Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША і Эўразьвязе занепакоеныя «дыктатарскімі законамі» ва Ўкраіне


Занепакоенасьць з нагоды працэдуры прыняцьця законаў, якія абмяжоўваюць дэмакратычныя стандарты ва Ўкраіне і іх зьместу выказалі Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША, міністры замежных спраў Польшчы і Швэцыі, амбасадары краін Эўразьвязу ў Кіеве.

«ЗША выказваюць глыбокую занепакоенасьць тым, што Вярхоўная Рада прасунула некалькі супярэчлівых законаў, не прытрымліваючыся прадугледжаных працэдур. Некаторыя з гэтых законаў абмяжуюць права на мірныя пратэсты і свабоду слова, падвергнуць ціску незалежныя мэдыі і перашкодзяць працы няўрадавых арганізацый»,— гаворыцца ў заяве Дзярждэпартамэнта ЗША, якую цытуе «Голас Амэрыкі».

Камісар Рады Эўропы па правах чалавека Нілс Муйжніекс таксама выказаў занепакоенасьць прынятымі ва Ўкраіне законамі, якія абмяжоўваюць правы чалавека, у прыватнасьці, права на свабоду выказваньня поглядаў і на свабоду сходаў.

У запісы ў сваім Твітэры ён заклікаў прэзыдэнта Ўкраіны, каб той вэтаваў гэтыя заканадаўчыя зьмены.

Учора большасьць у Вярхоўнай Радзе за парушэньнем працэдуры і без абмеркаваньня ухваліла шэраг заканадаўчых зьмяненьняў. Законапраекты былі ўхваленыя без удзелу дэпутатаў ад апазыцыі, толькі галасамі сябраў фракцый Партыі рэгіёнаў, КПУ, а таксама некаторых пазафракцыйных. За частку гэтых законаў галасавалі адразу за аснову і ў цэлым, і без электроннай сыстэмы — ўзьняцьцем рук і без падліку.

Сярод прынятых такім чынам — Закон Украіны "Аб унясеньні зьмяненьняў у Закон Украіны"Аб судаўладкаваньні і статусе судзьдзяў" і працэсуальных законаў аб дадатковых мерах абароны бясьпекі грамадзян«. Гэты закон прынялі за аснову і адразу ў цэлым галасамі 329 дэпутатаў, паводле сайта Вярхоўнай Рады, ужо праз 39 сэкунд пасьля ўключэньня ў парадак дня.

Гэты закон, у прыватнасьці , прадугледжвае:

— Увядзеньне адміністрацыйнага пакараньня за няўзгоднены з праваахоўнікамі рух у калёнах ў складзе больш за пяць транспартных сродкаў,

— Увядзеньне адміністрацыйнага пакараньня за ўдзел у масавых акцыях у масках або шлемах, з адкрытым агнём або піратэхнічнымі сродкамі, а таксама без дазволу міліцыі ў вопратцы, якая «паўтарае або падобная» на форму войска ці праваахоўнікаў, і за несанкцыянаванае ўсталяваньне сцэн і гукаўзмацняльнай апаратуры на масавых акцыях,

— Укараненьне магчымасьці блякаваць доступ да сайтаў у інтэрнэце без рашэньняў судоў,

— Унясеньне ў Крымінальны кодэкс артыкула пра «экстрэмісцкую дзейнасьць», якая вызначаецца вельмі шырока,

— Вяртаньне крымінальнага перасьледу за «паклёп»,

— Увядзеньне крымінальнай адказнасьці за «незаконны збор, захоўваньне, выкарыстаньне, зьнішчэньне, распаўсюд канфідэнцыйнай інфармацыі» аб праваахоўніках, суддзях і іх сем’ях,

— Аблягчэньне працэдуры прыцягненьня да адказнасьці за «непавагу да суду»,

— Аблягчэньне магчымасьці для судоў забараняць масавыя акцыі,

— Увядзеньне ў Падатковы кодэкс і ў закон аб грамадзкіх аб’яднаньнях паняцьця «грамадзкае аб’яднаньне, якое выконвае функцыі замежнага агента», для арганізацый, якія не зьяўляюцца палітычнымі партыямі, атрымліваюць замежнае фінансаваньне і займаюцца «палітычнай дзейнасьцю», да якой, сярод іншага, аднесеныя акцыі, «якія маюць на мэце ўзьдзеяньне на прыняцьце рашэньняў дзяржаўнымі органамі, зьмяненьне вызначанай iмi дзяржаўнай палітыкі, а таксама для фарміраваньня меркаваньня грамадзтва ў названых мэтах»,

— Павелічэньне пакараньняў за многія іншыя парушэньні.

Украінская апазыцыя назвала гэтыя законы канстытуцыйным пераваротам.
Многія ўкраінскія палітолягі і палітыкі заявілі, што пасьля гэтага Ўкраіна пераўтвараецца ў Беларусь-2.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG