ПАДЗЕІ ДНЯ
У Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы – прэм'ера спэктаклю «Пан Тадэвуш». Пачатак а 19.00.
Лекцыя мадэльера Аляксандра Варламава, прысьвечаная модзе 1990-х, у галерэі «Ў». Пачатак а 18.30.
ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ
1916 – фэльдмаршал Гіндэнбург выдаў загад пра наданьне беларускай мове раўназначных правоў зь іншымі мовамі, пашыранымі на тэрыторыях, акупаваных войскамі кайзэраўскай Нямеччыны.
1919 – праз два тыдні пасьля абвяшчэньня БССР тэрыторыя савецкай Беларусі была радыкальна зьменшаная на карысьць Расейскай Фэдэрацыі. У склад РСФСР былі забраныя Віцебская, Магілёўская і Смаленская губэрні.
У гэты дзень нарадзіліся:
1791 – Генрык Дэмбінскі, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1830-1831 гадоў. У 1831-м кіраваў няўдалай спробаю адбіць у расейцаў Вільню і скончыў жыцьцё ў эміграцыі.
1826 – Рамуальд Траўгут, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863-1864 гадоў. Быў схоплены і павешаны. У мястэчку Сьвіслач на Гарадзеншчыне яму пастаўлены помнік.
1905 – Алесь Пальчэўскі, беларускі пісьменьнік. За сталінскім часам быў двойчы рэпрэсаваны.
1919 – Уладзімер Алоўнікаў, беларускі кампазытар, народны артыст Беларусі. Сярод створаных ім папулярных песьняў – «Радзіма мая дарагая».
1943 – Мікола Чарняўскі, беларускі пісьменьнік, аўтар шматлікіх кніг для дзяцей, доўгія гады супрацоўнік часопісаў «Бярозка» і «Вясёлка».
1947 – Леанід Захлеўны, беларускі кампазытар, народны артыст Беларусі.
У гэты дзень памерлі:
1893 – Іван Берман, беларускі этнограф і краязнавец.
1954 – Міхаіл Прышвін, расейскі пісьменьнік.
2012 – Уладзімір Жбанаў, беларускі скульптар.
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:
«Літва! Бацькоўскі край, ты як здароўе тое:
Ня цэнім, маючы, а страцім залатое –
Шкада, як і красы твае, мой родны краю.
Тугою па табе тут вобраз твой ствараю…»
Адам Міцкевіч, пачатак «Пана Тадэвуша» (пераклад Язэпа Семяжона)
«Літва! Ты, як здароўе ў нас, мая Айчына!..
Што варта ты, ацэніць той належным чынам,
Хто цябе ўтраціў. Вось красу тваю жывую
Зноў бачу і апісваю, бо скрозь сумую».
Адам Міцкевіч, пачатак «Пана Тадэвуша» (пераклад Пятра Бітэля)