Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінская апазыцыя кліча народ на веча


Апазыцыя склікае на нядзелю 19 студзеня новае, ужо восьмае Народнае веча на Майдане Незалежнасьці ў Кіеве.

Пра гэта заявіў лідэр партыі «ЎДАР» Віталь Клічко, выступаючы на Эўрамайдане.

Ён заклікаў рыхтавацца да страйку і прыходзіць у нядзелю на Майдан, каб улада «бачыла, што яе ніхто не баіцца», і патрабаваньні застаюцца нязьменнымі — датэрміновыя выбары прэзыдэнта і парлямэнта.

Па словах Клічко, пасьля падзей, якія адбыліся ў чацьвер у Вярхоўнай Радзе, «людзей ва Ўкраіне пазбавілі грамадзянскіх правоў і свабод і фактычна паставілі па-за законам».

Лідэр партыі «Свабода» Алег Цягнібок назваў падзеі ў Вярхоўнай Радзе «тыповым крамлёўскім сцэнаром». Паводле яго слоў, яго «надыктаваў» прэзыдэнту Віктару Януковічу ягоны калега з Расеі Ўладзімір Пуцін, і цяпер яго выконваюць старшыня Вярхоўнай Рады Уладзімір Рыбак з большасьцю — Партыяй рэгіёнаў і камуністамі.

Па словах Цягнібока, ва Ўкраіне адбыўся «дзяржаўны пераварот».

Лідэр фракцыі «Бацькаўшчына» Арсень Яцанюк, са свайго боку, таксама заявіў, што Віктар Януковіч «прадаў Уладзімеру Пуціну нашу з вамі свабоду» за 15 мільярдаў даляраў, якія яму дае Расея.

«Яны прынялі закон, што нельга думаць, гаварыць і рабіць тое, што хоча рабіць кожны украінец. Не зь іх шчасьцем. Мы нікому і ніколі не дамо зьдзекавацца нашай волі і свабоды» ,— заявіў Яцанюк.

Учора большасьць у Вярхоўнай Радзе за парушэньнем працэдуры і без абмеркаваньня ухваліла шэраг заканадаўчых зьмяненьняў. Законапраекты былі ўхваленыя без удзелу дэпутатаў ад апазыцыі, толькі галасамі сябраў фракцый Партыі рэгіёнаў, КПУ, а таксама некаторых пазафракцыйных. За частку гэтых законаў галасавалі адразу за аснову і ў цэлым, і без электроннай сыстэмы — ўзьняцьцем рук і без падліку.

Сярод прынятых такім чынам — Закон Украіны "Аб унясеньні зьмяненьняў у Закон Украіны"Аб судаўладкаваньні і статусе судзьдзяў" і працэсуальных законаў аб дадатковых мерах абароны бясьпекі грамадзян". Гэты закон прынялі за аснову і адразу ў цэлым галасамі 329 дэпутатаў, паводле сайта Вярхоўнай Рады, ужо праз 39 сэкунд пасьля ўключэньня ў парадак дня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG