Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мясцовыя выбары: удзел ці байкот


Аляксандар Мілінкевіч
Аляксандар Мілінкевіч

Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў Беларусі дваццаць сёмага скліканьня прызначаныя на 23 сакавіка 2014 году. Адпаведны ўказ Аляксандар Лукашэнка падпісаў 16 сьнежня. Агітаваць за байкот на гэтых выбарах забаронена, тым ня меней у шэрагу апазыцыйных актывістаў такія думкі застаюцца.

Байкот альбо ўдзел у мясцовых выбарах плянуюць беларускія апазыцыйныя лідэры?

Лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што пазыцыя руху — «удзельнічаць ва ўсіх псэўдавыбарах»:

«Бо гэта шанец трохі падняць настрой у людзей, дадаць аптымізму і паказаць, што ёсьць альтэрнатыва. Байкот — справа, безумоўна, маральная, але абсалютна неэфэктыўная, бо будзе яшчэ больш расчараваньня ў людзей, што няма каму ўладу перадаваць. Мы як грамадзкае аб’яднаньне ня маем права вылучаць сваіх кандыдатаў, але будзем падтрымліваць многіх. У тым ліку і чыста рухаўскіх — гэта некалькі дзясяткаў чалавек. І будзем падтрымліваць тых, хто будзе працаваць з „Народнай праграмай“. Гэта могуць быць людзі з розных плыняў: і левыя, і правыя. А галоўная мэта — пераканаць людзей, што ня толькі перамены патрэбныя, але і ёсьць каму рабіць гэтыя перамены».

Віталь Рымашэўскі
Віталь Рымашэўскі
Адзін зь лідэраў БХД Віталь Рымашэўскі заявіў, што хрысьціянскія дэмакраты разглядаюць мясцовыя выбары як кампанію і скарыстаюць яе:

«Ніякіх выбараў мы не прызнаём, і пра гэта было абвешчана яшчэ ў верасьні. БХД не прызнае гэтыя выбары, бо шэраг крытэраў ня выкананы, ня зьменена заканадаўства, яно стала яшчэ горшым, фармаваньне камісіяў застаецца ранейшым. Палітвязьні — за кратамі, а многія з тых, хто на волі, ня могуць удзельнічаць у гэтых так званых выбарах. Таму ўжо цяпер адназначна: выбары не прызнаём, яны нелегітымныя. Мы будзем выкарыстоўваць гэтую кампанію для стварэньня народных урадаў на месцах, альтэрнатыўных урадаў для правядзеньня нацыянальных і гарадзкіх кампаніяў. Такім чынам, для нас гэта стане адным з этапаў барацьбы супраць рэжыму. Таму напоўніцу будзем выкарыстоўваць гэтую кампанію».

Рыгор Кастусёў
Рыгор Кастусёў
Намесьнік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў заявіў, што Партыя БНФ будзе імкнуцца вылучыць як мага больш сваіх кандыдатаў:

«А ўжо кандыдаты самі будуць вызначаць канчатковы фармат удзелу ў гэтай кампаніі. Але, адназначна, мы будзем вылучаць і імкнуцца выкарыстоўваць менавіта выбарчую кампанію (я гэта не называю выбарамі) як нагоду для інфармацыйнай працы з насельніцтвам. Мы разумеем, што выбараў няма. Але мы скарыстаем выбарчую кампанію як магчымасьць легітымна працаваць з насельніцтвам. Мы працуем і цяпер у розных фарматах, але „выбары“ дазваляюць праводзіць гэтую працу больш шырока, з выкарыстаньнем друкаванай прадукцыі і арганізацыяй сустрэчаў па месцы працы і жыхарства. Таму ёсьць такія пляны ў партыі — скарыстаць такую магчымасьць па максымуму».

Леў Марголін
Леў Марголін
Намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін заявіў, што «байкатаваць мясцовыя выбары няма ніякага сэнсу, бо там няма мінімальнай яўкі»:

«АГП будзе браць удзел як мага больш масава, каб выканаць задачу, якую ставілі і падчас парлямэнцкіх выбараў. Гэта інфармацыя. Інфармацыя пра тое, што выбараў у нас няма і што ўсе нашы праблемы, і эканамічныя, і сацыяльныя, зьвязаныя з тым, што ў нас адсутнічаюць сумленныя выбары. Мы плянуем распаўсюдзіць як мага больш інфармацыі на гэты конт, але ўлічваючы, што цяпер гэтая праца небясьпечная, мы плянуем яе сумясьціць зь мясцовымі выбарамі. Таму мы будзем вылучаць сваіх кандыдатаў у мясцовыя саветы, а ўжо ісьці да канца ці не — тут мы агульнай каманды даваць ня будзем. Ёсьць розныя мэты ў саміх патэнцыйных кандыдатаў. Некаторыя хочуць папрацаваць з насельніцтвам, каб заваяваць аўтарытэт. Асабліва гэта тычыцца моладзі — з прыцэлам на будучыню, на сумленныя выбары. Нехта кажа, што інфармацыю распаўсюдзіць, але браць удзел у выбарах да канца ня будзе. Гэта асабістае пытаньне кожнага».

Андрэй Дзьмітрыеў
Андрэй Дзьмітрыеў
Прадстаўнік кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў заявіў, што «Гавары праўду» скарыстае кампанію «мясцовыя выбары» для таго, каб «ісьці наперад».

«Гэта наступны крок у народным рэфэрэндуме: мы будзем зьбіраць подпісы ў падтрымку народнага рэфэрэндуму. На гэтым тыдні ўжо аб’явім канчатковыя пытаньні. Кожны з нашых кандыдатаў будзе ісьці са сваёй праграмай, і ўсе разам — з праграмай народнага рэфэрэндуму. Мы будзем працаваць на перамогу і так, каб падвышаць узровень даверу сярод людзей і магчымасьці іх падтрымкі пасьля выбараў. А што будзе ў выніку — нехта пройдзе з кандыдатаў ці не — гэта не галоўнае. Байкот у 2012 годзе канчаткова праваліўся. Было шмат абяцаньняў, гучных заяваў, што будуць аб’ядноўвацца тыя, хто байкатаваў, і што байкот — гэта маральны выбар. А цяпер тыя самыя людзі ўжо ў першых шэрагах на ўдзел. Таму трэба ўдзельнічаць, зь людзьмі трэба працаваць, размаўляць, і ня трэба будаваць нейкіх хімераў і неіснуючых замкаў, а рабіць тое, што магчыма, і рабіць гэта якасна. А гэта праца зь людзьмі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG