ПАДЗЕІ ДНЯ
У Нацыянальным мастацкім музэі ў Менску – адкрыцьцё выставы твораў народнага мастака Беларусі, ляўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР, прафэсара Арлена Кашкурэвіча. На выставе будуць прадстаўленыя каля 80 твораў розных пэрыядаў творчасьці мастака. Пачатак а 18.00.
Таварыства «Беларусь-Польшча» праводзіць вечар «Чэслаў Немэн і яго музыка» да 75-годзьдзя з дня нараджэньня кампазытара і сьпевака. Канцэртная праграма, падрыхтаваная беларускім музыкамі музычнай школы ім. Ахрэмчыка і супрацоўнікамі Дома-музею Чэслава Немэна. Выступяць беларускія пісьменьнікі, журналісты, музыказнаўцы. Дом дружбы ў Менску (вул. Захарава, 28), пачатак а 17.00.
На ХІІ зімовай Алімпіядзе ў Сочы адбудуцца, сярод іншага, спаборніцтвы ў парным фігурным катаньні на каньках, снаўбордынгу жанчын, лыжнай гонцы жанчын клясычным стылем і санным спорце мужчын.
ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ
1839 – адбыўся Полацкі царкоўны збор, які скасаваў Берасьцейскую царкоўную унію 1596 году.
1910 – першая пастаноўка тэатральнай трупы Ігната Буйніцкага, пачынальніка беларускага прафэсійнага тэатру. Ігнат Буйніцкі з танцавальнай групай па адмысловым запрашэньні рэдакцыі «Нашай Нівы» ўдзельнічае ў «Першай беларускай вечарыне» ў Вільні, дзе гурток выконвае некалькі танцавальных нумароў: «Лявоніху», «Мяцеліцу», «Юрку» і «Вераб’я». Пасьля віленскай прэм’еры трупа папаўняецца здольнымі і таленавітымі драматычнымі акторамі і сьпевакамі, якія паставілі яе на прафэсійную аснову.
1974 – адбыўся арышт Аляксандра Салжаніцына, які быў абвінавачаны ў здрадзе Радзіме і пазбаўлены савецкага грамадзянства. 13 лютага ён быў высланы з СССР (дастаўлены ў ФРГ самалётам).
У гэты дзень нарадзіліся:
1809 – Чарлз Дарвін, брытанскі навуковец-прыродазнаўца, заснавальнік эвалюцыйнай тэорыі пра паходжаньне відаў жывёл і расьлін.
1809 – Абрагам Лінкальн, амэрыканскі прэзыдэнт.
1950 – Стыў Гэкет, брытанскі гітарыст і кампазытар (у 1970-1977 выступаў з гуртом «Genesis»).
У гэты дзень памерлі:
1798 – Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, апошні польскі кароль і вялікі князь літоўскі.
1804 – Імануіл Кант, нямецкі філёзаф.
1984 – Хуліё Картасар, аргентынскі пісьменьнік.
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:
«Насамрэч кожны з нас – тэатральная п’еса, якую глядзяць з другога акту. Усё вельмі міла, але нічога не зразумець».
Хуліё Картасар