Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутаты не падтрымалі аўтасьлесараў


Стаўка новага адзінага падатку на прызнаны даход (так званы «вменённый») для працаўнікоў станцый тэхнічнага абслугоўваньня ў Горадні зьменшылася толькі на 50 тысяч рублёў і складае мільён 250. Уладальнікі малых прыватных СТА ў роспачы.

У сярэдзіне студзеня работнікі СТА Горадні накіравалі пратэст да абласных дэпутатаў і ў Аміністрацыю прэзыдэнта супраць увядзеньня з 2014 года новага падатка на прызнаны даход (так званы «вменённый»), калі колькасьць супрацоўнікаў у аўтамайстэрнях не перавышае 15 чалавек.

Невялікія СТА у выніку увядзеньня гэтага падатку апынуліся пад пагрозай закрыцьця, паколькі дадаткова плаціць штомесяц мільён 300 тысяч трэба і за дырэктара, і за бухгальтара і за прыбіральшчыцу, якія ў фармаваньні прыбытку фірмы ня ўдзельнічаюць.

І вось Гарадзенскі абласны Савет прымае новае рашэньне: для гарадзенскіх СТА суму падатка зьменшыць да мільёна 250 тысяч рублёў у месяц на аднаго работніка. Для фірмаў, якія месьцяцца ў Ваўкавыску, Слоніме, Смаргоні, Лідзе, Наваградку і Гарадзенскім раёне падатак зьмяншаецца да мільёна 50 тысяч. Для іншых населеных пунктаў вобласьці — да 750 тысяч рублёў.

Уладальнікі аўтамайстэрняў кажуць, што не зусім зразумелі папраўку абласных дэпутатаў, паколькі зьмяншэньне сумы падатку на 50 тысяч прынцыпова нічога не зьмяняе. Вось як на гэта рэагуе спадар Сяргей у якога на СТА працуюць чатыры чалавекі.

Спадар: «На 50 тысяч зьнізілі, гэта каму яны зьнізілі? Гэта яны палічылі, што нам зрабілі нейкую льготу? Гэта сьмешна, а з іншага боку — гэта ўдар ніжэй пояса».
першае на што ён пойдзе: звольніць свайго адзінага супрацоўніка

Перад усімі аўтамайстэрнямі, дзе працуе да 15 чалавек, а іх па горадзе да 90%, паўстала рэальнае пытаньне — як выжываць у гэтых умовах? Спадар Аляксей, які займаецца шынамантажом, кажа, што ў яго праца сезонная і першае на што ён пойдзе: звольніць свайго адзінага супрацоўніка.

Спадар: «Да сканчэньня кантракта я звольніць чалавека не магу, а ў красавіку кантракт сканчаецца і я яму яго не працягваю, ён аб гэтым ведае. Буду працаваць толькі сам, трэба скарачаць расходы, інакш папросту ня выжыць».

Уладальнікі аўтасэрвісаў зьбіраліся разам і абмяркоўвалі праблему. Многія выказваюцца за тое, каб падвысіць кошты на паслугі і такім чынам ратаваць сытуацыю. Аднак бухгальтары пралічылі, што зрабіць гэта будзе няпроста. Кажа спадар Андрэй:

«У прынцыпе мы ня можам падняць цэны на свае паслугі, бо кліенты пойдуць у гаражы да тых, хто працуе пад чорнымі сьцягамі. Мы палічылі, што дзеля таго, каб нам было выгодна, зыходзячы з існуючых нормаў, мы павінны падняць расцэнкі да 400 тысяч за якія зараз плацяць сто. Але хто тады паедзе да нас за 450 тысяч мяняць шруз...».

Нерэальна і пашырыць сваё прадпрыемства, каб у ім працавала больш за 16 чалавек ды і паводле прынятай пастановы, нават калі ты і набярэш больш за 15 чалавек, то будзеш за кожнага плаціць мільён 250 тысяч новага падатку да сканчэньня гэтага года.

Перайсьці ізноў у ІП і плаціць падаткі па спрошчанай схеме таксама невыгодна. Спадар Андрэй кажа, што іх нібы абклалі з усіх бакоў.

«Атрымліваецца, што давядзецца выкінуць шмат грошай на вецер. Дакумэнтацыя ўся, а ў мяне адныя праграмы каштуюць каля 600 даляраў, а гэта на тое, што я маю права выконваць пэўныя віды паслугаў. І гэта робіцца альбо на папяровых, альбо на электронных носьбітах. На апошніх, вядома, зручней. І вось так за кожную паперку паўсюль трэба заплаціць, а гэта набягае больш чым за тысячу даляраў».

Ніхто з прадпрымальнікаў канкрэтна ня ведае, што ў гэтай сытуацыі рабіць. Людзей абурае тое, што абласныя дэпутаты не вынесьлі такое важнае пытаньне на абмеркаваньне, каб і адмыслоўцы маглі выказаць аргумэнты адносна новага падатку. Часта даводзілася чуць, што працаваць будзем да тае пары пакуль зможам. Вось як характэрызуе сытуацыю спадар Сяргей:

«Буду выжываць. Калі выжыву, то выжыву, а не, то ня ведаю... Ну а як з гэтым змагацца? Вы чулі апошнія выказваньні прэзыдэнта? Маўляў, толькі паспрабуце, падыміцеся..., і гэта ўсё паказвалі па тэлебачаньні і было сказана канкрэтна: чаго вы тут бунтуеце...».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG