Першы досьвед
Усё пачалося з таго, што ў Горадні ня стала працы прараба на будоўлі. Тое, што прапаноўвалі, не задавальняла ні мяне, ні сям’ю. Праз інтэрнэт знайшоў прапанову ў Санкт-Пецярбургу і разам зь сябрамі паехаў. У фірме, куды ўладкоўваўся, працавалі пераважна гастарбайтэры з Азіі, як правіла, людзі без кваліфікацыі. Ім плацілі пагадзінна — 15–16 тысяч на месяц.
Паглядзеўшы аб’ёмы працы на будоўлі жылых дамоў, я прапанаваў гаспадыні фірмы замяніць брыгаду з 30 азіяцкіх рабочых на нас пяцёх, прычым выдаў ёй усю калькуляцыю, гарантуючы якасьць выкананьня працы і зьменшыўшы амаль удвая тэрміны здачы аб’ектаў. Праз тыдзень атрымаў адмову. Двое маіх сяброў адразу ад’ехалі дамоў.
Пабадзяўшыся тыдзень па Піцеры, уладкаваліся зь сябрам на будоўлю камунальнага жыльля, заключылі дамову на ўсталяваньне 150 кватэрных дзьвярэй, зрабілі працу за два тыдні і прыйшлі па разьлік. А вось тут усё і пачалося:
Не даюць разьліку — і ўсё. Маўляў, пакуль дом не здамо, грошай ня будзе. Мы ўжо знайшлі іншую працу, але да гэтых як ні прыйдзем, грошай няма, і ўсё. Перад Новым годам узялі ўсур’ёз у абарот канкрэтнага чалавека, які нас наймаў. Высьветлілі, што за адны ўстаўленыя дзьверы сабе ён браў 800 рублёў, а нам плаціў па 300... Усё ж ён з намі разьлічыўся, але працу мы скончылі ў ліпені, а разьлік атрымалі ў сьнежні.
У Ваенна-марской акадэміі за працу наагул не заплацілі
У пошуках працы мы ўтрох, гарадзенцы, аб’ядналіся яшчэ з трыма менчукамі. Знайшлі працу ў Ваенна-марской акадэміі, там трэба было рамантаваць пакоі: столь, сьцены, падлогу — нічога новага для нас. Праўда, паколькі гэта быў вайсковы аб’ект, нам забаранілі выходзіць за межы КПП. Калі трэба было нешта купіць, то бралі грошы і прыносілі.
А вы хто такія? Ах, зь Беларусі, а як вы наагул сюды трапілі?
А вы хто такія? Ах, зь Беларусі, а як вы наагул сюды трапілі? Ды вы не грамадзяне», і г.д. Карацей, мы камэнданту гэтаму лыч начысьцілі і праз плот, а не праз прахадную змыліся. А там толькі мы, гарадзенцы, недзе 80 тысяч зарабілі. Зразумела, што нехта гэтыя грошы ўсё роўна будзе мець. І цікава, што яны ўсё рабілі так, каб мы самі адтуль пайшлі.
З Расейскай чыгункай судзімся за свой заробак
Другую працу мне ўдалося знайсьці па спэцыяльнасьці: прыкладна за 140 кілямэтраў ад Піцера. Расейская чыгунка будавала вялікія агароджы для цыстэрнаў з палівам у месцах, дзе іх на нейкі час ставяць на стаянку. Гэта, мабыць, была мая самая цікавая будоўля ў жыцьці.
Як высьветлілася, праекту для будаўніцтва не было. Мяне як прараба запыталі — як я бачу магчымую будоўлю. Намаляваў на кавалачку паперы, паказаў, начальства адразу дало дабро. Дарэчы, пасьля заканчэньня будаўніцтва з маёй паперкі зрабілі праект і выставілі так, нібыта ён распрацаваны Расейскай чыгункай.
Брыгада будаўнікоў прыехала з Растова-на-Доне, але ніхто зь іх ня меў нават найменшага ўяўленьня, як і што трэба рабіць. Людзі прыехалі таксама таму, што ў іхнім горадзе няма працы, і будаўнікоў па спэцыяльнасьці сярод іх практычна не было. Давялося напачатку быць настаўнікам. Добра, што спадары былі сур’ёзнымі і хацелі таксама зарабіць. Урэшце справа пайшла.
Два першыя месяцы нам нават нядрэнна плацілі, я зарабляў блізу 2 тысяч даляраў. Наступныя тры месяцы — як абрэзала: пачакайце, няма грошай, хутка будуць, і да таго падобнае.
Нам на сёньня вінныя прыкладна па 8 тысяч даляраў кожнаму за тры месяцы
Праўда, навучаны горкім досьведам, я рабіў ксэра ўсіх падпісаных дамоўленасьцяў і складаў у сябе. А мы працавалі без выходных: сонца ўстае — выходзім на працу, сонца заходзіць — ідзём спаць. Мясцовыя жыхары, якія атрымліваюць па 15–20 тысяч на сваіх працах, прыходзілі да нас уладкоўвацца, але больш за два-тры дні не вытрымлівалі і казалі, што ім ня трэба такіх грошай.
Аб’ект для Расейскай чыгункі здалі ў тэрмін згодна з дамовай, а вось разьліку чакаем дагэтуль.
Нам на сёньня вінныя прыкладна па 8 тысяч даляраў кожнаму за тры месяцы. І ад гэтых грошай мы ня будзем адмаўляцца ні ў якім выпадку, будзем ваяваць. Пакуль што я напісаў паперы ў пракуратуру Ленінградзкай вобласьці і горада Волхава. У мяне пры сабе ўсе дакумэнты ёсьць, згодна зь якімі яны абавязваліся правесьці разьлікі.
У саюзнай дзяржаве лечаць толькі за грошы
У Волхаве са мной здарылася яшчэ адна даволі непрыемная гісторыя. Аднаго дня так скруціла жывот, што ня даў рады разагнуцца. Выклікалі хуткую дапамогу, лекары сказалі, што тэрмінова патрэбна апэрацыя, бо ў мяне прарвалася язва ў страўніку. А ў шпіталі, калі паглядзелі мой пашпарт, то сказалі, што я грамадзянін іншай дзяржавы і апэрацыю зробяць толькі ў тым выпадку, калі заплачу 20 тысяч расейскіх рублёў.
Я быў заікнуўся, што мы жывём у саюзнай дзяржаве, але мне толькі ўсьміхнуліся ў адказ
Мы запыталі — як будзем афармляць паперы? А ён адразу кажа: прывязіце грошы, я сам усё аформлю. Мы так зразумелі, што ўсё гэта нідзе ня будзе афармляцца, і паколькі грошай у нас так і не зьявілася, то мы і не разьлічыліся. Няёмка, вядома, але ж гэта і ня наша віна. Каб нам заплацілі, то і мы б аддалі яму грошы. Але я думаю, што свае грошы мы ўсё ж дастанем, і я абавязкова доўг адвязу чалавеку.
Пазьней яшчэ трэба было зьняць пасьляапэрацыйныя швы, але ў шпіталі за гэта запатрабавалі 5 тысяч рублёў. Давялося купіць у аптэцы зялёнку і самому выцягваць ніткі з жывата. Цяпер цяжка працаваць не магу, лекары пакуль забараняюць.
Яшчэ адным назіраньнем з расейскага досьведу хачу падзяліцца.
Будаўнічых дзяржаўных фірмаў, як я зразумеў, у Расеі наагул не засталося. Падрады на будаўніцтва бяруць усе гэтыя прыватныя кампаніі, самі набіраюць людзей, і дзе і каго яны набіраюць, нікога не хвалюе. У мяне нават дыплём не папрасілі паказаць, ні працоўнай кніжкі, нічога. Гэта ўмееш? Давай пакажы. — Ну, я вось бачу гэта так і так. — О, добра, так і рабі.
Вось каб яшчэ за працу і грошы плацілі, — стомлена падсумоўвае мой суразмоўца.