Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Львове хлопчыка назвалі Эўрамайданам


Хлопчык на «Эўрамайдане»
Хлопчык на «Эўрамайдане»
Маладая сям'я з Львова назвала свайго нованароджанага сына Эўрамайданам. Яго бацька Яўген Ціхун ужо месяц езьдзіць у Кіеў адстойваць сваё бачаньне будучыні Ўкраіны і лічыць, што Эўрамайдан Яўгенавіч Ціхун – выдатнае імя.

«Гэта рашэньне ішло ў асноўным ад мяне, бо нам вельмі складана жывецца і хочацца пераменаў. Мне на «Эўрамайдане» ніхто ня плаціць, я там стаю бясплатна, за ідэю. Калі хлопчык захоча потым памяняць сваё імя – яго воля, ён гэта зможа зрабіць. Сябры, сваякі і суседзі нас падтрымліваюць», – распавёў шчасьлівы бацька журналістам выданьня «Кіеўскія ведамасьці».

Мама маленькага Эўрамайдана, Марыя Ціхун, падтрымала свайго мужа. «Мы ўнесьлі свой уклад у гісторыю Ўкраіны. Можа, пра нас нават у Вікіпэдыі старонку створаць», – кажа яна.

Яўген Ціхун ня лічыць, што ў яго першынца паўстануць нейкія праблемы з-за імя. «Што тут такога? Поўнае імя ў хлопчыка будзе Ціхун Эўрамайдан Яўгенавіч – выдатнае імя. А можа, і прафэсарам стане!» – сказаў львавянін.

Пакуль маленькі Эўрамайдан вылучаецца спакойным і ціхім норавам. Ён нарадзіўся здаровым і адчувае сябе добра, лекары ўжо выпісалі дзіця разам з мамай дадому.

«Майдан» перакладаецца з украінскай мовы як «плошча». У гэтага слова, якое мае арабскае паходжаньне, ёсьць і іншыя значэньні – зборнае месца, паляўнічая хаціна, старажытная магіла, курган, рынак, азартная гульня ці месца для азартнай гульні. Майданьнікамі, паводле слоўніка Даля, называлі махляроў, што гуляюць у косткі або карты. Дарэчы, народны выраз «ісьці на майдан» таксама азначае зьяўленьне на сьвет навародка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG