Сёньня каталікі, уніяты, пратэстанты адзначаюць Каляды.
У экс-старшыні Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, прафэсара Станіслава Шушкевіча з раньняга дзяцінства Каляды — самае галоўнае сямейнае сьвята. Ён ведае, як правільна накрыць стол, што на сьвяточным стале павінна быць абавязкова, і ўсе традыцыі ў ягонай сям’і перадаюцца:
«Ад бабулькі навучыўся. Бабуля нават у самыя цяжкія ваенныя гады — я яшчэ памятаю, калі мне было 6 гадоў, а маці была ў канцэнтрацыйным лягеры — дык бабка ўмудрылася недзе набыць дзьве булачкі, мне і сястры. І мы сядзелі на печы і адзначалі Каляды. Ну, а потым спачатку мая бабка зьбірала ўсіх родных, пасьля маці зьбірала на вігілійную вячэру ўсіх родных 24-га ўвечары, потым мая сястра... Калі ў мінулым годзе памерла і сястра, мы даручылі захоўваць традыцыю маёй дачцэ, і мы сьвяткуем у яе. З абрусам, зь сенам, гатуе яна і пэўныя стравы, якія гатавала некалі бабка, потым маці, сястра, а цяпер яна — квас, аладкі, кісель. Усё так, як і належыць».
Экс-старшыня Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, генэрал-лейтэнант міліцыі Мечыслаў Грыб нават у савецкі час Каляды сьвяткаваў, нягледзячы на сяброўства ў КПСС:
«Гэта вялікае сьвята, я яго прызнаю, я яго сьвяткую. Калі была жывая маці, мы сустракалі яго так, як і ўсе каталікі. 24-га ўвечары стол накрывалі, сена слалі і клёцкі розныя варылі. А цяпер, калі яе ўжо няма і жонкі няма, неяк складана... Але ў сераду, 25-га, да мяне заўсёды прыходзяць дзеці, унукі зь віншаваньнямі, ёлку паставім, пасядзім, паабедаем, пагамонім. Для мяне гэта будзе сьвятам да канца майго жыцьця».
Сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец апошнія тры гады вымушаны быў адзначаць Каляды і Новы год, дый усе астатнія сьвяты, то ў турме КДБ, то на так званай «хіміі». Адразу пасьля заканчэньня праваслаўнага посту ён зьбіраецца ажаніцца. У нявесты — сям’я каталіцкая, і Каляды ён сустракае ў будучых сваякоў:
«Настрой у мяне, вядома, лепшы. Хутка вясельле, я на волі з роднымі, блізкімі, нявестай. Так што дзякуй Богу... У гэты дзень хацелася абавязкова быць у храме. У сям’і нявесты прынята і ў касьцёл хадзіць, і ламаць аплаткі, пасьля вячэра, такое дамашняе сьвята. Натуральна, буду адзначаць і праваслаўнае Раство, абавязкова ў царкве, гэта будзе ўсяночная».
Паэт і лідэр грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Ўладзімер Някляеў — праваслаўны, і 7 студзеня ён з усімі сваякамі сьвяткуе ў родным Крэве, захоўваючы ўсе традыцыі бабулі. А паколькі ў яго шмат сяброў-каталікоў, 25 сьнежня ў яго традыцыйна зьбіраюцца сябры, каб падсумаваць вынікі году:
«Не галоўнае, што ў нас на стале. Галоўнае — адзначаецца нейкая падзея. Напрыклад, кніжка выходзіць, ці выстава, як у Сітніцы ці Вішнеўскага. У мяне таксама днямі выйшла кніжка „Знакі прыпынку“ — таксама падзея, каб сустрэцца.
Толькі аднойчы ня выйшла сустрэцца на Каляды — у 2010 годзе, калі я знаходзіўся ў турме КДБ. 23 сьнежня — дакладна памятаю гэтую дату — я напісаў ліст да ўсіх сяброў, якія зьбяруцца ў маім доме безь мяне. Напісаў найперш Вользе: маўляў, нягледзячы ні на што, зьбірайцеся, жартуйце, адзначайце, як мы заўсёды гэта рабілі. Ну, і напісаў: няхай Валянцін Акудовіч падымецца і скажа... няхай Генадзь Грушавы падымецца і ўзгадае тое і тое, Леанід Дранько-Майсюк — тое і тое...
Недзе гадзіны праз паўтары пасьля таго, як я аддаў ліст дзяжурнаму, мяне выклікаюць на допыт. Сьледчы кажа: „Ну, цяпер, грамадзянін Някляеў, расказвайце, што гэта за інструкцыя і якія антызаконныя дзеяньні вы плянуеце рабіць на Новы год?“ І як я ні даводзіў, што гэта мае пажаданьні сябрам, мае прывітаньні да іх, ніхто мне не паверыў, і гэта легла ў крымінальную справу як адзін з элемэнтаў маёй злачыннай дзейнасьці.
Спадзяюся, у гэтым годзе мне нічога злачыннага не прыпішуць і мы зьбяромся зь сябрамі і адзначым гэтае сьвята».