Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сталкеры Свабоды

Валянціна Лойка: Зорка пры калядоўшчыках ці калядоўшчыкі пры Зорцы?


Валянціна Лойка: «Зорка пры калядоўшчыках ці калядоўшчыкі пры Зорцы?»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:07:21 0:00
Наўпроставы лінк

Напярэдадні Калядаў мастачка Валянціна Лойка разважае пра сакральныя сэнсы выяваў каляднае зоркі і саламянага павука.

«Надыходзяць Каляды, і людзі робяць зорку. Каб нешта зрабіць, трэба злучыць дзьве рэчы. У нас быў крыжык, а атрымаўся ромб.

Крыж і ромб. Дзьве літары арнамэнтальнага алфавіту. Два знакі зь легендамі, якія кажуць пра ўтварэньне сусьвету. Напачатку нічога не было, потым узьнік нейкі ўсплёск, нейкі рух, нейкая цьвердзь.

Я доўга думала — дзе той рух? Я доўга яго шукала. Прыйшла здагадка, што рухам можа быць гэта: калі мы бяром ромб, ён адносна свайго цэнтру паварочваецца, і ў нас атрымліваецца такая фігура. Яна напамінае нам калядную зорку.

Напярэдадні Калядаў, у самы кароткі дзень, вельмі важны касьмічны дзень для плянэты, ходзяць чамусьці калядоўшчыкі, носяць гэты знак, усім паказваюць, заносяць у кожную хату. Той, хто мае вочы, убачыць — гэта мадэль утварэньня сьвету.

Дзеля чаго гэтую зорку насіць? Калі дзеля ўпрыгожваньня кампаніі — гэта адна справа і адна эстэтыка. Тут важна ведаць — мы пры зорцы ці зорка пры нас? Хутчэй за ўсё — мы пры гэтым знаку.

Хацелася паспрабаваць сканструяваць тую ж ідэю, як утвараўся сьвет, — з выхадам у аб’ём. Бяром чатыры саломкі, нанізваем.

Ёсьць адзін закон у вырабе павука: ніколі ня можна ў адной фігуры падчас працэсу зьмяняць даўжыню саломкі. Умоўна я бяру саломіну на даўжыню свайго ўказальнага пальца. Гэта сем сантымэтраў.

Усе гэтыя саломкі пачынаюць выгінацца і знаходзяць сабе адзіна магчымую пазыцыю. Яны выламалі плоскасьць і замкнулі сыстэму. Утварыўся актаэдар. Чаму ён утварыўся? Зноў жа — адпачатку, таму што ўзьнік рух. Актаэдар — гэта трохмерны аб’ект, які трымае час прасторавы.

Я пачала экспэрымэнтаваць і зрабіла такую мадэль. Мне стала цікава: калі калядная зорка — гэта плоскасная выява, а мы атрымалі актаэдар з трыма восямі X, Y, Z — вось квадрат, вось яшчэ і вось трэці, — то што будзе потым? Я зрабіла зорачку ў адной плоскасьці, у другой і ў трэцяй і была ашаломленая тым, што ўсярэдзіне гэтай зорачкі атрымаўся актаэдар. Гэта адзін з тых выпадкаў, калі мысьліць можна рукамі. Да гэткай думкі не дайшоў бы ніякім чынам, а толькі зрабіўшы. Таму праца хавае ў сабе інфармацыю ня меншую, чым археалягічныя, гістарычныя дасьледаваньні. Гэта таксама шлях для прачытаньня тэкстаў.

Сталкеры Свабоды

Сталкеры Свабоды

«Сталкеры Свабоды» — штотыднёвая праграма нашага Радыё. У ёй мы распавядаем пра людзей, якія сілай сваіх перакананьняў, творчай актыўнасьцю, нязломным аптымізмам, глыбінёю веры ў сваё прадвызначэньне ствараюць уласную тэрыторыю свабоды. Героі праграмы — земляробы і інтэлектуалы, адзінокія маці і шматдзетныя бацькі, спартоўцы і эколягі, невядомыя народныя майстры і выбітныя прафэсійныя мастакі, вольныя вандроўнікі і вязьні турмаў — усе тыя, хто штодзённа расшырае вакол сябе ўласную свабодную прастору да межаў уласнае краіны. Штотыдзень па суботах на нашым сайце — «Сталкеры Свабоды».

Усе выпускі «Сталкераў Свабоды»

Маем дзьве праблемы: ёсьць пустата ў цэнтры і ёсьць абалонка. І я зноў і зноў вяртаюся да таго месца: напачатку нічога не было. Потым быў усплёск, рух і нейкая цьвердзь. Мяне ўразіў гэты выраз — напачатку нічога не было. Значыць — ні-чо-га не было!

Калі кажуць, што ромб — гэта жаночая форма ў значэньні арнамэнту, а крыж — мужчынская, то павук не дае магчымасьці з гэтым згадзіцца. Таму што гэта ў геамэтрыі называецца рабро. І з рабра Адамавага ўтвараецца іншая форма. Гэтае біблейнае слова кажа не пра мяса, не пра рабрыну, не пра скабы. Тут ідзе гаворка пра геамэтрыю, бо геамэтрыя — гэта прастора. І гэтае біблейнае слова расшыфравалася ў нас тут у Беларусі ў павуку. Можа, гэты павук дазволіць нам усё расчытаць?

Навошта ў мужыка ў хаце вісела неўжытковая, абстрактная рэч? У мужыка ў хаце ніколі ня можа быць непатрэбнага, а толькі патрэбнае — лава, сякера, печ. Каб для прыгажосьці, дык карцінку на сьцяну павесіў бы.

Калі падыходзіш да такіх сакральных тэкстаў і разумееш, наколькі яны схаваныя, і думаеш пра тое, куды можна схаваць найсакральнейшае на сьвеце — у зямлю, у мора, на неба? А на сабе насіць? От самы найлепшы спосаб захаваньня: калі ўсе арнамэнты на чалавеку, на адзеньні, на посудзе, на хатах. Гэта — невынішчальна. І трэба зразумець: гэта ўсё схавана для нас — ці ад нас?»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG