Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хочаце танную каўбасу? Тады трэба імпартнае мяса!


На Гомельшчыне мясцовыя мясакамбінаты неахвотна купляюць мяса птушкі ў айчынных вытворцаў, а набываюць яго па-за межамі Беларусі — у Польшчы, Галяндыі. Там мяса таньнейшае, хоць даходы галяндзкіх і польскіх фэрмэраў несувымерныя з заробкамі беларускіх працаўнікоў.

Паводле інфармацыі Дзяржкантролю, летась тры найбуйнейшыя мясакамбінаты рэгіёну набылі за мяжой сыравіны птушкі амаль на 3 мільёны даляраў.

Гаворка ідзе найперш пра закуп камбінатамі мяса так званай мэханічнай абвалкі курэй. Перапрацоўчыя прадпрыемствы купляюць такое мяса ў замежжы й выкарыстоўваюць у танных вараных каўбасах.

У Калінкавічах на мясцовым мясакамбінаце пацьвердзілі, што й яны курынае мяса набывалі па-за межамі Беларусі:

«І з Польшчы, і з Галяндыі было. Адкуль толькі не было таго мяса».

У сваю чаргу, кіраўніца тэндэрнай камісіі Гомельскага мясакамбінату Надзея Трус апавяла:

«Нам дасылаюць прапановы, калі мы выходзім на тэндэр. Глядзім, дзе таньней, там і купляем. Нам усё адно, хто прадае. Галоўнае — мы глядзім на кошт».

На Жлобінскім мясакамбінаце ўдакладняюць, што найбольш згаданага мяса птушкі яны куплялі ў 2012 годзе, бо, набываючы яго ў Польшчы, значна выйгравалі на кожным кіляграме, нягледзячы нават на мыта:
Прыкладна ў 9 тысяч беларускіх рублёў абыходзілася нам кілё замежнага мяса. Ну, а ў Беларусі нам прадавалі кілё па 12–13 тысяч

«У нас былі квоты, падаецца, на 500 тон. Прыкладна ў 9 тысяч беларускіх рублёў абыходзілася нам кілё замежнага мяса. Ну, а ў Беларусі нам прадавалі кілё па 12–13 тысяч. Там купляць было нашмат таньней — на 3 ці нават 4 тысячы з кіляграма. Нават з размытненьнем было таньней прывезьці з Польшчы».

Апошнім часам кошты ў замежжы на сыравіннае мяса курэй таксама падрасьлі — бо вырас курс эўра. Таму і ў Жлобіне, і ў Гомелі, і ў Калінкавічах дамовы на пастаўку абвальнага мяса курэй пачалі заключаць і з айчыннымі птушкафабрыкамі.

На прадпрыемстве «Беларуснафта-Асобіна», дзе гадуюць бройлераў, кажуць, што могуць цалкам забясьпечыць згаданым мясам курэй адзін з трох мясакамбінатаў, якія ёсьць у рэгіёне.

Высокія ж цэны на курынае мяса абумоўленыя ня ростам заробкаў працаўнікоў, а найперш дарагоўляй кармоў:

«Маглі б мы адзін мясакамбінат, нават паўтара, забясьпечыць мэхабвальным мясам. Пытаньне кошту. У нас усё дарагое — тыя ж самыя кармы. Сабекошт іх іншы, чым у замежнікаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG