Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З расейскага газу Ўкраіна пяройдзе на амэрыканскі?


У ЗША прыдумалі, як зьнізіць залежнасьць Украіны і Эўропы ад расейскага газу.

Уплывовыя прадстаўнікі Рэспубліканскай партыі ЗША заклікалі прэзыдэнта Барака Абаму да ліквідацыі бюракратычных затрымак, якія перашкаджаюць экспарту амэрыканскага звадкаванага прыроднага газу ключавым партнэрам ЗША.

На думку рэспубліканцаў, зьняцьце абмежаваньняў дапаможа зьнізіць залежнасьць Украіны і Эўропы ад расейскага газу, і, адпаведна, паменшыць ступень уплыву Расеі на эўрапейскім кантынэнце.

«Такая мера патрэбная нам цяпер як ніколі моцна», – падкрэсьліў галоўны прадстаўнік Рэспубліканскай партыі ў камітэце сэнату ЗША па ўзброеных сілах Джым Інхоўф.

Дадзеную пазыцыю падтрымлівае і сьпікер палаты прадстаўнікоў ЗША Джон Бэйнэр. Ён адзначыў, што ЗША «не павінны змушаць сваіх саюзьнікаў у Эўропе захоўваць залежнасьць ад расейскага газу».

«Зьняцьце абмежаваньняў, якія зьяўляюцца дэ-факта забаронай на экспарт газу, і пачатак экспарту можа стаць крокам, які ясна прадэманструе, што ЗША дапамагае сваім саюзьнікам, а таксама стварае працоўныя месцы ў сваёй краіне», – сказаў Бэйнэр.

Сэнатар ад Ваймоінга Джон Бараса мяркуе, што залежнасьць Украіны і Эўропы ад экспарту расейскага газу дазваляе Расеі маніпуляваць рэгіёнам, выкарыстоўваючы цэны на газ як сваю зброю.

«Калі прэзыдэнт Абама сапраўды хоча дапамагчы Ўкраіне і яе народу, ён ўхваліць паскораны экспарт газу ў краіну. Гэта дапаможа Ўкраіне пераадолець залежнасьць ад расейскіх энэрганосьбітаў і палітычных маніпуляцый Уладзімера Пуціна», – сказаў ён.

У ЗША і раней узьнікалі спрэчкі ў справе моцных абмежаваньняў на экспарт газу і нафты, аднак раней галоўнымі аргумэнтамі на карысьць іх зьняцьця былі стварэньне працоўных месцаў і зьніжэньне коштаў на паліва для спажыўцоў. Аднак палітычны крызіс ва Ўкраіне прымушае амэрыканскіх палітыкаў паглядзець на пытаньне пад іншым вуглом.

Старшыня камітэту палаты прадстаўнікоў ЗША у энэргетыцы і гандлі Фрэд Аптан адзначыў, што «пашырэньне экспарту СПГ (звадкаваны прыродны газ) дасьць магчымасьць зьнізіць уплыў Расеі, і таму дыпляматычная задача ў дадзеным пытаньні – дзейнічаць хутка».

Камітэт, які ўзначальвае Аптан, «працягне распрацоўку законапраектаў, якія ў сукупнасьці з рынкавымі сіламі і новымі тэхналёгіямі, дазволяць даць Усходняй Эўропе новыя спосабы доступу да недарагога паліва, акрамя Расеі».

На думку Аптана, менавіта бюракратычныя абмежаваньні не дазваляюць Вашынгтону задзейнічаць поўны арсэнал для барацьбы з уплывам Расеі ў рэгіёне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG