Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі Майдан 2014 зьняверыў беларускую Плошчу 2015


Узьдзеяньне цяперашніх украінскіх падзеяў на Беларусь здаецца значна большым, чым бачыцца на першы погляд.

«Майдану мы не дапусьцім у нашай краіне», — раптам заявіў Аляксандар Лукашэнка 18 лютага на нарадзе ў Менску па праблемах рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі. І цішком накіраваў у Палату прадстаўнікоў зьмены ў закон «Аб ваенным становішчы», паводле якіх супрацоўнікі сілавых структураў могуць беспакарана прымяняць зброю супраць грамадзян. У каго што баліць. І выглядае, што баляць зусім не праблемы з эканомікай.

Між тым узьдзеяньне цяперашніх украінскіх падзеяў на Беларусь здаецца значна большым, чым бачыцца на першы погляд.

Украінская «аранжавая рэвалюцыя» 2004–2005 гадоў стала клясыкай «каляровых рэвалюцыяў» 2000-х. Яе вялікі ўплыў на постсавецкія аўтарытарныя краіны ў значнай ступені грунтаваўся на тым, што яна была мірная, «аксамітная». Менавіта таму ня толькі беларуская дэмакратычная супольнасьць успрыняла яе з энтузіязмам, але і значная частка далёкіх ад палітыкі абывацеляў паставілася да яе станоўча, пра што сьведчылі сацыялягічныя апытаньні. Цалкам лягічна, што апазыцыя брала стратэгію Майдану за ўзор падчас прэзыдэнцкіх кампаніяў 2006 і 2010 гадоў. Слова «Плошча» стала пісацца зь вялікай літары, яно было і паролем для распазнаньня сваіх, і мэтай, і галоўным сэнсам, і сымбалем тых кампаніяў.

Першы ўдар па ідэі Плошчы як спосабу зьмены ўлады нанесьлі падзеі 19 сьнежня 2010 году. Улады напоўніцу выкарысталі разьбітыя дзьверы Дому ўраду, каб запужаць абывацеля.

Зразумела, без сацыялягічных апытаньняў цяжка аналізаваць і ацэньваць уплыў цяперашняга кіеўскага Майдану на Беларусь. Таму раблю высновы толькі на аснове асабістых уражаньняў. Уплыў Майдану можна разьдзяліць на два этапы. Першы этап — гэта калі ўкраінскі пратэст быў мірным. Падаецца, што ён, хутчэй, выклікаў сымпатыю большасьці беларусаў. Бо ўкраінцы зрабілі тое, чаго хацелі б, але баяцца ладзіць грамадзяне Беларусі. То бок паказалі ўладзе, што народ мае гонар і права, каб на яго хоць раз-пораз зьвярталі ўвагу.

Але як толькі канфлікт набыў форму сілавога супрацьстаяньня, пачаўся гвалт, то тады ў сьвядомасьці беларусаў адбыўся рэзкі паварот. Майдан стаў успрымацца са знакам мінус. Я кажу пра абывацеляў, пра большасьць, а не пра дэмакратычную супольнасьць.
Беларускаму грамадзтву бліжэй азіяцкае ўяўленьне пра сакральнасьць любой улады, якая мае права рабіць з сваім народам што хоча, чым эўрапейскі пастулят пра права народа на паўстаньне

Вядома, значную ролю тут іграюць расейскія і беларускія тэлеканалы, якія з дня на дзень бэсьцяць пратэстоўцаў. Але ня толькі. У прыродзе абывацеля закладзены страх перад гвалтам, хаосам. «Несправядлівасьць лепшая за беспарадак», — пісаў калісьці Ёган Вольфганг Гётэ. А вядомы амэрыканскі псыхоляг Абрахам Маслаў апісаў гэтую заканамернасьць чаканнай формулай: «У большасьці людзей пагроза хаосу выклікае рэгрэсію ўсіх вышэйшых патрэбаў да патрэбы ў бясьпецы. Агульная рэакцыя людзей у гэтым выпадку — лягчэйшае прыняцьце дыктатуры ці кіраваньня вайскоўцаў».

Гэтая псыхалягічная заканамернасьць накладаецца на мэнтальныя асаблівасьці беларусаў, у генэтычнай памяці якіх закладзены страх перад гвалтам: «Абы не было вайны!» Беларускаму грамадзтву бліжэй азіяцкае ўяўленьне пра сакральнасьць любой улады, якая мае права рабіць з сваім народам што хоча, чым эўрапейскі пастулят пра права народа на паўстаньне.

Таму цяпер на нейкі час у беларусаў зьявіцца «сындром Майдану». Кіеўскі Майдан стане пудзілам без асаблівага ўдзелу дзяржаўнай прапаганды. А апазыцыя страціць адзіную ў сёньняшніх умовах зразумелую стратэгію барацьбы.

Ідэя ж стабільнасьці, якую апошнім часам падрываюць эканамічныя катаклізмы, зазьзяе новымі фарбамі, верне сабе першапачатковую прывабнасьць і каштоўнасьць.

Але дыктатуры бяз вулічнага пратэсту ня звальваюцца. І ўсё гэта, на жаль, азначае, што шанцы на зьмену статус-кво ў Беларусі рэзка зьменшыліся. І Майдан гэтаму паспрыяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG