ПАДЗЕІ ДНЯ
У Менску пачынае працу другі Менскі фэстываль фатаграфіі. Выставы будуць праходзіць на трох пляцоўках: у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага, у галерэі «Унівэрсытэт культуры» і ў Музэі гісторыі гораду Менску. Фэстываль адкрыецца ў 18.00 у галерэі Міхаіла Савіцкага выставай «Ступені», на якой будуць прадстаўленыя каля 200 работ беларускіх майстроў.
Гурт «Разьбітае Сэрца Пацана» ў дзень усіх закаханых ладзіць сьвяточны канцэрт у менскім клюбе «Цэнтр» (Кастрычніцкая плошча, 1). Пачатак у 19.00.
У менскім клюбе RE:Public выступіць гурт «J:mors» з праграмай «Рыфмы на шпалерах». Пачатак у 19.00.
У Вене пройдзе Зімовая сэсія Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ.
СЁНЬНЯ
14 лютага – Дзень закаханых, які, на думку псыхолягаў, зусім не бясспрэчна пазытыўны, як можа падацца. Амэрыканскія навукоўцы сьцьвярджаюць, што тыя, каму не пашчасьціла ў асабістым жыцьці, у гэты дзень, назіраючы за мэдыйнай рэклямай, могуць упасьці ў цяжкую дэпрэсію.
14 лютага – неафіцыйны, але шырока адзначаны ў прафэсійным сьвеце Дзень кампутаршчыка. 14 лютага 1946 навуковаму сьвету і ўсім зацікаўленым быў прадэманстраваны першы рэальна дзейны электронны кампутар ENIAC I (Electrical Numerical Integrator And Calculator).
У гэты дзень нарадзіліся:
1906 – Мікалай Улашчык, беларускі гісторык і археограф.
1907 – Алесь Звонак, беларускі паэт.
1914 – Павал Масьленікаў, беларускі жывапісец, тэатральны мастак, пэдагог.
1937 – Міхась Стральцоў, беларускі пісьменьнік, крытык, перакладчык.
У гэты дзень памерлі:
1984 – Язэп Найдзюк, беларускі нацыянальны дзяяч, выдавец.
1989 – Вінцэнт Жук-Грышкевіч, беларускі нацыянальны дзяяч, у 1971–1982 гадах старшыня Рады БНР.
ЦЫТАТЫ НА ПАМЯЦЬ
Пахла сенам. Вялізны і шумны ляжаў навокал горад. На плошчы па-лугавому, па-летняму пахла сенам.
Я павярнуўся і паціху пайшоў тратуарам, і тут, на тратуары, раптам таксама ўбачыў сена – невядома кім растрэсены клок падсохлага сена. Па-лугавому, па-летняму пахла сенам. «Сена на асфальце, – падумаў я, – сена на асфальце...»
Міхась Стральцоў