ПАДЗЕІ ДНЯ
Аляксандар Лукашэнка сустракаецца зь некаторымі кіраўнікамі беларускіх дзяржаўных і недзяржаўных СМІ. Палац Незалежнасьці, пачатак аб 11.00.
У Горадні ў кавярні «Салодкі пачастунак» (вул. Ажэшка, 25-3) кампанія «Будзьма беларусамі!» праводзіць «Кірмаш праектаў», скіраваны на паляпшэньне і разьвіцьцё культурніцкага жыцьця гораду, які ў 2014 абвешчаны Культурнай сталіцай Беларусі. Пачатак а 18.30.
ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ
1939 – адкрылі Дзяржаўную карцінную галерэю БССР, сёньня Дзяржаўны мастацкі музэй.
1954 – у ЗША спушчана на ваду першая ў сьвеце атамная падводная лодка «Наўтылус».
1965 – у Менску адкрыты першы ў Беларусі Палац шлюбаў.
У гэты дзень нарадзіліся:
1818 – Адам Кіркор, беларускі гісторык і выдавец.
1924 – брытанскі камічны актор Бэні Хіл.
У гэты дзень памерлі:
1924 – Уладзімер Ленін, адзін з арганізатараў Кастрычніцкага перавароту, першы кіраўнік Савецкай дзяржавы.
1938 – беларускі паэт Янка Туміловіч, у ГУЛАГу.
1950 – Джордж Оруэл, ангельскі пісьменьнік і журналіст, аўтар сусьветна вядомых антыўтопій «Фэрма» і «1984». У Беларусі гэтыя творы выйшлі ў перакладзе Сяргея Шупы.
1978 – Алесь Салавей, беларускі паэт.
2012 – беларускі мастак і палітычны дзяяч Яўген Шатохін.
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:
1. Усе, хто ходзіць на дзьвюх нагах, – ворагі.
2. Усе, хто ходзіць на чатырох нагах або мае крылы, – сябры.
3. Ніводная жывёла не павінна насіць адзеньне.
4. Ніводная жывёла не павінна спаць у ложку.
5. Ніводная жывёла не павінна піць гарэлку.
6. Ніводная жывёла не павінна забіваць іншых жывёлаў.
7. Усе жывёлы роўныя.
«Сем запаведзяў» з раману «Фэрма» Джорджа Оруэла (пераклад Сяргея Шупы)