Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каўбаса прыелася


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў
Нарэшце мы, беларусы, пад’елі каўбасы ад пуза. Больш ня хочацца. На гарадзенскім мясакамбінаце зрабілі гіганцкія каўбасы, каб павесяліць народ на Раство праваслаўнае. Два батоны «доктарскай» па тры мэтры. На рэкорд, вядома, ня цягне, але на сымбаль увасобленых беларускіх мараў – цалкам.

Наперадзе значныя ўгодкі. Дваццаць гадоў, як далі нам схадзіць на першыя і, рэальна, апошнія па-сапраўднаму выбары. Прэса ў 1994-м пісала: змаганьне праходзіла за тое, хто забясьпечыць каўбасой народ ці, прынамсі, лепей, прыгажэй паабяцае, будзе больш пераканаўчым. І гэта не было перабольшаньнем. Памятаецца, кілё варанай каштавала ў пераліку на валюту пяць даляраў, а заробкі маглі быць дваццаць-дваццаць пяць і нават менш. Народ літаральна стагнаў – дайце харчоў, ежа спачатку, усё астатняе потым! Дзяржаўныя СМІ і гаваруны ў парлямэнце старанна падлівалі алею ў вагонь: вось да чаго давялі так званыя незалежнасьць і «родная мова», у Савецкім Саюзе ўсё было ў ажуры з дружбай народаў і з працай!

Не зважаючы, што ўдзельнічалі ў выбарах і галава калгаса-мільянэра і старшыня саўміну, усім было ясна, што ім па красамоўству далёка да таго, хто цяпер дваццаць гадоў не пакідае свайго начальніцкага крэсла. Ён літаральна загіпнатызаваў народныя масы. Наіўнай выглядала спроба БНФ пераступіць цераз сябе: на плякаце кандыдата партыі зьявілася «з рога ўсяго многа» – колцы паўвэнджанай, боханы, іншыя харчы. Але выбаршчыкі ня верылі – проста паводле Станіслаўскага. Што ім карцінкі няшчырыя, калі няма салодкіх абяцанак? Калі ты ня лічыш правільным ставіць каўбасу на першае месца, думаць толькі пра яе, то як ты спадзяесься змусіць іншых паверыць, што «накарміць народ» – для цябе задача нумар адзін?

Старшыня прыгараднага «Прагрэсу» Дубко прымеркаваў да выбарчай кампаніі адкрыцьцё харчовай крамы ў Горадні, зь перапоўненымі вырабамі калгаснага каўбаснага цэху вітрынамі. Падзейнічала. Сабраўся натоўп, які ахвотна падпісваўся за ўдзел Дубко ў выбарах. Але гэта быў лякальны посьпех. Галоўным быў тэлевізар: народ сядзеў перад экранам, з пляшкай на стале, з кількамі ў бляшанцы або й зусім зь «лівэркай». Цяпер на сэсіях «ціш ды гладзь», а тады адбывалася прамая трансьляцыя. Народ пляваўся, але калі канстытуцыю прымалі і для прэзыдэнта ў ёй «рамку» пакінулі ўпершыню, тады цікавасьць паявілася глядацкая, інтрыга. Самым актыўным у тэлевізары быў Лукашэнка, ён і скарыў сэрцы і душы.

Не адразу, але каўбасы стала колькі захочаш. Праўда, уздыхалі ўсё пэнсіянэры і цяпер уздыхаюць, што вітрыны хай поўныя, але цэны «кусачыя». І гарэлкі, дарэчы, сёньня – хоць заліся, а да выбараў прэзыдэнцкіх, нагадаю, не хапала. Сацыяльная рэкляма пра «чарку і скварку», што зьявілася пасьля перамогі Лукашэнкі і абурыла прайграўшы бок, мела аднак сапраўды глыбінны зьмест. Яна магла б мець посьпех і на выбарах у 1994-м дакладна! Бо яна каранямі з таго часу.

Чаму чарка і скварка былі ўвасабленьнем патаемных жаданьняў беларусаў? Калі пагаршалася жыцьцё, заўжды хацелася выпіць, закусцы надавалася другарадная роля. Не хапала вечна выпіўкі, вось праблема, на закуску не зважалі асабліва. А тут табе, калі ласка: ёсьць цяпер чарка, ёсьць і да чаркі. Папросту як у песьні сталінскай «Бывайце задровы, жывіце багата». Праўда, цяпер яны зраўняліся ў цане: у сэнсе – бутэлька і кіляграм варанай. «Парытэт».

Чую ў краме мужчынскі голас: «Водочка почём у вас самая дешёвая? А местная, «Золотой урожай», сколько стоит?» Паварочваю галаву: сівы чалавек пытаецца. Гарэлка робіць голас маладжавым. Але выходзіць, што за самую тандэтную пяць баксаў заплаці ўсё роўна. Крыху лепшая каштуе цяпер як у Польшчы, куды некалі вазілі гарэлку гарадзенцы. Назад везьлі каўбасу, таньнейшую ў палякаў.

Але затое ў нас цяпер самая вялікая, гіганцкая: два батоны «доктарскай» па тры мэтры! Каб не яна, год пачаўся б зусім млява, прамоклыя елкі ў лужынах на пляцах не ствараюць сьвяточнага настрою. Мужчына з бутэлькай чарніла каля касы жаліцца прадаўшчыцы ў краме на Дзяржынскага, што няма сьнегу і марозу. Больш сапраўдным, як абяцаюць сыноптыкі, будзе гэтак званы стары Новы год. Інакш як і не было сьвяточных дзён, прайшлі, можна сказаць, у рабочым парадку, будзённа.

Дай Бог, каб Новы быў лепшым, чым мінулы! Каб не было больш вайны супраць сьвіней, а значыць супраць собскай каўбасы і сала. Яна парушыла лагодную ідылію «чаркі і скваркі», у пэўным сэнсе замяняльніка нацыянальнай ідэі, пра якую раптам узгадала днямі начальства.

Чаму гарэлка і каўбаса, безь якіх, канечне, ніяк, нам больш не смакуюць, як некалі? Можа яны зрабіліся нарэшце проста звычайнымі прадуктамі, «як у нармальных людзей». Але тады з «нацыянальнай ідэяй» зараз давядзецца папацець. Можа «ананасы ў шампанскім» узгадаць? У «савецкім», само сабой. Ці ўсё ж хопіць мазгоў паставіць усё з галавы на ногі, каб гаварыць пра сэнс існаваньня нас, як менавіта беларусаў, а ня часткі фантомнага савецкага народу і не малодшых братоў «вялікага расейскага», «са знакам якасьці»?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG