Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйск: новы сэзон звальненьняў актывістаў Свабоднага прафсаюзу


З Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў звольнілі сябра Свабоднага прафсаюзу Беларускага Аляксандра Нікітку.

Скончыўся тэрмін дзеяньня працоўнага кантракту, і адміністрацыя вырашыла больш яго не падаўжаць. Актывіст жа настойвае, што звольнілі яго з прычыны сяброўства ў незалежным прафсаюзе. Такі выпадак — ня першы на гэтым прадпрыемстве.

Аляксандар Нікітка адпрацаваў на заводзе 11 гадоў. На пытаньне пра прэтэнзіі да ягонай працы адказвае, што калі такія й былі, то дробныя, і яны не маглі стаць прычынаю для звальненьня. Актывіст цьвердзіць, што яго папярэджвалі: ня выйдзеш з Свабоднага прафсаюзу — звольнім, калі скончыцца кантракт. Ён не прыслухаўся і стаў беспрацоўным:

«Людзі з прафсаюзу выходзяць, калі каму застаецца да пэнсіі два-тры гады, бо баяцца, што больш нідзе не ўладкуюцца, — зазначае Аляксандар Мікітка. — Я ж малады яшчэ, таму не пабаяўся, ня выйшаў, і мяне проста звольнілі. Калі ж працаўнік выходзіць зь незалежнага прафсаюзу і ўступае ў афіцыйны заводзкі, то працуе далей».

46-гадовы Аляксандар Нікітка кажа, што занятак сабе яшчэ не падшукаў. На пэрспэктыву працаўладкаваньня глядзіць аптымістычна:
Вы думаеце, што я са сваёй спэцыяльнасьцю кіроўцы пагрузчыка не знайду працы?

«Вы думаеце, што я са сваёй спэцыяльнасьцю кіроўцы пагрузчыка не знайду працы? — кажа ён. — Знайду! Нават у Бабруйску! Вядома ж, не з такім мізэрным заробкам, як на заводзе: тут тры з паловай мільёны — гэта „столь“. Ні аб чым я не шкадую».

Калі стала вядома, што Аляксандра Нікітку зьбіраюцца звальняць, ягоныя паплечнікі па прафсаюзе зьвярнуліся да кіраўніцтва заводу. У лісьце прасілі перагледзець рашэньне. Спасылаліся на дамоўленасьць з адміністрацыяй, што ўсе спрэчныя моманты будуць вырашацца ў межах сацыяльнага партнэрства. Старшыня суполкі Міхаіл Кавалькоў заяўляе, што адміністрацыя мела час, каб прыслухацца да пазыцыі працаўнікоў, але паступіла насуперак ёй і нават не адказала на ліст:

«Яны атрымалі ліст 12 лютага. А 20 — яго звольнілі. У іх было 8 дзён, каб прыняць рашэньне. Яны, — кажа Кавалькоў пра адміністрацыю заводу, — як перасьледавалі сяброў прафсаюзу, гэтак і працягваюць, хочуць яго ліквідаваць».

Пачуць пазыцыю прадстаўнікоў заводзкай адміністрацыі не ўдалося. Намесьнік генэральнага дырэктара прадпрыемства па ідэалягічнай працы Ўладзімер Елісеенка заявіў, што не ўпаўнаважаны камэнтаваць сытуацыю. Сам жа генэральны дырэктар заводу Аляксандар Аграновіч на тэлефанаваньні не адказваў.

На афіцыйным сайце прадпрыемства ад пачатку году зьявіліся некалькі паведамленьняў, у якіх гаворыцца пра намаганьні адміністрацыі заводу разьвязаць канфліктную сытуацыю з суполкай Свабоднага прафсаюзу Беларускага.

У паведамленьні ад 24 студзеня гаварылася, што ўжо «дасягнутая дамоўленасьць пра пачатак трохбаковых перамоваў, якія тычацца пытаньняў узаемадзеяньня прафсаюзных арганізацыяў і наймальніка». У наступных паведамленьнях старшыню суполкі Міхаіла Кавалькова адміністрацыя вінаваціць у тым, што ён зрывае дыялёг. 3 лютага было заяўлена: «Кавалькоў адклаў пачатак перамоваў, бо нібыта апасаецца, што адміністрацыя пайшла на кантакт праз знаходжаньне ў Менску кантактнай місіі Міжнароднай арганізацыі працы, і калі тая зьедзе, то сытуацыя зьменіцца да горшага». Далей выказваецца меркаваньне, што сустрэчы з адміністрацыяй прадпрыемства патрэбныя Кавалькову «дзеля справаздачы перад вышэйстаячымі прафсаюзнымі органамі, у тым ліку і замежнымі».
Тое, што адміністрацыя прадпрыемства паставіла на мэце зьнішчыць прафсаюз — гэта адназначна, і яны гэтага не хаваюць

У паведамленьнях на сайце ня згадваецца намер Міхаіла Кавалькова распачаць галадоўку пратэсту, каб абараніць сваіх калегаў па прафсаюзе. Як ён сьцьвярджае, менавіта галадоўка вымусіла адміністрацыю пайсьці на кантакт зь незалежным прафсаюзам, але, нягледзячы на дамоўленасьці, звальненьні працягваюцца. Кавалькоў заяўляе, што галадоўку ён абвесьціць у сакавіку. Яе гатовыя падтрымаць яшчэ трое актывістаў прафсаюзу:

«Галадоўка не адмяняецца. Я так разумею, што да яе трэба будзе вярнуцца. Беларускія законы ня могуць абараніць прафсаюз», — прызнае Кавалькоў і тлумачыць, чаму:

«Асноўная праблема — гэта кантракты. Па сканчэньні кантрактаў іх не працягваюць. А тое, што адміністрацыя прадпрыемства паставіла на мэце зьнішчыць прафсаюз — гэта адназначна, і яны гэтага не хаваюць».

Паводле Кавалькова, колькасьць сяброў заводзкай суполкі Свабоднага прафсаюзу Беларускага за тры апошнія гады зьменшылася больш як напалову. Бальшыня працаўнікоў перайшлі ў афіцыйны прафсаюз. Тых, хто адмовіўся, пазвальнялі. Ад сярэдзіны 2013 году падпалі пад звальненьне Дзьмітры Сакалоўскі, Дзьмітры Курмаз, Андрэй Веліжанін ды Віталі Садоўскі. Звальненьні гэтага году пачаліся з Аляксандра Нікіткі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG