Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брусэль забыўся на беларускую апазыцыю


Раніцай 19 лютага лідэры беларускай апазыцыі сустрэліся з начальнікам упраўленьня двухбаковага супрацоўніцтва з краінамі «Усходняга партнэрства» Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Дзіркам Шубэлем.

Сустаршыня аргкамітэту ў справе стварэньня партыі «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» Віталь Рымашэўскі распавёў Свабодзе са сталіцы Літвы:

«Прадстаўнікі сямі беларускіх структураў выказалі сваё меркаваньне пра цяперашні стан дачыненьняў Эўразьвязу і Беларусі. Асабіста я казаў пра тое, што дыялёг аб мадэрнізацыі пачынаўся з ініцыятывы грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычных партыяў Беларусі. Але сёньня яны фактычна апынуліся на ўзбочыне гэтага працэсу. Да гэтага, на маю думку, найперш прыклалі руку прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Менску і офіс эўракамісара Фюле. Брусэль вядзе поўнамаштабныя перамовы зь беларускімі ўладамі і паўадкрытую супрацу з рэжымам Лукашэнкі.

Я падкрэсьліў: такая палітыка Эўразьвязу адназначна расцэньваецца беларускімі ўладамі як палітыка слабасьці Эўразьвязу. Мяне падтрымалі калегі, якія на прыкладзе мясцовых выбараў паказалі — умовы іх правядзеньня ня толькі не палепшыліся, але, наадварот, значна пагоршыліся.

Мы таксама зьвярнулі ўвагу на тое, што Эўразьвяз выдзяляе грошы беларускім уладам. А на што яны трацяцца, дэмакратычнай супольнасьці невядома.

Я яшчэ казаў, што наступствы зьмякчэньня стаўленьня да недэмакратычных рэжымаў з боку Брусэля мы зараз бачым на прыкладзе Ўкраіны. Яе прэзыдэнт Януковіч зразумеў гэтую слабасьць як дазвол страляць у людзей.

З таго боку нас запэўнілі: палітыка кропкавых санкцыяў супраць беларускіх чыноўнікаў працягнецца, а ў «чорныя сьпісы» будуць уключаць людзей, якія адказныя за рэпрэсіі. Нас парадавала, што Эўразьвяз настойвае на вызваленьні не некаторых, а ўсіх беларускіх палітвязьняў.

Мы задаволеныя тым, што давялі да эўрапейцаў нашу пазыцыю. Цяпер яны ведаюць ня толькі стаўленьне ўладаў і ляяльных да беларускага кіраўніцтва аналітычных цэнтраў.

У сустрэчы таксама ўдзельнічалі Анатоль Лябедзька, Аляксанар Мілінкевіч, Уладзімер Някляеў ды іншыя.

А 18 лютага Дзірк Шубэль сустракаўся ў Менску з намесьніцай міністра замежных справаў Беларусі Аленай Купчыной. На афіцыйным сайце зьнешнепалітычнага ведамства адзначаецца:

«Падчас гутаркі былі абмеркаваныя пэрспэктывы беларуска-эўрапейскага ўзаемадзеяньня ў галінах, якія ўяўляюць цікавасьць для абодвух бакоў.
А.Купчына і Дзірк Шубэль таксама закранулі пытаньні далейшага разьвіцьця ініцыятывы „Усходняе партнэрства“ пасьля Вільнюскага саміту, у тым ліку магчымасьці пашырэньня ўдзелу Беларусі ў гэтай ініцыятыве».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG