Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 22 сьнежня: гадавіна скіданьня Чаўшэску


Нікалае Чаўшэску і яго жонка на судзе
Нікалае Чаўшэску і яго жонка на судзе

Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Менск. У офісе Партыі БНФ адбудзецца дабрачынны калядны кірмаш «Маладога фронту», дзе можна набыць унікальныя падарункі. Усе атрыманыя сродкі пойдуць у адзін зь беларускіх дзіцячых дамоў. Пачатак у 17.00.

Менская арганізацыя Асацыяцыі інвалідаў-вазочнікаў праводзіць дабрачынны Калядны баль для дзяцей-інвалідаў. Адрас: пр-т Ракасоўскага, д.50 (актавая заля). Пачатак у 15.00.

Горадня. Хакейны клюб «Нёман» праводзіць дабрачынны матч. Замест квітка на гульню трэба прынесьці цацку альбо салодкі пачастунак. Усе цацкі і падарункі будуць перададзеныя дзецям зь дзіцячых дамоў. Пачатак імпрэзы ў 16.00.

«Філяматы і філярэты». Экскурсія да 215-цігодзьдзя паэта Адама Міцкевіча, прысьвечаная яму і яго знакамітым сябрам з таемных віленскіх студэнцкіх таварыстваў. Маршрут: Менск — Новая Мыш — (Сталовічі) — Завосьсе — Карчова — Туганавічы — воз. Сьвіцязь — Наваградак — Менск. Пачатак а 10-й гадзіне.

ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1216 — Папа рымскі Ганорый III зацьвердзіў ордэн вандроўных казаньнікаў (дамініканцаў).

1264 — падпісаная мірная і гандлёвая
дамова Полацку з Рыгай і Інфлянцкім ордэнам

1917 — у Менску ўтварыўся Выканаўчы камітэт Першага Ўсебеларускага зьезду.

1932 — афіцыйная рэгістрацыя Таварыства беларускай асьветы, створанага ў Вільні

1945 — у Менску адкрыўся Беларускі тэатральны інстытут (з 1993 году — Беларуская акадэмія мастацтваў)

1989 — у Румыніі перамагла народная рэвалюцыя, скіраваная супраць рэжыму Нікалае Чаўшэску. Сам ён быў неўзабаве расстраляны разам з жонкай.

1990 — Лех Валэнса заступіў на пасаду прэзыдэнта Польшчы.

У гэты дзень нарадзіліся:

1639 — Жан Расін, францускі драматург, адзін зь «Вялікай тройкі» драматургаў Францыі XVII ст., у шэрагу з Карнэлем і Мальерам.

1858 — Джакома Пучыні, італьянскі кампазытар

1922 — Алена Васілевіч, беларуская пісьменьніца

У гэты дзень памерлі:

1937 — у вязьніцы НКВД (Алматы) бальшавікі расстралялі беларускага рымска-каталіцкага сьвятара і грамадзкага дзеяча Янку Вярсоцкага

Ёсьць нагода:

У каталікоў — чацьвертая нядзеля Адвэнту

У Беларусі адзначаецца дзень энэргетыка

У Беларусі традыцыйна ўшаноўваецца Ганна. Гэты дзень узаконьваў пераход селяніна на зімовы транспарт, пра што сьведчыць і прымаўка: «На Ганкі сядайце на санкі».

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

«Шляхетнае сэрца ня можа падазраваць іншых у нізасьці і падступстве, на якія само яно ня здольнае».
Жан Расін
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG