалёты з Расеі. Тут вельмі паказальнае месца іх зьяўленьня. Паводле афіцыйнай вэрсіі, гэтыя самалёты запрошаныя ў Беларусь дзеля супрацьдзеяньня вайсковай актыўнасьці НАТО ў Польшчы. Але Бабруйск бліжэй да Ўкраіны, чым да Польшчы.

І гэта толькі пачатак гісторыі, якая паступова пераходзіць у скандал. На сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніком Мардовіі Ўладзімерам Волкавым 13 сакавіка, на якой прысутнічаў і амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў, кіраўнік Беларусі раптам выказаў незадаволенасьць расейскімі мэдыямі:

«Учора некаторыя расейскія каналы паставілі Беларусь у адзін шэраг з Крымам і — ай-яй-яй: Лукашэнка спалохаўся, папрасіў дапамогі, абароны ў Расеі. Навошта вы гэта робіце? Вы лепш скажыце, што вы даўно просіце ў нас гэта. І я ўжо тут, ведаеце, рознымі вывертамі прапанаваў, каб Расея прыехала і тут прызямлілася».

Але тэлеканалы РФ проста пераказалі ягоную заяву наконт запрашэньня расейскіх самалётаў на нарадзе Савету Бясьпекі. Што ж так абурыла Лукашэнку?

Я б адзначыў тут тры чыньнікі.

Па-першае, Лукашэнка вельмі незадаволены, што расейскія мэдыі зьвязалі гэтае рашэньне з расейска-ўкраінскім канфліктам, крызісам вакол Крыму. Ён жа ўсяляк спрабаваў схаваць такую сувязь. А тут яшчэ МЗС Украіны расцаніла дысьлякацыю расейскіх самалётаў у Беларусі менавіта як антыўкраінскую акцыю.

І, дарэчы, афіцыйны Кіеў адмовіўся ад удзелу ў нарадзе намесьнікаў міністраў замежных спраў краін СНД у Менску — бо такое мерапрыемства, паводле лёгікі, павінна прайсьці ў дзяржаве, якая захоўвае нэўтралітэт адносна расейска-ўкраінскага канфлікту. А Менск, дазволіўшы дысьлякацыю ў Беларусі самалётаў РФ, стаў удзельнікам канфлікту на баку Расеі.

Па-другое, Лукашэнка раскрыў сакрэт Палішынэля, тое, што было і так зразумела ўсім экспэртам. Высьветлілася, што Расея даўно прасіла пра гэта, і Беларусь была вымушана саступіць ціску. І Лукашэнка, апавядаючы на нарадзе Савету Бясьпекі, што ён з уласнай ініцыятывы запрасіў расейскія самалёты, казаў няпраўду. Ён сам гэта назваў «рознымі вывертамі».
Зьяўленьне ў Беларусі расейскіх самалётаў на патрабаваньне Пуціна выстаўляе беларускага кіраўніка як сатэліта, марыянэтку Расеі

Навошта ж спатрэбіліся гэтыя «выверты», чаму з самага пачатку не сказаць праўду? Бо Лукашэнка прэзэнтуе сябе як моцнага палітыка, які не паддаецца ціску. («На мяне ніхто ня цісьне, ніякія Крэмль і іншыя на мяне ніколі ня ціснулі, таму што гэта, па-першае, беспэрспэктыўна»). А тут ён выглядае як слабак, якога Масква зламала. А зь іншага боку, зьяўленьне ў Беларусі расейскіх самалётаў на патрабаваньне Пуціна выстаўляе беларускага кіраўніка як сатэліта, марыянэтку Расеі. Бо ніхто не падтрымаў Маскву ў гэтым канфлікце, акрамя Менску. Што вельмі непрыемна для палітыка, які шмат разоў спрабаваў выступаць у вобразе мэсіі, чалавека, які моцна ўплывае на ўсясьветныя працэсы. А расейскія тэлеканалы зьнялі зь яго ўвесь піяраўскі антураж, паказалі яму ягонае сапраўднае месца.

Па-трэцяе, і сам Лукашэнка, і Міністэрства абароны Беларусі ўжо заявілі, што расейскія самалёты прыляцелі ў Беларусь для ўдзелу ў манэўрах. Гэта новая вэрсія, адрозная ад той, якую кіраўнік Беларусі выказаў на нарадзе Савету Бясьпекі 12 сакавіка. Яна вылучаная для таго, каб супакоіць грамадзкасьць. Бо вайсковыя вучэньні — справа часовая. Паводле лёгікі, пасьля іх заканчэньня самалёты павінны вярнуцца назад.

Ня менш цікавая перапалка МЗС Украіны і Беларусі ў гэтым пытаньні. Афіцыйны прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Украіны, у прыватнасьці, заявіў:

«Паводле апэратыўных зьвестак, якія мы атрымліваем, тыя вучэньні, што праводзяцца Расеяй у Белгародзкай, Курскай абласьцях, таксама праводзяцца некаторымі расейскімі ваеннымі часьцямі і на тэрыторыі Беларусі. Гэта ня можа не выклікаць трывогі. Фактычна гэта азначае тое, што да гэтай агрэсіі з боку Расеі спрабуюць усялякім чынам прыцягнуць і іншыя прыязныя нам дзяржавы».

У адказ прэсавы сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык абверг тэзіс пра вучэньні расейскіх вайсковых часьцей на тэрыторыі Беларусі, назваў гэта «домысламі», «неправеранай інфармацыяй». А потым прызнаў, што вайсковыя вучэньні ў Беларусі адбываюцца ў адказ на актывізацыю НАТО паблізу ад дзяржаўнай мяжы Беларусі. Пра вучэньні ў Беларусі з удзелам расейскіх самалётаў казаў і Лукашэнка. Дык ці ёсьць вучэньні, ці гэта домыслы? Што ж абвяргае МЗС Беларусі?

Выглядае, што і Лукашэнка, і МЗС спрабуюць выкруціцца зь непрыемнай сытуацыі, у якую трапілі праз свой дазвол на базаваньне тут расейскіх самалётаў. Выходзіць няўклюдна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG