Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад дазволіў распрадаваць складзкія запасы са зьніжкамі


Беларускі ўрад упершыню дазволіў прадпрыемствам распрадаваць тавары па цэнах, меншых за сабекошт. Аднак, згодна з адмысловай пастановай Савету міністраў № 123 ад 13 лютага 2014 году, такая магчымасьць жорстка рэглямэнтаваная.

Гэта, на думку ўраду, павінна «паскорыць абарачальнасьць запасаў гатовай прадукцыі».

Прадпрыемствы з доляй дзяржавы звыш 50% цяпер могуць «у выключных выпадках» ладзіць распродажы па цэнах ніжэй за сабекошт.

Па-першае, гэта маюць права рабіць самі вытворцы. Яны могуць прадаваць прадукцыю па зьніжаных цэнах (тарыфах) з улікам каньюнктуры рынку, узровень якіх складаецца ніжэй за сабекошт. У тым ліку з улікам зьніжак на ўнутраным і зьнешнім рынках. Па-другое, такую магчымасьць атрымалі арганізацыі, якія ажыцьцяўляюць оптавы ці розьнічны гандаль. Яны могуць прадаваць тавары беларускай вытворчасьці па зьніжаных з улікам каньюнктуры рынку цэнах, узровень якіх складаецца ніжэй за цэны іх набыцьця.

Распродажы жорстка рэглямэнтаваныя. Да прыкладу, рашэньне пра такі распродаж можа прыняць дырэктар прадпрыемства-вытворцы прадукцыі, але толькі ў выпадку «захаваньня станоўчага ўзроўню рэнтабэльнасьці продажаў у цэлым па арганізацыі-вытворцы ад пачатку справаздачнага пэрыяду (году)» і (або) рэалізацыі прадукцыі на біржавых таргах. У выпадку бягучай страты вытворцы неабходна атрымаць згоду на распродаж у вышэйстаячым ведамстве (міністэрстве, арганізацыі). На тое, каб прыняць рашэньне, адводзіцца 5 працоўных дзён.

Мэтазгоднасьць рэалізацыі тавараў па цэнах, ніжэйшых за сабекошт, павінна мець эканамічнае абгрунтаваньне.

Пастанова пра такую разгрузку складоў уступіла ў сілу ад моманту публікацыі і будзе дзейнічаць толькі да 1 студзеня 2015 году.

Эканаміст Барыс Жаліба адзначыў у размове з карэспандэнтам Свабоды, што ўлады прынялі такое рашэньне «не ад добрага жыцьця»:

Барыс Жаліба
Барыс Жаліба
«Яны ня бачаць іншага шляху, каб ня тое што разгрузіць склады з прадукцыяй, а нават перакрыць тэндэнцыю росту гэтых запасаў. Продажы ніжэй за сабекошт азначаюць, што гэта будуць страты. Гэта будзе продаж прадукцыі са стратамі. Ніякага прыбытку ня будзе атрымана. А што рабіць? Гэта замарожаная прадукцыя, і нейкая выручка, няхай сабе і ніжэй за сабекошт, будзе атрымана на рахункі прадпрыемстваў. Гэта дазволіць папоўніць іх абаротныя сродкі і больш-менш нармальна працаваць. Бо ёсьць інфармацыя, што многа прадпрыемстваў працуюць 3–4 дні на тыдзень. Гэта высьпявае сацыяльны бунт, а ўлады баяцца яго як агню. Таму ў такім эканамічным становішчы, я лічу, гэта адзіны шлях, каб неяк зьмякчыць сытуацыю, атрымаць на рахункі нейкія грошы, папоўніць „абаротку“, каб прадпрыемствы больш-менш рытмічна працавалі, прычым поўны тыдзень. Іншага ўрад ня можа прыдумаць, бо няма попыту. Расейскі рынак не ажывае: там стагнацыя як была, так і ёсьць. І прадаць прадукцыю — гэта праблема. Можа нават, прадаць гэтую прадукцыю ніжэй за сабекошт таксама будзе праблемай».

Паводле Жалібы, праблема складзкіх запасаў зацягнецца не на адзін месяц. За студзень складзкія запасы вырасьлі амаль на 8%.

«То бок такі стан безвыходнасьці. І такое рашэньне — адзінае ў гэтай сытуацыі. Можа, давядзецца прадаваць ня тое што ніжэй за сабекошт, а яшчэ ніжэй, каб атрымаць хоць якую выручку».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG