Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гадавое кола і беларускі лёс


Вячаслаў Ракіцкі, Менск

Удзельнічае літаратуразнаўца Пятро Васючэнка.

(Ракіцкі: ) “Дзесьці болей за 7000 гадоў таму, як сьведчыць Біблія, Госпад, Творца існага, даў ход галяктыкам, зоркам і плянэтам. Ад тае пары мільярды касьмічных гадзіньнікаў пачалі адлічваць кожны свой час і самым зразумелым для зямлянаў сталася сонечнае гадавое кола. Менавіта яно вымярала чалавечае жыцьцё і гісторыю чалавецтва.

Міталёгія, рэлігія, навука, культура — кожнае па-свойму трактавала хаду часу і падлічвала век Сусьвету і чалавецтва. Але гадавое кола, зь яго зададзенасьцю і непазьбежнасьцю, прызнавалася ўсімі. Ці можна казаць, што гадавое кола спрычынілася і да вытокаў беларускага лёсу?”

(Пятро Васючэнка: ) “Беларусы — не выключэньне. Яны таксама мелі свой колазварот, свой гадавы каляндар. Гадавое кола было сапраўды тым адзіным рытмам, які зьвязваў рытм чалавечага жыцьця з рытмам Сусьвету, з рытмам космасу”.

(Ракіцкі: ) “Маім госьцем літаратуразнаўца Пятро Васючэнка. Спадар Пятро, а ці не падаецца вам, што наш продак был цалкам замкнёны ў гэтым коле? Можа, нават адчуваў сябе палоньнікам гэтага кола?”

(Васючэнка: ) “Сапраўды, усё жыцьцё нашага продка было зьвязанае зь пераменамі, якія адбываюцца на працягу году. Лета зьмяняе вясну, восень зьмяняе лета, і трэба сказаць, што продак наш не адчуваў сябе ахвяраю, будучы палоньнікам гадавога кола. Я мяркую, што ён адчуваў сябе шчасьлівым у гэтым коле, бо ён ведаў, што будзе восень — будзе ўраджай, будзе вясна — стане час сяўбы. Гадавое кола зьмяшчала для яго і ягоную веру, і ягоны дабрабыт, і ягоную зямную працу, і ягонае каханьне, і сьвяты. Хутчэй наш продак дбаў пра тое, каб гэтае кола працягнула сваю хаду”.

(Ракіцкі: ) “І таму ён прыносіў ахвяры, каб не памерла сонца, прыкладам?”

(Васючэнка: ) “І на Каляды ён прыносіў гэтыя ахвяры, і дзень ушанаваньня стралы — таксама быў абрад, прысьвечаны таму, каб доўжылася гадавое кола, каб быў ураджай, каб пладзіліся статкі і каб працягваўся чалавечы род...”

(Ракіцкі: ) “Калі казаць пра архаічных беларусаў, то напэўна можна зазначыць, што кола ёсьць і іхны шчасьлівы фатум. А як у новых варунках, калі зьмянілася вера?”

(Васючэнка: ) “Прыйшло хрысьціянства і шмат што памяняла ў побыце беларуса, але яно захавала гадавое кола. Сьвяты памянялі свой рытуал, але яны засталіся. Хіба што Ярыла ператварыўся ў Юр’я, Купальле — у сьвята ў ноч сьвятога Яна, а Куцьця — у Раство Хрыста. Але паэзія гадавого кола, ягоная рытміка захаваліся. Невыпадкова адзін зь першых хрысьціянаў на Беларусі Кірыла Тураўскі паэтызаваў надыход вясны, зьвязваючы Вялікдзень ня толькі з Уваскрасеньнем Хрыста. І гэта ён падаў першым у беларускай літаратуры маляўнічае апісаньне вясны”.

(Ракіцкі: ) “Тут мы можам напэўна казаць пра нейкія праславянскія агульныя ўяўленьні. Але ў Сярэднявечча, Рэнэсанс нашы беларускія хлопцы пачынаюць вандраваць па Эўропе, вучыцца ў найлепшых эўрапейскіх унівэрсытэтах. Узьнікненьне прастэнтацтва — як гэта адбілася на ўсьведамленьні беларусаў з найбольш прагрэсіўным мысьленьнем адукаваных беларусаў у разуменьні гадавога кола?”

(Васючэнка: ) “Беларус за часам Сярэднявечча, Рэнэсансу апынуўся ў іншым сьвеце, населеным іншымі рытмамі, а часам і арытміямі. І ў гэтым сьвеце вобраз гадавога кола, яго сымболь, на нейкі час як бы адышоў на другі плян. Вельмі сымптаматычна, што нашы летапісы ў гэты час перасталі быць, уласна кажучы, гадавымі запісамі, яны сталі хронікамі і апісвалі падзеі, якія выйшлі за межы гадавога кола.

Але ў генэтычнай памяці беларусаў вобраз, сымболь гадавога кола ўсё ж застаўся і зноў вярнуўся да свайго культурнага гістарычнага жыцьця, мяркую, у ХІХ стагодзьдзі, ды і ў нашым часе таксама”.

(Ракіцкі: ) “Чаму менавіта ў ХІХ стагодзьдзі выяўляецца гэтая новая гістарычная актуальнасць гадавога кола?”

(Васючэнка: ) “Прыгадаем, як пачыналася ХІХ стагодзьдзе — гэта быў пачатак вялікіх ілюзій. Чалавецтва ўваходзіла ў стадыю цывілізацыі. А беларускія культурныя дзеячы ўваходзілі ў час, калі культура тварылася ў шляхецкіх сядзібах, была замкнёная ў іх. Чалавек — творца гэтай культуры — па сутнасьці зноў уваходзіў у стасункі зь біярытмамі, ён зноў глядзеў гаспадарку, паглядаў на неба, ізноў судакранаўся з гэтымі рытмамі, якімі жыве супольна прырода, чалавек і сусьвет.

І такім чынам у асяродзьдзі гэтай шляхецкай культуры ўзьніклі творы, якія адлюстроўваюць гэтае сядзібнае сьветаўспрыманьне. Кампазыцыйны пачатак гэтых твораў — ізноў-такі гадавое кола. Прыгадаю твор Яна Баршчэўскага “Шляхціц Завальня”, дзе распавядаецца пра калядны цыкль. Прыгадаем раман Элізы Ажэшкі “Над Нёманам”, таго ж “Пана Тадэвуша” Адама Міцкевіча, а таксама цыкль вершаў Уладзіслава Сыракомлі, верніка вясковага, ізноў падпарадкаваны гэтым рытмам.

У той жа час беларусы адчулі і хаду гісторыі, менавіта ў гэты час яны змаглі азірнуцца на мінулыя эпохі і супаставіць зь імі эпоху рэвалюцыі ды іншых сацыяльных зрухаў. Менавіта ў гэты час гісторыя пачала ўсьведамляцца паводле цыклічнай мадэлі, збудаванай па правобразе гадавога кола. У гэтай мадэлі адно з дамінантных месцаў належала вобразу вясны.

Прыгадаем, як Уладзіслаў Сыракомля выкарыстоўваў гэты вобраз у зьвязку з падзеямі 1848 году. Тады ў Эўропе пачыналась так званая “Вясна народаў”. Хваля рэвалюцыяў і паўстаньняў пракацілася па найбуйнейшых эўрапейскіх сталіцах. І Ўладзіслаў Сыракомля адгукнуўся на гэтыя падзеі вершам “Добрыя весьці”, дзе апэлюе да рэвалюцыйных падзеяў і чакае, пакуль вясна дакоціцца да Беларусі. Пройдзе яшчэ 13 гадоў, і ў 1861 годзе Сыракомля напіша іншы верш — “Ужо птушкі пяюць усюды”, дзе будзе наракаць на тое, што вясна не надыходзіць так хутка, як яму хацелася”.

(Ракіцкі: ) “Вясна — улюбёны сэзон. А што наконт астатніх сэзонаў — лета, восені, зімы?”

(Васючэнка: ) “Вельмі лёгка было атаясаміць вобраз вясны з вобразам рэвалюцыі, нейкага сацыяльнага ці нацыянальнага зруху, які вядзе да лепшага. А вобраз восені й зімы — са старасьцю сьвету, старасьцю грамадзтва, заняпадам і рэакцыяй. І ў большасьці выпадкаў так і здаралася.

Прыкладам, у паэме “Сон на кургане” сацыяльныя замаразкі Купала атаясамлівае з вобразам адвечнай зімы. У той жа час Адам Міцкевіч у паэме “Пан Тадэвуш” пачынае твор вясною і завяршае твор новай вясною, калі ў Беларусь прыходзіць Напалеон, прыносіць з сабою новыя спадзяваньні і калі шляхта як бы аджывае да новага жыцьця і яднаецца з клічам “Кахаемася!”

Разам з тым, восень і зіма таксама паэтызаваліся ў гэтым цыклі. Восень у паэме Міцкевіча “Дзяды” зьвязвалася зь вяртаньнем да мінуўшчыны, з уваскрасэньнем душ памерлых. Тое ж самае можна казаць і пра паэму Купалы “На Куцьцю”, дзе ўваскрасалі волаты мінулых часоў”.

(Ракіцкі: ) “А чаму, спадар Пятро, у беларускай літаратуры такое непрывабнае лета?”

(Васючэнка: ) “Я сказаў бы пра тое, што з усіх летніх сьвятаў нашы паэты найбольш шануюць Купальле. Гэта экстатычнае сьвята агня, вады, нараджэньня. А ў астатнім лета ўяўляецца імі, як мне думаецца, як даволі панылая, мляўкая зямная экзыстэнцыя, як час падрыхтоўкі да жніва, да будучай восені і зімы, і калі селянін, беларус, бавіць час у цяжкой, маруднай і пакуль што няўдзячнай працы. Інакш кажучы, пагружаецца ў гэты цяжкі экзыстэнцыйны стан”.

(Ракіцкі: ) “Але ХХ стагодзьдзе — стагодзьдзе вельмі драматычных, часам нават трагічных катаклізмаў. І мне падаецца, што ў ХХ стагодзьдзі літаратарам было цесна ў межах адназначнай трактоўкі гадавога цыклю”.

(Васючэнка: ) “Мы казалі пра тое, чым пачыналася ХІХ стагодзьдзе, цяпер будзем казаць пра тое, што тыя ілюзіі, тыя спадзяваньні пачатак ХХ стагодзьдзя разьвянчаў. Гэта быў пачатак новых войнаў і новых рэвалюцыяў, яшчэ больш крывавых. І тут раптам высьветлілася, што чалавек — гэта палоньнік ажно некалькіх замкнёных колаў: прыроднага кола, жыцьцёвага кола і гістарычнага кола, бо беларусы ў гэты час адчулі і тое, што іх гісторыя зь бясконцымі адраджэньнямі і заняпадамі таксама ў гэтым коле мае свой палон.

І найбольш балюча і драматычна зрэагаваў Янка Купала, які ў многіх сваіх творах вывеў некалькі мадэляў кола, у кожным зь якіх шукаў свой выхад. Прыкладам, цалкам замкнёнае кола ў “Адвечнай песьні”. Мужык пражывае вясну, лета, восень свайго жыцьця, урэшце ўзімку, пад старасьць, яго прыдавіла ялінаю... Але і тут Купала дае яму магчымасьць пашукаць прарыў з гэтага кола: нябожчык, цень мужыка падымаецца з магілы, каб паглядзець — ці ёсьць разрыў у гэтым векавечным коле? І знаходзіць, што разрыву няма. Па-ранейшаму ягоны сын арэ той самы шнур, які араў некалі бацька...

Нарэшце, у шэрагу вершаў Купалы кола распростваецца ў шлях, героі ідуць немаведама куды, як у “Раскіданам гнязьдзе” альбо ў “Сьне на кургане”. Вельмі часта гэты шлях завяршаецца новым колам — колам, у якім заплуталі паяжджане ўзімку, колам, якім завяршыўся шлях героя “Сна на кургане” — векавечнай зімою і сьмерцю ягонай жонкі, гэта значыць — Беларусі. Інакш кажучы, Купала ўсё жыцьцё драматызаваў праблему замкнёнасьці чалавека ў коле абставінаў, і ўсё жыцьцё шукаў прарыву зь яго. Магчыма, і лёс Купалы пацьвярджае гэты трагічны пошук”.

(Ракіцкі: ) “Чаму менавіта ў беларусаў неразарванае кола як мадэль іхнай гісторыі?”

(Васючэнка: ) “Зьвярнуся сьпярша да прычынаў мэтафізычных: Госпад памясьціў у Беларусі нейкую спэцыфічную зону — зону ціхай плыні, як называў яе Максім Гарэцкі. Зону, дзе ўсе працэсы, якія адбываюцца ў гісторыі і ў прыродзе, ідуць — але ідуць нейкімі замаруджанамі рытмамі, усё рухаецца паволі, і беларус міжволі ўцягваецца ў гэты рух.

Зь іншага боку, ёсьць і проста псыхалягічныя прычыны, паводле якіх беларусам у гэтым коле ўтульна. Гэта наша прыродная блізкасьць да зямлі. Гэта прага аўтэнтыкі, якая захавалася ў нас да ХХІ стагодзьдзя. Гэта няспыннае чаканьне пераменаў — ад сэзону да сэзону, ад бульбы да бульбы, ад Калядаў да Калядаў”.

(Ракіцкі: ) “Такім чынам, цыклічная мадэль ня толькі фатальная. Цыклічная мадэль абнадзейвае, што вясна абавязкова прыйдзе. І ў гэтым, напэўна, надзея зайца, які варыў сваё піва напярэдадні халоднай зімы:

Туман плыве зь нізіны сівы
Над нівай голай і пустой.
“Глядзіце, заяц варыць піва”, —
Жартуюць людзі між сабой.
А я відушчым бачу зрокам,
Як ён прысеў каля агню,
Трыгубы, шэры, касавокі,
І піва варыць зь ячмяню.
Яліна іскрамі страляе,
А ён прыладзіў кацялок
І трэскай варыва мяшае,
Каштуе, сплёўвае набок.
І піва заяц зварыць густа,
А на закуску — бурачок,
Трава, заечая капуста,
Галін асінавых пучок.
З зайчыхай вып’юць па маленькай
І дзеткам трошкі паднясуць,
Пужлівым галаском таненькім
“Цьвіцела морква” завядуць.
Пабачыш — не гані з абсалы,
Дай хоць на гэты дзень спакой,
Павінна ж быць і ў зайца радасьць
Перад халоднаю зімой”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG