Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ідзем на барыкады: выбіраем каску і бронекамізэльку (відэа)


Ідзем на барыкады: выбіраем каску і бронекамізэльку
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:08:22 0:00
Наўпроставы лінк

ВІДЭА: Ідзем на барыкады: выбіраем каску і бронекамізэльку

Цягам драматычных падзеяў у Кіеве пад дубінкі і кулі спэцназу «Беркут» траплялі журналісты.

Супрацоўнік украінскай службы Радыё Свабода Яўген Саланіна распавёў svaboda.org, якія каскі і панцырныя камізэлькі найлепшыя для паходу на Майдан:


>> ГЛЯДЗЕЦЬ НА YOUTUBE

«Калі ў Кіеве пачалі страляць па журналістах, мы пачалі думаць, як сябе абараніць. І тут у нас розная амуніцыя, якой карыстаюцца журналісты Радыё Свабода, робячы рэпартажы з гарачых кропак Кіева, там, дзе ідзе сілавое супрацьстаяньне «Беркуту» і міліцыі з аднаго боку, ды ўдзельнікаў пратэсту — зь іншага.



У адзін зь вечароў я рабіў начную трансьляцыю ў зоне абстрэлу і ня ведаў, ці будзе ў мяне бронекамізэлька. Я пачаў разам зь дзецьмі рабіць вось такую штуку. Я меў надзею, што яна абароніць мяне ад гумовых куляў і ад аскепкаў гранатаў, якія там выбухалі. Гэта пласьціны з моцнай сталі з будаўнічай крамы, мацаваньні для будаўніцтва.

Я іх нашыў па форме нашых старарускіх дасьпехаў, якія выкарыстоўваліся ў часы Кіеўскай Русі. І трошкі яны недаробленыя. Тут маюць быць пласьціны і яшчэ на сьпіне. На руках яны застаюцца так, як ёсьць. Калі чалавек здымае на відэкамэру, то збоку абаронена плячо, рука, грудзі, пояс — амаль усё.



Калі я прыйшоў на працу ў гэтым, да нас ужо прывезьлі бронекамізэлькі. І гэтая штука пойдзе або ў музэй, або стане прыкладам таго, як мы пачуваліся ў той час. Калі я зьявіўся ў гэтым у рэдакцыю, то вельмі разрадзіў абстаноўку. Стала нашмат лягчэй успрымаць тое, што за квартал ад нас — страляюць.



Што тычыцца бронекамізэлек, якія ў нас ёсьць. Гэта кеўларавы. Яны гнуцца і абараняюць ад траўматычных куляў і асколкаў і ад удараў нажом. Закрываюць найбольш важныя органы, і ў прынцыпе, апранаюцца досыць хутка. Рэгулююцца пад канкрэтнага чалавека.

Другі варыянт бронекамізэлькі — са сталёвымі пласьцінамі. Ззаду і сьпераду. Гэтая бронекамізэлька можа ўбараніць ад пісталетнай кулі. Ад нажа, ад гумавай кулі, ад асколкаў, ад ударнай хвалі. Але удар адбываецца і ўся пласьціна перадае ўдар на цела чалавека. І чалавек атрымлівае пэўнага тыпу кантузію ад такога ўдару. Можа страціць сьвядомасьць, можа балець галава ці струс мозгу.



У вайсковых умавах кеўларавую камізэльку апранаюць пад такую мэталёвую. тады ўжо можна сябе абараніць ад трапленьня са стрэльбы.

Найлепшая бронекамізэлька — пазычаная ў нашых калегаў. Усярэдзіне тут — кеўлар, гэта адмысловае сынтэтычнае рэчыва, якое не прабіваецца ні нажом, ні куляй, ні стрэлам з пэўнай хуткасьцю. Але акрамя гэтага, унутры тут мэталёвыя пласьціны вось такой таўшчыні. І вось паказана на іх — хуткасьць куляў — 820 мэтраў на сэкунду. Для параўнаньня, з аўтатамата Калашнікава куля вылятае з хуткасьцю 750 мэтраў на сэкунду. Адзін стрэл з Калашнікава гэты нагруднік павінен вытрымаць.



Але мы ня ведаем, таму што па мне, напрыклад, трапляла ў бронекамізэльку толькі гумовая куля, адзін раз, і два разы перад тварам разрывалася граната. Я атрымаў кантузію ў руку і ў грудзі.



Не абысьціся без шалома. Найлепшы варыянт — зь якім мы пачыналі працаваць — будаўнічыя каскі. Вытрымлівае 700 кіляграмаў, але трошкі баліць галава, калі б’еш па ёй. і пры якойсьці бойцы ці закалотах яна лёгка зрываецца з галавы.



Таму добрая каска з мацаваньнем, каб злы «беркутавец» яе ня скінуў. Вось, напрыклад, як гэтая. Яна замацоўваецца і ўжо можна разьлічваць, што яе зь цябе не саб’юць. Гаварыць цяжка, але выжыць лягчэй. Гэта плястмаса. Гумовая куля не праб’е. Але пісталет ці мэталёвы аскепак яе можа прабіць.



Наш адзін калега, ён цяпер на барыкадах, ён апранае мэталёвую вайсковую каску. Прыблізна такой канструкцыі, але тут мэтал. І зараз у ёй ходзіць. Зь ёй можна быць упэўненым, што асколак ці куля здалёк не праб’е. На жаль у нас няма амуніцыі, якая б абараніла ад стрэлу Калашнікава ў галаву.

Для абароны вачэй, гэта асабліва актуальна ў выпадку стрэлаў і выбухаў гранатаў перад тварам. Пасуюць балістычныя акуляры. Яны абароняць толькі вочы, а ўвесь твар можа быць пашкоджаны. У мяне граната рвалася два разы перад вачыма, і абаранялі мяне вялікія акуляры, як выкарыстоўваюцца ў працаўнікоў, што працуюць з мэталам, і кавалкі мэталу могуць адлятаць у твар.



Найлепшы варыянт для гэтага — балістычнае шкло. Яно апранаецца наверх на шалом і абараняе твар поўнасьцю. Цяпер можна страляць. Але ад кулі, пушчанай са снайпэрскай вінтоўкі зблізку, не абароніць. З таго, што мы маем, разрывы гранатаў — сьвятла-шумавых, не асколачных, — і стрэлы звычайных гумавых стрэльбаў — ад іх абараніцца можна.



Калі атакуюць газам, найлепш мець процігаз. Вельмі добра, калі ён са шклом, таксама абараняе ад выбухаў і асколкаў. Яго трэба рэгуляваць пад канкрэтнага чалавека.



У прынцыпе, калі гэта ўсё апранаеш на сябе, выходзіць 25 кіляграмаў амуніцыі плюс камэра і штатыў кіляграмаў на пяць. Ходзіш павольна і здымаеш.

Была яшчэ адна праблема: снайпэры цэлілі па журналістах. Пацярпелых журналістаў на Грушэўскага — 42 асобы. Раненьні самыя розныя. Што я рабіў у такім выпадку? Калі я здымаў, штатыў стаяў, я таптаўся, рухаўся. Мне трэба было зьмяняць месца, я рабіў нечаканыя рухі, проста нахіляўся, паварочваўся, каб снайпэру было цяжка наводзіць на мяне, але два разы паранілі чалавека справа ад мяне і зьлева ад мяне. Магчыма, цэлілі па мне. Аднаму трапілі ў твар, а іншаму — ў руку. Гэтыя людзі выжылі.



Акрамя таго, калі я здымаю і падыходжу блізка да барыкадаў, я стараюся не стаяць так і не глядзець на ворага, што ён робіць. Я павольна іду і здымаю. Каб траекторыя была непрадказальнай і цяжэй было стрэліць.

Увогуле, мы журналісты. Мы думалі, што будзем пісаць артыкулы, аналізаваць, даваць разумныя камэнтары да сытуацыі, але мы ня думалі, што будзем хадзіць пад кулямі і нас будуць абстрэльваць. Даводзіцца рыхтавацца і да гэтага».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG