Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанская каралева пасьмяротна памілавала асуджанага за гомасэксуалізм матэматыка-генія Т'юрынга


Алан Т'юрынг
Алан Т'юрынг

Амаль праз 60 гадоў пасьля сваёй сьмерці брытанскі матэматык Элан Т'юрынг, якога лічаць адной з цэнтральных фігураў у стварэньні кампутару, атрымаў афіцыйнае памілаваньне ад брытанскай каралевы Лізаветы ІІ.

Т'юрынга асудзілі ў 1952 годзе за гомасэксуалізм, які тады быў у Брытаніі крымінальным злачынствам.

Сярод найбольш яркіх навуковых дасягненьняў Т'юрынга – удзел у стварэньні машынаў і альгарытмаў, якія дазволілі расшыфраваць нібыта непрыступны код «Энігма», які немцы выкарыстоўвалі падчас Другой Усясьветнай вайны.

Элан Т'юрынг скончыў самагубствам у 1954 годзе ва ўзросьце 41 году, зьеўшы яблык з цыяністым каліем, праз два гады пасьля прысуду за «грубую непрыстойнасьць». Яго прысудзілі ў якасьці альтэрнатывы турэмнаму зьняволеньню да хімічнай кастрацыі — сэрыі ін'екцый жаночых гармонаў. Пасьля прысуду ён згубіў доступ да ўсіх сакрэтных праграмаў, у якіх працаваў.

У 2009 годзе лейбарысцкі прэм'ер-міністар Брытаніі Гордан Браўн выступіў з афіцыйнымі прабачэньнямі, назваўшы абыходжаньне з Т'юрынгам «жахлівым» і «цалкам несправядлівым». Але ў мінулым годзе кансэрватыўны ўрад Дэйвіда Кэмэрана адмовіўся памілаваць Т'юрынга.

Пад інтэрнэт-пэтыцыяй аб памілаваньні сабралі больш за 35 тысяч подпісаў, і гэтую кампанію падтрымалі шмат якія вядомыя навукоўцы, у тым ліку знакаміты астраном Стывэн Гоўкінг.

Пра памілаваньне абвясьціў міністар юстыцыі Вялікабрытаніі Крыс Грэйлінг, які зрабіў запыт да каралевы. У сваёй заяве Грэйлінг сказаў, што Т'юрынг «заслугоўвае, каб яго памяталі і прызнавалі яго фантастычны ўнёсак у перамогу ў вайне і яго навуковую спадчыну. Памілаванне каралевы будзе належнай данінай памяці гэтаму незвычайнаму чалавеку». Грэйлінг дадаў, што сёньня прысуд Т'юрынгу лічыўся б «несправядлівым і дыскрымінацыйным».

Прэм'ер-міністар Брытаніі Дэйвід Кэмэран ў сваёй заяве адзначыў: «Ягоныя дзеяньні ўратавалі незьлічоную колькасьць жыцьцяў. Ён таксама пакінуў выдатную нацыянальную спадчыну сваімі значнымі навуковымі дасягненьнямі, і яго часта называюць «бацькам сучасных вылічальных тэхналёгіяў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG