Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці вырашыць экспарт газу з ЗША энэргетычныя праблемы Эўропы?


Радовішча сланцавага газу ў ЗША
Радовішча сланцавага газу ў ЗША

Здабыча сланцавага газу ў ЗША цяпер знаходзіцца на ўздыме. Умяшаньне Расеі ў Крыме дало штуршок тым, хто заклікае Амэрыку паскорыць экспарт прыроднага газу ў Эўропу, каб дапамагчы ёй скараціць сваю залежнасьць ад расійскіх энэрганосьбітаў. Але наколькі рэальная гэтая ідэя?

Аналітык Радыё Свабода Антуан Блюа прапануе наступны погляд на праблему.

Чаму ўсе гавораць пра экспарт Злучанымі Штатамі прыроднага газу ў Эўропу?

Расея зьяўляецца найбуйнейшым у сьвеце экспартэрам прыроднага газу, і Масква не саромеецца выкарыстоўваць гэта ў якасьці палітычнай зброі. Расея забясьпечвае Эўропу энэргіяй прыкладна на 40 адсоткаў, і пры гэтым большасьць прыроднага газу пастаўляецца па трубаправодах праз тэрыторыю Ўкраіны. А гэта – цалкам рэальны патэнцыял для новых парушэньняў і палітычнага шантажу.

Такая сытуацыя прывяла Эўропу да заклікаў шукаць альтэрнатыўныя крыніцы энэргіі. І адна з гэтых патэнцыйных крыніц – пастаўкі праз Атлянтычны акіян з ЗША.

Дзякуючы прагрэсу ў гідраўлічнай тэхналёгіі гідраразрыву, вядомай як Fracking, і наступнай "рэвалюцыі сланцавага газу", Злучаныя Штаты ў апошнія гады сталі найбуйнейшым у сьвеце вытворцам прыроднага газу.

Паколькі праз Атлянтыку не пракладзена ніякіх газаправодаў, каб экспартаваць газ у Эўропу, Злучаным Штатам давядзецца ператвараць свой прыродны газ у звадкаваны, каб адпраўляць яго ў танкерах.

Хто заклікае Злучаныя Штаты да экспарту газу?

Амэрыканскія заканадаўцы і эўрапейскія палітыкі выкарысталі крызыс ва Ўкраіне, каб заклікаць адміністрацыю прэзыдэнта Барака Абам паскорыць працэс зацьвярджэньня экспарту звадкаванага газу.

6 сакавіка ў сваім артыкуле ў "The Wall Street Journal" сьпікер Палаты прадстаўнікоў Кангрэса ЗША Джон Бонэр заклікаў Вашынгтон "вызваліць" сваю "прыродную энэргію" ў якасьці зброі супраць прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна.

Амбасадары краін Вышаградскай групы – Польшчы, Чэхіі, Славакіі ды Вугоршчыны – таксама напісалі ліст з заклікам да Кангрэсу ЗША ліквідаваць бюракратычныя перашкоды для экспарту газу. Такі крок, сьцьвярджаюць паслы, мог бы паменшыць іх залежнасьць ад паставак з Расеі.

Акрамя таго, 10 сакавіка прэм'ер-міністар Польшчы Дональд Туск змрочна папярэдзіў, што залежнасьць Нямеччыны ад расейскага газу можа фактычна зьмяншаць сувэрэнітэт Эўропы.

Ці могуць Злучаныя Штаты экспартаваць ў Эўропу ў неабходныя аб'ёмы прыроднага газу?

Джэніфэр Дэ-Лай зьяўляецца рэдактарам штотыднёвіка "FSU Oil and Gas Monitor". Яна адказвае на гэтае пытаньне:

"Тэарэтычна, так, могуць. Здабыча газу ў ЗША дастатковая для падтрымкі экспарту, і яго вытворчасьць расьце. Тым ня менш, гэта ня тое, што можа быць зроблена неадкладна. Калі экспарт адкрыць, то я чакаю, што ЗША змогуць забясьпечыць значныя аб'ёмы пастаўкі газу ў Эўропу. Гэта, верагодна, будзе дастаткова для таго, каб кампэнсаваць частку расейскага ціску".

Джонатан Стэрн з Оксфардзкага інстытута энэргетычных дасьледаваньняў лічыць, што Эўропа мае магчымасьць атрымаць вялікую колькасьць танкераў са звадкаваным газам – але гэта больш датычыцца Вялікабрытаніі і Паўднёвай Эўропы, чым Эўропы Цэнтральнай.

Польшча будуе адмысловы тэрмінал для імпарту звадкаванага газу на ўзьбярэжжы Балтыйскага мора. Чакаецца, што ён будзе завершаны ў канцы гэтага году.

Як хутка Злучаныя Штаты могуць пачаць экспарт прыроднага газу ў Эўропу?

Злучаныя Штаты ў цяперашні час не зьяўляецца буйным экспартэрам прыроднага газу. Тое, што яны вырабляюць для экспарту, ідзе пераважна ў Канаду і Мэксыку па трубаправодах.

Міністэрства энэргетыкі ЗША ўхваліла пабудову шасьці тэрміналаў для экспарту звадкаванага прыроднага газу танкерамі, і яшчэ больш праектаў знаходзяцца ў распрацоўцы.

Джонатан Стэрн кажа, што ЗША не ўвядзе ў дзеяньне свой першы экспартны тэрмінал раней за канец 2015 году, а вялікія аб'ёмы экспарту ня будуць даступныя прынамсі да 2019 году:

«Я баюся, што гэта ня вельмі рэалістычна, і гэта не адбудзецца ў бліжэйшы час. Гэта тыпова палітычная дыскусія паміж людзьмі, якія сапраўды не разумеюць сытуацыю. Мы сапраўды не павінны чакаць, што экспарт газу з ЗША ў пэўным сэнсе зьнізіць нашу залежнасьць ад расейскага газу нават празь пяць ці шэсць гадоў».

У нядаўнім інтэрвію "The New York Times" Карлас Паскуаль, які ўзначальвае Бюро энэргарэсурсаў Дзярждэпартамэнту ЗША, сказаў, што, хоць патэнцыйны амэрыканскі экспарт і не адразу вырашыць праблемы Эўропы, ён пасылае выразны сыгнал, што глябальны газавы рынак зьмяняецца і што ёсьць пэрспэктыва значна большых паставак з іншых частак сьвету.

Ці было б для амэрыканскіх кампаній выгадна прадаваць газ у Эўропу?

Паводле Джонатана Стэрна, пастаўшчыкі прыроднага газу будуць прадаваць звадкаваны газ пакупнікам, якія гатовыя плаціць самую высокую цану – а тыя пакупнікі не абавязкова павінны быць з Эўропы.

Цяпер, паводле ягоных словаў, Эўропа не купляе шмат звадкаванага газу, таму што азіяцкія пакупнікі плацяць больш высокую цану .

Стэрн кажа, што калі кошты на газ у ЗША ўздымуцца рэзка – як гэта было на працягу кароткага пэрыяду ў лютым з-за вельмі халоднага надвор'я – то амэрыканскі газ ня зможа быць канкурэнтназдольным у Эўропе паводле цяперашніх цэнавых рэаліяў.

Стэрн дадае, што Масква можа лёгка зьнізіць свае цэны, так што расейскі газ будзе больш прывабным, чым імпартаваны з ЗША.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG