Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабруйск: свабодны прафсаюз дамогся выплаты прэміяў


Свабодны прафсаюз Беларускі дамогся праз суд выплаты прэміяў васьмі сваім чальцам — працаўнікам Бабруйскага заводу трактарных дэталяў і агрэгатаў. Актывісты вінавацілі кіраўніцтва прадпрыемства ў дыскрымінацыі паводле прафсаюзнай прыналежнасьці. Гэта, даводзілі прафсаюзьнікі ў судзе, і стала падставай для нявыплаты ім прэміі за высокую культуру вытворчасьці.

На судзе інтарэсы працаўнікоў прадстаўляў старшыня заводзкай суполкі прафсаюзу Міхаіл Кавалькоў. Рашэньне суду ён лічыць перамогай у працяглай барацьбе суполкі з адміністрацыяй прадпрыемства за правы працоўных.

«Пазоў наш задаволены, хоць і ня цалкам. Двое сяброў прафсаюзу пакуль застаюцца бяз прэміі. Восем жа яе атрымаюць — па трыста тысяч рублёў. На судзе было відавочна, што нашым сябрам ня выплацілі прэміі за прафсаюзную прыналежнасьць. У працаўнікоў не было ніякіх парушэньняў, каб іх пазбавіць заахвочваньня. Кіраўніцтвам была парушана калектыўная дамова, дзе расьпісана, каму і за што выплачваць прэміі, а каго пазбаўляць. Пракурор таксама зьвярнула ўвагу на гэтую акалічнасьць. За парушэньне калектыўнай дамовы адміністрацыя прадпрыемства павінна быць пакарана адпаведнымі кантрольнымі органамі», — камэнтуе рашэньне суду Міхаіл Кавалькоў.

З пазовам супраць адміністрацыі заводу Свабодны прафсаюз Беларускі зьвярнуўся сёлета ў чэрвені. У верасьні Бабруйскі суд адмовіў прафсаюзьнікам у разглядзе пазову, але Магілёўскі абласны суд ануляваў гэтае рашэньне і вярнуў справу на паўторны разгляд. Усяго адбылося дзесяць судовых пасяджэньняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG