Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ахвяры прымусовай эвакуацыі


Штодня толькі ў Менску прымусова эвакуююць паўсотні аўтамабіляў, па краіне гэтая лічба ў разы большая. Як кажуць на штрафстаянках, абсалютная бальшыня выпадкаў — у выніку скаргаў жыхароў, незадаволеных, як аўтааматары паркуюцца на ўнутрыдваровых тэрыторыях. Але хто вінаваты, што людзям няма дзе паставіць машыну — архітэктары, якія праектуюць двары без уліку імклівай аўтамабілізацыі, ці самі кіроўцы, ігнаруючы пешаходаў і камунальныя службы?

Уладзімер Таламанаў, кантралёр аўтастаянкі на менскай вуліцы Панамарэнкі — аднаго зь месцаў у Фрунзенскім раёне, куды звозяць аўтамабілі-парушальнікі — расказвае: пляцоўка не пустуе дзякуючы перадусім «пільнасьці» грамадзянаў:

Уладзімер Таламанаў, кантралёр аўтастаянкі
Уладзімер Таламанаў, кантралёр аўтастаянкі
«Бывае, і па 15 машын на дзень прывозяць. І гэта толькі на нашу стаянку. Апошнім часам працэдура нават спрасьцілася: раней пісьмовыя скаргі накіроўваліся ў ДАІ, там гэтыя стосы разглядаліся і прымалася рашэньне. А цяпер яны працуюць проста па званку: на 102 нехта тэлефануе, кажа, што там і там перашкаджае машына. Даішнікі выклікаюць эвакуатар — і ў дарогу. Цяпер граматных людзей шмат. Прыкладам, вісіць знак, што на стаянцы таксі могуць стаяць 3–4 аўтамабілі. Прыехаў таксіст, а там, акрамя машын таксі, уладкаваўся яшчэ нейкі прыватнік. А яму, выходзіць, ужо няма дзе і стаць. Набірае 102: перашкаджае, стаіць на маім месцы. Таго эвакуююць, а таксіст заяжджае на вызваленае месца».

Карэспандэнт: «Ці здараецца, што нехта аспрэчвае законнасьць эвакуацыі?»

«Так, аспрэчваюць, але ніхто яшчэ ня выйграў. Гэта ж дзяржава, а ў дзяржавы нешта адсудзіць вельмі складана. Таму шанцы амаль нулявыя».
Зьніклае аўто знайшлося на аўтастаянцы
Зьніклае аўто знайшлося на аўтастаянцы

Між тым супрацьстаяньне зь дзяржаўнымі службамі часам усё ж канчаецца станоўча. Праўда, не праз суд. Менскі аўтааматар Аляксандар Козыраў кажа, што забраў сваю машыну літаральна зморам: два месяцы закідваў ДАІ скаргамі на спрэчную эвакуацыю і дамогся таго, што яму затэлефанавалі і коратка сказалі: забірай свой «корч»:

«З улікам таго, што я падчас афармленьня дакумэнтаў знаходзіўся ў нейкай маленькай каморцы, уначы, у незнаёмым мне месцы, вакол мяне стаялі два даішнікі і два ахоўнікі, шчыра кажучы, была ня вельмі прыемная сытуацыя. У выніку я кажу: добра, хлопцы, дамовіліся. Падпісаў пратакол, але, натуральна, у графе „дадаткі“ пазначыў: пратакол складзены няправільна, з абвінавачаньнямі ня згодны, пратакол выманьня складзены фармальна і г.д. Дарэчы, пратакол забіраньня, які мусілі скласьці ахоўнікі пра тое, што яны прынялі маю машыну, увогуле не афармлялі. То бок, груба кажучы, у мяне машыну забралі — і ўсё. Думаю — ну і добра, вашы праблемы, бо я ўжо тады зразумеў, што гэтую сытуацыю можна выкруціць на сваю карысьць. Ну, вось так мы зь імі мірам, ня мірам разышліся. Мне дзесьці раз на тыдзень па пошце прыходзіў ліст: грамадзянін такі і такі, вы павінны аплаціць такую і такую суму штрафстаянцы, а калі не аплаціце, то будзем падаваць у суд. Але ўрэшце я іх дабіў. Што называецца, узяў зморам».
Ходнікі — пад паркоўку
Ходнікі — пад паркоўку

У жыхароў шматкватэрных дамоў стаўленьне да кіроўцаў, якія паркуюцца дзе заўгодна, адпаведнае. Пешаходаў абурае, што тратуары даўно перасталі служыць першапачатковаму прызначэньню і ператварыліся ў аўтастаянкі. Дворнікі наракаюць, што скрозь шчыльныя шэрагі машын да бакаў з адкідамі ня могуць даехаць сьмецьцявозы. Дарэчы, прыбіральшчыкі ў асноўным і зьвяртаюцца ў ДАІ, каб эвакуавалі парушальнікаў:

«Некаторыя кіроўцы на просьбу прыбраць машыну рэагуюць, мякка кажучы, ня вельмі адэкватна. Прыкладам, просім, што трэба прыбраць аўтатранспарт, што нам трэба пачысьціць ходнікі, а ў адказ вельмі часта ў грубай форме нас проста адсылаюць куды далей. Ну, калі такая рэакцыя, то і мы бясконца трываць ня можам, таксама ідзём на радыкальныя крокі. Зразумела, спрабуем дамовіцца, прапускаем нячышчаныя кавалкі на заўтра, ловім момант, як няма транспарту, бо інакш не атрымліваецца. Але калі машына дзень, два, а то і тыдзень не зьяжджае зь месца, то даводзіцца выклікаць міліцыю».
Газон — для машынаў
Газон — для машынаў

Пакараньне за няздольнасьць дамаўляцца досыць адчувальнае. Толькі паслугі эвакуатара цягнуць на 300 тысяч рублёў. А плюс яшчэ штраф за само парушэньне і аплата месца на штрафстаянцы. Ці не завышаныя цэньнікі? Кантралёр Уладзімер Таламанаў кажа, што гэта ў разы менш, чым было яшчэ гады два таму:

«Цяпер ужо больш-менш упарадкавалі, а сапраўды было балюча, калі прыватнікі эвакуацыяй займаліся. Самі даішнікі скардзіліся, што цэньнікі проста неадэкватныя: адным трэба было 700 тысяч рублёў за эвакуатар плаціць, іншым — удвая больш. Той жа інспэктар сядзіць у машыне, складае пратакол і глядзіць, хто эвакуаваў. З вас, маўляў, 700 тысяч, плюс штраф і паслугі стаянкі. Падыходзіць чарга наступнага: а з вас, баценька, ужо 1,5 мільёна. Адчуваеце розьніцу? Толькі таму, што розныя канторы былі задзейнічаныя».

Зрэшты, калі пусьціць сытуацыю на самацёк, то ў выніку ад машыны таньней адмовіцца, чым спрабаваць яе вярнуць. Паводле суразмоўцы, у яго на стаянцы ёсьць «экзэмпляры», якія чакаюць свайго лёсу месяцамі і нават гадамі. І ня дзіва: год захоўваньня на штрафстаянцы з улікам эвакуацыі і штрафу каштуе пад 1000 даляраў!

«Першыя трое сутак — па 50 тысяч, наступныя шэсьць сутак — па 30 тысяч, далей — па 20 тысяч: хоць месяц, хоць два, штодня будзе капаць ужо такая сума. Але пакуль дазволу з ДАІ ня будзе — аддаць машыну мы ня маем права. Таму што яна фактычна знаходзіцца пад арыштам. Сума ўвесь час расьце, некаторым заплаціць няма чым. Ёсьць аўтамабілі, якія стаяць ад мінулага лютага — год ужо. Зразумела, што людзі не заплацяць, бо столькі ўжо не каштуе тая машына. Таму праз суд афармляем іх на адмову. Юрысты адразу тэлефануюць гаспадару, а калі той адмаўляецца забіраць, то машыну праз суд экспрапрыююць, каб потым яе хоць на мэталалом здаць — у лік таго доўгу, якім яна тут абрасла».

Відавочна, што канфліктных сытуацыяў было б значна менш, каб жылыя раёны праектаваліся і будаваліся з улікам імклівага росту колькасьці прыватнага транспарту. Бо калі б дазваляла месца, наўрад ці хто добраахвотна парушаў бы правілы паркоўкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG