ПАДЗЕІ ДНЯ
Міжнародны фэстываль хрысьціянскіх фільмаў і тэлепраграм Magnificat-2013 адкрыецца ў касьцёле сьвятых Сымона і Алены ў Менску. У праграме будзе прадстаўлена 17 фільмаў з 10 краінаў. Адкрыцьцё фэстывалю а 10.00.
Выстава «Найлепшая котка Беларусі» пройдзе ў Рэспубліканскім палацы моладзі ў Менску. Адкрыцьцё выставы а 9.30.
ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ
1591 – Слонім атрымаў герб.
1925 – у Менску прайшоў І Усебеларускі зьезд настаўнікаў.
1964 – пачаўся візыт папы Паўла VI у Сьвятой зямлі; ён стаў першым папам, які наведаў Ерусалім.
2004 – прэзыдэнтам Грузіі быў абраны лідэр «рэвалюцыі ружаў» Міхаіл Саакашвілі.
У гэты дзень нарадзіліся:
1643 – Ісак Ньютан, ангельскі фізык, матэматык і астраном.
1869 – Ядвігін Ш., беларускі празаік, публіцыст, драматург.
1952 – Юры Захаранка, беларускі палітычны дзяяч, былы міністар унутраных справаў Беларусі (скрадзены ў 1999).
У гэты дзень памерлі:
1960 – Альбэр Камю, францускі пісьменьнік.
1975 – Юрка Віцьбіч, беларускі пісьменьнік, грамадзка-культурны дзяяч эміграцыі.
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:
У самым канцы жыцьця мама мусіла адчуваць сябе вольнай, пазбаўленаю ад усяго і гатоваю перажыць усё зноў. Ніхто, ніхто ня меў права плакаць над ёю. І цяпер я таксама, як і яна, адчуваў, што гатовы перажыць усё зноў. Нібы гэты нядаўні гнеў ачысьціў мяне ад злосьці і пазбавіў астатніх надзей, я зірнуў у начное неба, усеянае зорнымі знакамі, і першы раз расчыніў душу насустрач пяшчотнай абыякавасьці сьвету. І адчуўшы, наколькі ён падобны да мяне, наколькі ён мне па-брацку блізкі нарэшце, я зразумеў, што быў заўсёды шчасьлівы і застаюся шчасьлівы цяпер. І каб добра ўсё завяршыць, каб адчуць сябе меней самотным, мне заставалася пажадаць, каб у дзень майго пакараньня было шмат гледачоў і каб яны сустрэлі мяне ровам нянавісьці.
Альбэр Камю, заканчэньне раману «Чужаніца» (пераклад Зьмітра Коласа)