Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Беларусі ня хочуць прыватнай уласнасьці на зямлю


У Беларусі прыватнай уласнасьці на зямлю ня будзе, заявіў у інтэрвію газэце «Рэспубліка» намесьнік начальніка галоўнага эканамічнага ўпраўленьня Адміністрацыі прэзыдэнта Пётар Казакевіч.

«У нас прыватнай уласнасьці на зямлю, хутчэй за ўсё, ня будзе. Прынамсі, на дадзеным этапе», — сказаў Казакевіч.

«Некаторыя нашы сельгаспрадпрыемствы ўжо ня раз даказалі магчымасьць эфэктыўнай працы без прыватнай уласнасьці на зямлю. Яны атрымлівалі высокія ўраджаі сельскагаспадарчых культур, надоі малака, цалкам маглі абыходзіцца без падтрымкі дзяржавы. Таму, відаць, няправільна ўсё зводзіць да прыватнай уласнасьці на зямлю», — такім чынам спэцыяліст пракамэнтаваў меркаваньне, што сельская гаспадарка без прыватнай уласнасьці на зямлю эфэктыўна разьвівацца далей ня зможа.

На яго думку, у Беларусі ёсьць «годная альтэрнатыва — арэнда».

«Зямля па-ранейшаму застанецца за дзяржавай і бліжэйшым часам будзе здавацца ў арэнду [на тэрмін] да 99 гадоў», — удакладніў Казакевіч. Паводле ягоных слоў, за гэты час на ёй могуць цалкам амартызавацца будынкі, іншая маёмасьць, зьменіцца некалькі пакаленьняў гаспадароў-карыстальнікаў.

Аляксандар Ярашук, які ў 1991 годзе загадваў аддзелам аграрнай палітыкі ЦК КПБ, адзначыў у інтэрвію Радыё Свабода, што думка Пятра Казакевіча супярэчыць ацэнцы стану сельскай гаспадаркі, якую нядаўна даваў прэм’ер-міністар Беларусі:

«Я мог бы спаслацца на словы прэм’ер-міністра Беларусі Міхаіла Мясьніковіча, які вельмі крытычна ацаніў стан эканомікі ў сельскай гаспадарцы. Нават была створаная камісія для таго, каб выпрацаваць захады па выхадзе з таго выключна цяжкага стану, у якім знаходзіцца аграпрамысловы комплекс. Прычына гэтай ацэнкі — татальная неэфэктыўнасьць і неканкурэнтаздольнасьць прадуктаў сельскай гаспадаркі.

Ад сябе магу дадаць, што калі ня будзе прыватнай уласнасьці, у першую чаргу ў галіне сельскай гаспадаркі, то яна ніколі ня будзе ні канкурэнтаздольнай, ні эфэктыўнай. Няма аніякага шанцу, што становішча там зьменіцца без увядзеньня прыватнай уласнасьці на зямлю.

Няўжо спадар Казакевіч ня ведае, што сёньня беларусы рвуцца за мяжу, у першую чаргу ў Польшчу і Літву, каб набываць там прадукты харчаваньня, якія там значна вышэйшай якасьці і значна таньнейшыя, чым у Беларусі? Вядома, што ў Польшчы і ў Літве, як і ва ўсім цывілізаваным сьвеце, ужо доўгі час сельская гаспадарка разьвіваецца на грунце прыватнай уласнасьці, у тым ліку прыватнай уласнасьці на зямлю».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG