Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы ў чаканьні цуду


Вячаслаў Ракіцкі, Менск (Эфір 23 сьнежня). Новая перадача сэрыі “Беларуская Атлянтыда”. Удзельнічае: Пятро Васючэнка.

(Вячаслаў Ракіцкі:) “Набліжэньне Калядаў, да якіх рыхтуецца хрысьціянскі сьвет, непарыўна зьвязана з прадчуваньнем сьвята. І цуд абавязкова адбудзецца, нават тады, калі ня ўсе яго заўважаць за беганінаю па крамах, вясёлым баляваньнем, выбухамі пэтардаў. Цуд прыйдзе ў ваш дом калядным вечарам разам зь першаю зоркаю, пакладзеным пад абрус сенам, ціхім сямейным сумоўем, шэсьцем калядоўнікаў з казой. Чаму Каляды так шчыльна зьвязаныя з цудам?”

(Пятро Васючэнка:) “Таму, што Каляды й Купальле – два экстрэмумы гадавога кола, гадавога цыклю. Гэта – дні і ночы, калі гэты цыкл як бы абрываецца, калі сонца паварочвае на вясну альбо на зіму, калі самаю кароткаю альбо самаю доўгаю начою, як гэта адбываецца на Каляды, ажываюць містычныя, сакральныя сілы. Гэта – нарэшце, ноч, калі нарадзіўся Збавіцель”.

(Ракіцкі:) “Спадар Васючэнка, цуд – гэта ня толькі містычная, але яшчэ й культуралягічная, псыхалягічная, нават грамадзкая зьява. Ці лічыце вы, што беларусы ёсьць містэрыяльным, чуйным да цуду народам?”

(Васючэнка:) Слушна, бо і наш фальклёр, і наша міталёгія, і жыцьці нашых сьвятых споўненыя цудамі, споўненыя містэрыямі, гэтаксама як споўненыя імі дакумэнтальныя творы – “Баркулабаўскі летапіс”, “Кроніка Еўлашэўскага”. Мяркую, што і прага да каляднага цуду жыла ў людзей і тады, калі гэтае сьвята было напаўзабароненым, альбо напаўзабытам. Прынамсі, я згадваю сваё дзяцінства – тыя часы, калі наставалі калядныя халады, калі дзеці чакалі Новага году, і адчувалася сакральнае пачуцьцё сьвята, містыкі. Я не дзівіўся, што ня толькі на Купальле, але і на Каляды падлеткі пераносілі брамы зь месца на месца, падпіралі каламі жыхароў у хатах. Яны адчувалі, што нешта павінна зьмяніцца, павінен адбыцца нейкі цуд. А таму і рабілі гэты цуд сваімі рукамі, толькі крышачку нецывілізаваным шляхам.”

(Ракіцкі:)”А якіх цудаў звычайна чакалі беларусы на Каляды?”

(Васючэнка:) “Беларусы, натуральна, чакалі на Каляды і тых цудаў, якіх чакае ўвесь хрысьціянскі сьвет. Я паспрабую іх пералічыць. Адзін з такіх цудаў – гэта сонцаварот, гэта прыродная і касьмічная містэрыя: сонца паварочвае на лета. Але каб гэта адбылося, каб прырода не памерла, патрабавалася магічнае дзеяньне – дзеяньне калядоўнікаў з казою. Другі цуд – гэта сустрэча душ памерлых з душамі жывымі. Гэта добра адлюстраваў Янка Купала ў паэме “На Куцьцю”.

“Яшчэ адзін цуд – гэта разрыў у часе, гэта трансцэндэнтальная вандроўка ў будучыню і мінулае, якая ажыцьцяўляецца праз варожбы і прарочыя сны. Яшчэ адзін цуд – гэта выкананьне жаданьняў пры дапамозе сьвятога Міколы дый іншых дабрадзеяў, альбо праз малітву. І нарэшце – гэта містэрыя нараджэньня Хрыста, пра што мы ўжо казалі.”

(Ракіцкі:) “Цуды, пра якія вы кажаце, цешаць сэрцы і прадстаўнікоў іншых хрысьціянскіх народаў, ня толькі беларусаў. Якія ж нацыянальныя адметнасьці беларускай містэрыяльнасьці?”

(Васючэнка:) “Я адзначыў бы такую адметнасьць, як стрыманасьць і сьціпласьць у жаданьнях. Беларусы звычайна прагнуць цудаў досыць сьціплых, празаічных. Сьведчаньнем таму – жыцьцё Эўфрасіньні Полацкай. Пра якія цуды яна маліла? Пабудаваць храм, каб быў будаўнічы матар’ял, калі ён скончыўся. І нарэшце – памерці на Сьвятой Зямлі.”

(Ракіцкі:) “Вы, дарэчы, ужо ўзгадалі беларускага аналяга раейскаму Дзеду Марозу ці заходняму Санта-Клаўсу – Сьвятога Міколу. Напэўна, можна казаць і пра паганскага беларускага Зюзю. У адрозьненьне ад тых сваіх аналягаў, яны дзейсьняць цуды ці зьяўляюцца фігурамі абстрактнымі?”

(Васючэнка:) “Беларускі Зюзя ў адрозьненьне ад тых не разносіць падарункі па хатах, а марозіць. Ён можа замарозіць і згубіць ураджай. А каб гэтага ня стала, яго трэба задобрыць. Гэта і ёсьць ягоны падарунак. Беларускі Сьвяты Мікола апякуецца ўраджаем, можа спрачацца з Юр’ем або Ягор’ем за тое, каб мужыку лягчэй было здымаць ураджай. Можа змагацца за тое, каб хмары палілі гэты ўраджай увосень. Ён апякуецца ўрадлівасьцю, і гэта таксама ягоны падарунак. Так што рэдка ён разносіць падарункі па хатах.”

(Ракіцкі:) “Ніхто беларусам не прынясе цудаў? Яны могуць спадзявацца толькі на сябе?”

(Васючэнка:) “На сябе, на свае рукі. І калі гэтая рупнасьць разам з малітваю дае плён, гэта і ёсьць маленькім цудам. Стрыманымі жаданьнямі споўненыя і беларускія калядныя гісторыі.”

(Ракіцкі:) “А ўвогуле як прэзэнтаваныя калядныя гісторыі ў беларускай літаратуры? Шэдэўры ў гэтым жанры стварылі клясыкі ўсясьветнай літаратуры. Прыкладам, “Калядныя аповесьці” Чарльза Дыкенса, “Дзяўчынка з запалкамі” Ганса Хрыстыяна Андэрсана…”

(Васючэнка:) “У нас практычна кожны клясык у прозе ці вершах стварыў сваю калядную гісторыю. Нагадаю хрэстаматыйнага “Шляхціча Завальню” Яна Баршчэўскага. Дзеяньне адбываецца ўзімку, яно напоўненае жахамі. Янка Журба ў часы “нашаніўства” напісаў аповед, які называўся “Перад сьвятам”. Там распавядаецца пра беднага селяніна Андрэя, які прасіў-маліў у старшыні мех з мукою, каб адзначыць Каляды, а той ня даў, і Андрэй, засмучоны, пайшоў сьвяткаваць свае нішчымныя Каляды.”

(Ракіцкі:) “У тых творах, якія вы ўжо назвалі, героям уласьцівая ня толькі містэрыяльнасьць, але і боязь гэтых цудаў.”

(Васючэнка:) “Мінорнасьць і гучыць у творах. Прыкладам, у дэтэктыве Міраслава Адамчыка “Забойства на Каляды”. Бачыце, Каляды зьвязаныя са злачынствам. Уладзімер Караткевіч напісаў “Калядную рапсодыю”, у якой адбываецца ня цуд каханьня, а разьвітаньне з каханьнем. Я і сам грэшны. У свой час я напісаў аповед “У прочкі”, дзе таксама разьвенчваецца калядны цуд. Мае героі робяцца сапраўднымі калядоўнікамі, але назаўсёды кідаюць сем’і і выпраўляюцца вандраваць па Беларусі.”

“ І нарэшце – боязь сурочыць, боязь прароцтваў, якія могуць ня спраўдзіцца. Ёю была зараджаная паэзія Янкі Купалы, які аднойчы сурочыў. Напрыканцы 1913 году ён напісаў верш “На Новы (1914) год”, у якім марыў пра волю для беларусаў. А чым вызначыўся 1914 год? Пачаткам першай усясьветнай вайны, якая шмат у чым перакрэсьліла лёс нашай дзяржавы.”

(Ракіцкі:) “Няўжо адметнасьць беларусаў у такой вось нясьмеласьці, боязі нязвыклага?”

(Васючэнка:) “Я сказаў бы пра тое, што беларус – гэта істота ў двух абліччах. У кожным беларусе хаваюцца два беларусы. Беларус – гэта Хомка няверны, як пісаў пра яго Максім Гарэцкі, але беларус – гэта і ціхі летуценьнік, дзіця, якое прагне цуду. Гэта – “паршывы рэаліст”, як пісаў пра яго Уладзімер Караткевіч, але ён жа і ціхмяны рамантык.”

(Ракіцкі:) “А ці не выходзілі беларусы на адносіны панібрацтва зь містэрыяльнымі, сакральнымі сіламі? І ці ня мела для іх гэта нейкія наступствы?”

(Васючэнка:) “Менавіта гэтае спалучэньне рэаліста і рамантыка прымусіла беларуса прыватызаваць містэрыю: цуд павінен адбыцца, але абавязкова на ягонай зямлі, у ягонай хаце, на ягоным панадворку. Такая рыса як тутэйшасьць, беларусацэнтрычнасьць прымусіла калядоўнікаў сьпяваць: ”Хрыстос нарадзіўся на нашым двары”. У калядцы 18 стагодзьдзя “У бэтлееме, убогім доме” Хрыстос нараджаецца ў Беларусі. І ўсе тутэйшыя Яхімы, Рыгоры, Дзямяны, Грысі, Маланьні, конюхі, пастухі, рымары “зьбягаюцца к Богу ў стайню ўбогу”.

(Ракіцкі:) “Такім чынам, гаворка ідзе пра патаемнае чаканьне цуду, што нехта або нешта ўсё ж прыйдзе.”

(Васючэнка:) “Беларусы перад Калядамі, як гэта рабіў Купала, чакаюць на Князя (паэма “На Куцьцю”), чакаюць на ўладара, прарока. Селянін, які адбывае пакараньне за тое, што адрэзаў лішнюю дзялянку зямлі, марыць, што прыйдзе каморнік і ва ўсім разьбярэцца. Ён марыць пра Сьвятога Міколу, марыць пра Хрыста ўрэшце рэшт, які прыйдзе і ўсё разьвяжа, і ўсё будзе цудоўна.”

(Ракіцкі:) “І вось на двары 21 стагодзьдзе, а беларусы ў пярэдадзень Калядаў употай чакаюць якогась цуду. Ім пашчасьціць: сонца абавязкова паверне да лета, ураджай будзе добры, а калі і ня вельмі, дык беларусы ўсё адно не будуць галадаваць, дзякуючы сваёй цягавітасьці. Спадар Васючэнка, на які ж яшчэ цуд могуць спадзявацца беларусы ў 21 стагодзьдзі на Каляды?”

(Васючэнка:) “Ды адно тое, што і ў 21 стагодзьдзі яны сьвяткуюць Каляды двойчы, зьяўляецца падарункам лёсу, ужо гэта маленькае шчасьце. Але, мяркую, беларусы заслугоўваюць большага шчасьця, якое аднойчы прыйдзе праз цуд. Альбо, можа, ня трэба прыбадабняцца да ролі герояў п’есы Бэкета “У чаканьні Гадо”, якія сядзелі ля дарогі і чакалі, чакалі чагосьці … Напэўна, варта беларусам самім рушыць насустрач сваёй птушцы шчасьця, насустрач сваё беларускай містэрыі.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG