Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбарчыя камісіі зноў пад кантролем улады


6 студзеня — апошні дзень фармаваньня акруговых камісіяў на мясцовых выбарах. Ці скарысталіся дэмакратычныя партыі і грамадзкія арганізацыі магчымасьцю вылучыць сваіх прадстаўнікоў у гэтыя камісіі?

Акруговых камісіяў на сёлетніх выбарах — 364. Спэцыяліст у галіне выбараў Сяргей Альфер згадвае, што раней былі сфармаваныя тэрытарыяльныя камісіі:

«Але для кандыдата ў дэпутаты больш важная ўсё ж такі акруговая камісія, чым тэрытарыяльная. Бо непасрэдна з участковых камісіяў усе пратаколы паступаюць у акруговую. І менавіта акруговая камісія вырашае, хто з кандыдатаў стаў пераможцам.

Калі ў такой камісіі ёсьць свой чалавек, то ён хоць можа паглядзець, якія лічбы ў пратаколах. Бо пазьней „шахматку“ па акрузе і гэтыя пратаколы ніхто ня ўбачыць. Таму што ў Беларусі не даюцца зьвесткі з поўнай расшыфроўкай, як гэта робіцца ў іншых краінах. У нас даюцца толькі абагульненыя зьвесткі. А што такое абагульненыя зьвесткі? Гэта сярэдняя тэмпэратура па шпіталі».

Падобна, што апазыцыйныя палітычныя партыі ўлічылі гэтыя акалічнасьці. Калі ў тэрытарыяльныя камісіі яны супольна вылучылі толькі 85 кандыдатаў, то ў акруговыя — ужо 185.

Прадстаўнік партыі БНФ Юрась Чавусаў апавядае:

«Ад БНФ вылучылі 48 чалавек. Зь іх 45 — праз партыйнае вылучэньне. І ў некалькіх важных акругах, дзе зьбіраюцца вылучацца нашыя кандыдаты, ад грамадзкага аб’яднаньня БНФ „Адраджэньне“ і праз збор подпісаў. Але цудоўна вядома. што працэнт уключэньня ў гэтыя камісіі дэмакратычных прадстаўнікоў невялікі. Плюс да гэтага ў акруговых камісіях, дзе прымаюцца рашэньні аб рэгістрацыі кандыдатаў, ініцыятыўных групаў, непасрэдна падлік галасоў не вядзецца. Таму для нас прыярытэтнымі ўсё-ткі зьяўляюцца ўчастковыя камісіі, вылучэньне ў якія будзе значна пазьней».

Афіцыйнай інфармацыі пра вынікі фармаваньня акруговых камісіяў пакуль няма. Улады карыстаюцца палажэньнем Выбарчага кодэксу, згодна зь якім вынікі можна абвяшчаць «не пазьней як празь сем дзён пасьля паседжаньня». Ёсьць толькі фрагмэнтарныя зьвесткі. Так, ад партыі БНФ у акруговую Сеніцкую камісію, што пад Менскам, уключаны Аляксей Чарняеў. А партыя «Справядлівы сьвет» мае некалькі сябраў акруговых камісіяў у Аршанскім рэгіёне. Не знайшлося месца прадстаўнікам АГП у ніводнай камісіі Віцебскай і Магілёўскай абласьцей.

У Менску функцыі акруговых надаюцца дзевяці раённым камісіям. Паводле неафіцыйных зьвестак, усе яны ўжо ўтвораныя. Тэндэнцыя тут тая ж, што і пры фармаваньні тэрытарыяльных камісіяў — месцы аддаюць праўладным партыям. Напрыклад, Камуністычная партыя Беларусі вылучыла 18 прэтэндэнтаў. І ўсе яны ўвайшлі ў камісіі. Партыя БНФ вылучыла 11 кандыдатаў, але ніводзін зь іх у камісіі ня трапіў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG