Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 21 лютага: Міжнародны дзень роднай мовы


Падзеі дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ:

У менскім офісе Партыі БНФ (вул. Чарнышэўскага, 3) нацыянальныя каардынатары кампаніі назіраньня за мясцовымі выбарамі раскажуць пра вынікі рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў. Пачатак у 12 гадзін.

У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук (вул. Сурганава, 15) – мерапрыемствы да Міжнароднага дня роднай мовы. У праграме канцэрт, сустрэча з кіраўніком «Таварыства беларускай мовы» Алегам Трусавым і адкрыцьцё кніжнай выставы «Ці знаў хто, братцы, з вас Тараса?...» (пра паэму «Тарас на Парнасе»). Пачатак у 16 гадзін.

У «Арт Сядзібе» (завулак Інструмэнтальны, 6, офіс 105) адбудзецца прэзэнтацыя фільма Віктара Корзуна «Амэрыканка. All included» паводле кнігі Аляксандра Фядуты «Амэрыканскія вершы». Пачатак у 17 гадзін.

Літаратурны музэй Максіма Багдановіча (вул. Багдановіча, 7-а) запрашае ўзяць удзел у літаратурным мерапрыемстве «Падвойныя зоркі беларускага Адраджэньня». Вечарына прысьвечаная аднаму з заснавальнікаў мастацка-літаратурнай крытыкі Антону Луцкевічу. Пачатак у 17 гадзін.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:

У сьвеце адзначаць Міжнародны дзень роднай мовы. Упершыню ён быў адзначаны ў 1999 годзе і мае на мэце захаваньне лінгвістычнай разнастайнасьці і шматмоўнай адукацыі.

1848 – Карл Маркс і Фрыдрых Энгельс надрукавалі «Маніфэст камуністычнай партыі».

1918 – Выканаўчы камітэт Рады Ўсебеларускага зьезду апублікаваў I устаўную грамату, у якой абвясьціў сябе часовым урадам Беларусі. У гэты ўрад – Народны сакратарыят Беларусі – увайшлі, у прыватнасьці, Палута Бадунова, Тамаш Грыб, Кастусь Езавітаў, Васіль Захарка, Пётра Крачэўскі, Аркадзь Смоліч. Старшынём ураду быў абраны Язэп Варонка.

1960 – Фідэль Кастра нацыяналізаваў увесь бізнэс на Кубе.

У гэты дзень нарадзіліся:

1947 – народны артыст Беларусі Міхаіл Фінберг, дырыгент, мэнэджэр музычных праектаў, мастацкі кіраўнік Дзяржаўнага канцэртнага аркестру Беларусі.

1952 – беларускі мастак, мастацтвазнаўца Мікалай Паграноўскі. Дасьледуе праблемы сучаснага беларускага мастацтва, аўтар творчых партрэтаў да каталёгаў беларускіх мастакоў, а таксама сцэнароў дакумэнтальных фільмаў.

1962 – амэрыканскі пісьменьнік Чак Паланік.

У гэты дзень памерлі:

1881 – Іосіф Ходзька, навуковец-геадэзіст, падарожнік, тапограф.

1939 – Вячаслаў Адамовіч, дзяяч нацыянальнага руху, адзін з заснавальнікаў сялянскай партыі «Зялёны дуб».

1967 – Юры Тарыч, беларускі кінарэжысэр, сцэнарыст, заснавальнік беларускай мастацкай кінэматаграфіі.

1974 – Лявон Савёнак, пісьменьнік, журналіст, дзяяч эміграцыі ў Нямеччыне і ЗША.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ

«Знайдзіце радасьць ва ўсім, што выбіраеце рабіць. У кожнай працы, у кожных адносінах, у кожным жытле... гэта ваша адказнасьць любіць гэта альбо памяняць гэта».

Чак Паланік
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG