Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Але ж, выходзіць, мы дачакаліся да нейкай Беларусі. Прыйшла ж во»


Belarus - Svaboda travel to Idolta, 8Jan2014
Belarus - Svaboda travel to Idolta, 8Jan2014

Якімі мэтадамі бальшавікі праводзілі калектывізацыю ў паваеннай Заходняй Беларусі? Ці памятае хто ксяндза Язэпа Германовіча? Пра гэта — у чарговай перадачы з сэрыі «Падарожы Свабоды». Мы едзем у Ідолту, што пад Мёрамі.

Калі ехаць зь Мёраў на Друю, дык касьцёл Беззаганнага зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, што каля павароткі на Ідолту, абавязкова зьверне на сябе ўвагу падарожніка. Найперш сваёй суровай паўночнай прыгажосьцю. Храм паўстаў адносна нядаўна, у 39-м годзе. Але, складзены з буйных абчасаных камянёў, выглядае раманскім старцам. Але самае цікавае, што непадалёк ад касьцёла, на суседнім хутары, жыве чалавек, які гэты храм будаваў. Чаславе Баршчэўскай 92 гады. Для сапраўднай беларускай жанчыны гэта ня той узрост, які ўплывае на памяць і добры выгляд.

— Я сама дапамагала на касьцёле. Насілі вядзерцамі цэмэнт. Такі касьцёл з камянёў. Неяк іх абчэсвалі, рабілі. Ня так, як цяпер. Трэба ж з каменьня так скласьці. Былі майстры. Ксёндз наняў. Замучылі яго ў Глыбокім. У 39-м, як забіралі, усе хаваліся. Дзядзька, мамін брат, у Сыбіры быў 8 гадоў. Сасланы за тое, што не любіў бальшавікоў. Гаварыў па-беларуску. У Латвіі быў ксяндзом.

— Дзядзька ваш?

— Мамін брат. Служыў па-беларуску. Беларусам лічыўся.

— Тады ксяндзоў, якія служылі па-беларуску, было многа?

— У Друі былі ўсе беларусы.

— А як дзядзьку вашага клікалі?

— Юзаф Гайлевіч. Там быў ксёндз Германовіч такі. Яго таксама вывезьлі далёка. Вершык быў злажыўшы.

«Ой, бядую і шкадую,
Што пакінуў родну Друю.
Сам жыву тут, як на лёдзе,
На далёкім на Усходзе».

Адным словам, усе гэтыя вершы... І мой тата, і мой дзядзя выпісвалі беларускую газэту. Прыходзіла зь Вільні. І там чыталі ўсё. Вершыкі. І я таксама вучылася, чытала. Так яны гэтай Беларусі і не дачакаліся. Так і памерлі. Але ж, выходзіць, мы дачакаліся да нейкай Беларусі. Дачакаліся. Прыйшла ж во.

Сустрэць чалавека, які помніць ксяндза Германовіча і цытуе ягоныя даўнія вершы на памяць — ці ня цуд гэта? Вось што значыць нацыянальнае выхаваньне ў сям’і і ў касьцёле, праз малітвы і вершы на роднай мове. Беларушчына ня зьнікне і на дзясятым дзясятку.

А яшчэ цуд — сама Ідолта. Доўгі час гэтыя мясьціны належалі шляхціцам Мілашам. Тым самым, чыё прозьвішча праславіў найбольш вядомы прадстаўнік роду, нобэлеўскі ляўрэат Чэслаў Мілаш. Тут захаваўся і панскі дом, і гаспадарчыя пабудовы.

Аграгарадошныя дамкі толькі падкрэсьліваюць прыгажосьць старасьвецкіх будынкаў. Мой праваднік па Ідолце, былы настаўнік гісторыі, сівавусы, падцягнуты спадар Альфрэд Тычка нарадзіўся ў 39-м. За год, як бальшавікі забралі ягонага бацьку Франца. Толькі за тое, што той працаваў у ксяндза.

— Ксяндза арыштавалі. Прыехалі. Прывязалі да брычкі. І пешкі павялі. І бацьку майго таксама. Завялі ў Беразьвечча. А потым, як немцы пачалі наступаць, усіх зэкаў пагналі ў бок Полацка. А пад Полацкам усіх расстралялі. А з маім бацькам як выйшла? Ён стаяў каля дзьвярэй. Як турэмшчыкі заходзілі, дзьвярыма плясь — і закрылі яго. Усе з камэры пайшлі, а ён застаўся за дзьвярамі.

— І трэба аддаць належнае сукамэрнікам — яго ня выдалі.

— Ніхто ня выдаў. Але каму выдаваць? Іх гналі, як скаціну. Такі лёс.

Галоўнае было — выжыць да вайны. Бо па вайне да ранейшых спраў НКВД не вяртаўся. У іх хапала новых клопатаў. А паваенны час запомніўся пану Альфрэду вялікай галадухай і паломнікамі зь беларускага Ўсходу.

— Усё Задзьвіньне. Там жа савецкая Беларусь, а ў нас былая Польшча. Там калгасы, а ў нас уласныя гаспадаркі. У нас па вайне авёс быў, і мама пякла хлеб з аўса. Смачны. Назаўтра ўжо гаркаваты. Але ж гэта быў хлеб. У людзей і гэтага не было. А там зусім голыя былі. Там жа немцы папалілі ўсё. Асьвея, Дрыса. Мяне мама з братам выводзіла на ўзвышша. «Глядзіце, дзеткі. Вось там людчыкаў паляць». А там кожную ноч зарыва, зарыва. Усё вёскі палілі немцы. І мама казала — запомніце, там і маленькіх дзетак паляць, і старых. І тыя, хто застаўся там у жывых, есьці ж няма чаго, да нас пабірацца прыходзілі. Апошняе аддавалі, дзяліліся. Што ж зробіш...

Каб пацешыць вока вытанчанай эўрапейскай прыгажосьцю, ня трэба ехаць далёка на Захад. Дастаткова паехаць у Ідолту. Паселішча стаіць у надзвычай прыгожым месцы. На беразе вялікага возера, празь якое вядзе доўгі мост.

Пасярэдзіне — высокая паўвыспа з капліцай-пахавальняй Мілашаў. І па вайне фамільныя склепы разбуралі мясцовыя ёлупні.

— Даставалі косьці. Чэрапам гулялі ў хакей на возеры. Але не праходзяць дарма зьдзекі. Адзін разьбіўся на матацыкле. Другі пайшоў на рыбу — утапіўся. Трэці атруціўся. Чацьвёртага за трыццаць гадоў рак зьеў. Пятага — саркома. Вось як хочаш, так і лічы. За гэта, не за гэта...

Але, акрамя возера, тут былі яшчэ штучныя вадаёмы. Ад іх засталіся толькі зарослыя равы.

— Вось гэта крыж. Які загадаў Яўген Мілаш насыпаць, калі ўтапіўся ягоны сын.

— А, гэта мы стаім на крыжы...

— На крыжы. У аснове крыжа. Там яшчэ адзін вадаём. І быў яшчэ адзін выхад у возера, каб не застойвалася вада.

Іншы карэнны ідолтавец, Адам Міцель, за сваё доўгае мэханізатарскае жыцьцё назьбіраў ледзь ня сотню ганаровых грамат — ад раённага савету да Вярхоўнага. Вось толькі не замянілі гэтыя паперкі з Ільлічом таго, што было забрана ў сям’і па вайне.

— Усё бальшавікі растрэсьлі.

— Былі людзі, якія былі задаволеныя калектывізацыяй?

— Задаволеныя калектывізацыяй? Былі. Як і цяпер ёсьць. Гультаі былі, якія зямлі ня мелі. Ім жа наабяцалі. І хадзілі таксама карэспандэнты, як вы. Абяцалі, што зямлі вам будзе.

Вельмі цікава слухаць пра бальшавіцкія мэтады працы з насельніцтвам. Кожнага разу чуеш нешта новенькае.

— У нас было гумно пад адным дахам з хлявом. Дзе каровы стаялі. Прыехалі. На дровы разабралі. І дзе карова стаяла, канец адкрыты застаўся. Зіма. Бальшавікі разабралі. «Гэта калхознае». Разабралі і спалілі. Гэта 50-я гады. 15 гектар пашы ў майго бацькі было. Забралі ўсё падчыстую. Нават саламарэзку. Я яе знайшоў ужо пабітую. Ужо ў 70-я гады ў балоце знайшоў. І цяпер яна ў мяне робіць. Бацькава. Сёньня ўжо ня трэба яна мне. Магу ў музэй здаць.

Стогадовая нямецкая саламарэзка, адзінае, што засталося ад колішняй гаспадаркі, выглядае цяпер помнікам эпохі. Той эпохі, дзе сталіцай для тутэйшых людзей была Вільня. Слова пані Чаславе.

— А вы ня помніце, як называлася газэта, якую выпісваў ваш бацька?

— «Крыніца».

— А не засталіся старыя нумары?

— Курылі раней. Тата, дзядзя. Пачытаюць і скураць.

Цяпер старая не выпісвае газэт. Яна слухае наша радыё.

— Я слухаю кожны дзень а шостай гадзіне Радыё Свабода. Адно, дажыць бы пару гадкоў, як будуць выбары. Дужа хачу паслухаць, як будзе, як пойдуць. У Менску. Так што я беларуска, і ўсё.

Я ня стаў расказваць старой, што яна можа не дачакацца паведамленьняў зь Менску. Бо радыёхвалям засталося жыць нядоўга. Што ёй неўзабаве трэба будзе выкінуць свой прымач на сьметнік і набыць гаджэт з інтэрнэтам. Я ня ведаю, як гэта ёй растлумачыць. Хай ёй раскажуць тыя, ад каго гэта залежыць. Пакуль радыёхвалі дабіваюць да Ідолты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG