Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Німфаманка не даедзе да Ваўкавыску


Кадр з фільма
Кадр з фільма

Кампанія, якая мела арганізоўваць пракат у Беларусі фільма дацкага рэжысэра Ларса фон Трыера «Німфаманка», палічыла яго парнаграфічным, а самога фон Трыера абвінаваціла ў «фашысцкім настроі».

На сайце Ваўкавыскага райвыканкаму ў разьдзеле «Актуальна» зьявілася інфармацыя, што заплянаваны на 20 – 26 лютага ў кінатэатры «Юнацтва» паказ фільма «Німфаманка: Частка 1» адмяняецца.




Спасылка вядзе на ліст ад прадпрыемства «Інтэрфільм Дыстрыб'юшн», у якім гаворыцца, што кампанія адмаўляецца ад паказу фільма на тэрыторыі Беларусі «паводле маральна-этычных нормаў (сцэны фільма ўтрымліваюць элемэнты эратычнага характару)».

На сайце прадпрыемства можна прачытаць: «Мы не падзяляем кіно на добрае і кепскае, наш дэвіз: «Кепскага кіно не бывае. Бывае слабы маркетынг». Але гэтым разам «Інтэрфільм Дыстрыб'юшн» праявіў прынцыповасьць, тлумачыць адказная за рэпэртуар Іна Козырава:

Ларс фон Трыер
Ларс фон Трыер
«Паглядзеўшы фільм і пабачыўшы ў інтэрнэце, што рэжысэр Ларс фон Трыер быў выдвараны з Канскага фэстывалю за фашысцкія лёзунгі, за фашысцкі настрой, кіраўніцтва канцэрну «Інтэрфільм» вырашыла не выпускаць гэты фільм, каб не ганьбаваць нашую незаплямленую рэпутацыю».

Радыё Свабода: «Але ж скандал з фон Трыерам у Канах быў амаль тры гады таму. Вы раней пра гэта ня ведалі?»

Козырава: «Не. Рэч у тым, што гэты фільм стаяў у нас у графіку, а ў нас дамова з Масквой, што мы абавязаныя выпускаць усе фільмы, калі няма нейкіх маральна-этычных нормаў, паводле якіх мы ня можам яго выпускаць. Але мы паглядзелі гэты фільм – ён на мяжы парнаграфіі, ходзіць па лязе нажа паміж парнаграфіяй, якая забароненая, і глыбокай эротыкай. Плюс фашысцкія выказваньні могуць запляміць чыстую рэпутацыю канцэрну ў краінах, якія былі пад прыгнётам фашызму».

РС: «А ў Расеі яго будуць паказваць?»

Козырава: «У Расеі будуць».

У Менску «Німфаманку» таксама пакажуць – у кінатэатры «Ракета» першую частку можна будзе пабачыць ад 14 лютага, а другую ад 6 сакавіка.

На сайце прадпрыемства «Кінавідэапракат» Менгарвыканкаму фільм анансуюць наступным чынам: «Гэта сьветлая і паэтычная гісторыя эратычных перажываньняў жанчыны ад нараджэньня да пяцідзесяцігодзьдзя».

Прадстаўніца «Кінавідэапракату», якая пажадала захаваць ананімнасьць, на просьбу пракамэнтаваць закіды да фільма адказала: «Якія ўвогуле могуць быць прэтэнзіі да Ларса фон Трыера?»

Яна патлумачыла, што сам новы фільм, паводле ўмоваў пракату, ніхто з супрацоўнікаў прадпрыемства ня бачыў, але ўсе давяраюць рэпутацыі рэжысэра, паглядзеўшы такія фільмы як «Догвіль» ці «Мэлянхолія».
Канскі скандал 2011 году супрацоўніца назвала непаразуменьнем, за якое фон Трыер адразу ж папрасіў прабачэньня.

***

Фільм «Німфаманка» быў зьняты Ларсам фон Трыерам у 2012 і змантажаваны ў 2013 годзе. Сярод актораў, занятых у фільме – Шарлота Гэнсбур, Стэлан Скарсгард, Ума Турман, Шая Лабаф, Крысьціян Слэйтэр. Для сэксуальных сцэнаў фон Трыер дадаў часткі целаў порнаактораў у некаторыя эпізоды фільму.

У пракаце фільм ідзе ў двух частках карацейшага варыянту, зь якога выразаныя некаторыя сэксуальныя сцэны. Першую частку поўнай рэжысэрскай вэрсіі, якая агулам ідзе пяць з паловай гадзін, днямі паказалі на Бэрлінскім кінафэстывалі.

Ларс фон Трыер з акторамі на прэм'еры фільма ў Капэнгагене
Ларс фон Трыер з акторамі на прэм'еры фільма ў Капэнгагене
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG