Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітайцы завалодалі 120 гектарамі беларускай зямлі. На 100 гадоў


Мясьціны, дзе разьмесьціцца кітайскі індустрыяльны парк
Мясьціны, дзе разьмесьціцца кітайскі індустрыяльны парк

Беспрэцэдэнтныя льготы прадугледжаныя ўказам Аляксандра Лукашэнкі для кампаній, якія будуць задзейнічаныя ў будаўніцтве заводу па вытворчасьці легкавых аўтамабіляў кітайскай маркі Geely ў Барысаўскім раёне.

Гэтак, пры падрыхтоўцы праекту дзяржаўнай інвэстыцыйнай праграмы на 2014 год ураду даручана прадугледзець сродкі на фінансаваньне працаў на праектаваньне і будаўніцтва інжынэрнай і транспартнай інфрастуктуры. У сваю чаргу, Менскі аблвыканкам мусіць перадаць закрытаму акцыянэрнаму таварыству «БелДжы» ў арэнду на 99 гадоў зямельны надзел памерам амаль 120 гектараў у межах свабоднай эканамічнай зоны «Менск» для эксплюатацыі аб’ектаў прадпрыемства.

Згодна з указам, завод па вытворчасьці легкавых аўтамабіляў павінен быць збудаваны да 1 ліпеня 2019 году. Удакладняецца, што інвэстпраект рэалізуецца ў адпаведнасьці з мэмарандумам аб разьвіцьці супрацоўніцтва, падпісаным Міністэрствам прамысловасьці і кітайскай карпарацыяй «Джылі». Вызначаны заказчык у праектаваньні й будаўніцтве — сумеснае беларуска-кітайскае прадпрыемства «БелДжы», зарэгістраванае на тэрыторыі СЭЗ «Менск». Яго заснавальнікі — прадпрыемства БелАЗ, карпарацыя «Джылі» і арганізацыя «Саюзаўтатэхналёгіі». Выніковая прадукцыя — легкавыя аўтамабілі маркі Geely.

Гаворыцца, што рэалізацыя ўказу дазволіць прыцягнуць інвэстыцыі ў стварэньне прадпрыемства магутнасьцю 120 тысяч аўтамабіляў на год. Пры гэтым 90% «канкурэнтаздольнай» прадукцыі плянуецца экспартаваць. Агульны кошт беларуска-кітайскага праекту ацэньваецца ў 650 мільёнаў даляраў, усе грошы — кітайскія.

Пры тым, што стаўленьне беларускіх спажыўцоў да кітайскіх аўто насьцярожанае, сам Аляксандар Лукашэнка перакананы: гэта якраз тое, што трэба беларускаму народу. Два дні таму, прымаючы прэм’ер-міністра Міхаіла Мясьніковіча й кіраўніка Менскай вобюласьці Сямёна Шапіру, Лукашэнка заявіў, што вытворчасьць «айчыннага легкавога аўтамабіля» трэба паставіць у адзін шэраг з будаўніцтвам АЭС і рэалізацыяй праектаў у космасе:

«Тое, пра што марылі многія беларусы і, перш за ўсё, я — ажыцьцявілася. Беларускі аўтамабіль мы вырабілі разам з нашымі кітайскімі сябрамі і, паводле маіх дадзеных, прыкладна 2,5 тысячы прадалі ў мінулым годзе. Попыт на падобны тып аўто ёсьць ня толькі ў Беларусі, але і за межамі нашай краіны».

З вырабленых за мінулы год 2,5 тысяч ці то беларускіх, ці то кітайскіх аўто ўдалося прадаць крыху больш за 1,5 тысячы. Абсалютная большасьць ад’ехала ў Казахстан, па некалькі сотняў разышліся ў Расеі і Беларусі. Астатнія ў чаканьні абяцанага ажыятажу пакуль стаяць на складзе.

Тым часам аўтамабільныя экспэрты перакананыя, што беларусы не захочуць у масавым парадку перасядаць на Geely: кошт базавай мадэлі ў стандартнай камплектацыі стартуе ад 15 тысяч даляраў, а за такія грошы можна набыць 3-5-гадовы экзэмпляр ад усясьветна вядомых вытворцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG