Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акцыя «Стоп-падатак» у беларускіх гарадах


У сацыяльных сетках распаўсюджваецца заклік да аўтааматараў — далучацца да акцыі «Стоп-падатак» 20 сьнежня. «Час неабыякавых настаў! 20 сьнежня — дзень, калі можна пачаць называць сябе Народам, а не „народцам“, дзень, калі ты спрабуеш абараніць сябе, сям’ю і Беларусь, дзень, калі ты кажаш кучцы ўзурпатараў: хопіць рабаваць народ!», — пішуць ініцыятары акцыі.

Паводле задумы, сёньня ўвечары а 18-й гадзіне кіроўцы маюць выехаць на цэнтральныя плошчы і праспэкты сваіх гарадоў, каб выказаць незадаволенасьць так званым транспартным падаткам, якім ад наступнага году ўлады маюць намер абкласьці ўвесь аўтамабільны парк краіны. Прапанавана ў гэты час усім разам прасыгналіць на знак пратэсту супраць чарговага пабору з аўтаўладальнікаў:

«Нас мільёны, але калі нават некалькі тысяч у гэты дзень праявяць салідарнасьць і сьмеласьць праехаць па сваёй краіне на сваім аўто па цэнтральных плошчах — гэта ўжо будзе маленькі крок. Крок, які пачне ламаць навязаны страх у нашых сэрцах».

Сцэнар паводзінаў на дарогах наступны. Найперш кіроўцам прапануецца рушыць у бок галоўных дарожных артэрыяў. Апынуўшыся ў асноўным патоку, роўна а 18-й гадзіне запавольваць рух, пачынаць сыгналіць. Па магчымасьці імітаваць паломкі і аварыйнае спыненьне аўтамабіля. Пры ўзьнікненьні канфліктных сытуацыяў з праваахоўнымі органамі і асобамі ў цывільным — дапамагаць калегам, фіксуючы спрэчныя моманты на фота і відэа.

Аналягічную акцыю, справакаваную рэзкім падвышэньнем коштаў паліва, у Менску ўдалося рэалізаваць у ліпені 2011 году. Тады тысячы аўтамабіляў на некалькі гадзінаў спаралізавалі цэнтральныя раёны сталіцы. У выніку ўлады былі вымушаныя «адкруціць» цэны назад. Аднак далейшыя спробы выказаць пратэст рашуча спыняліся супрацоўнікамі ДАІ, дзясяткі кіроўцаў за выказваньне салідарнасьці былі аштрафаваныя.

Дзяржаўтаінспэкцыя ўжо папярэдзіла аўтааматараў пра магчымыя наступствы для ўдзельнікаў несанкцыянаванай акцыі 20 сьнежня. Так, управа ДАІ Менгарвыканкаму распаўсюдзіла заяву, у якой гаворыцца:

Магчымыя незаконныя дзеяньні кіроўцаў на блякаваньне руху транспарту будуць спыняцца, вінаватыя будуць прыцягнутыя да адказнасьці
Папярэджаньне ДАІ
«У сувязі з заклікамі ў інтэрнэце сталічная аўтаінспэкцыя ўзмоцніць кантроль за выкананьнем кіроўцамі правілаў прыпынку і стаянкі транспартных сродкаў. Магчымыя незаконныя дзеяньні кіроўцаў на блякаваньне руху транспарту будуць спыняцца, вінаватыя будуць прыцягнутыя да адказнасьці, у тым ліку з выкарыстаньнем мераў прымусовай эвакуацыі аўтамабіляў».

Днямі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ухвалілі дзяржаўную пошліну на допуск аўтамабіляў да дарожнага руху, якая будзе спаганяцца разам з аплатай працэдуры тэхнічнага агляду. Такім чынам, за права езьдзіць па беларускіх дарогах трэба будзе раскашэліцца: уладальнікам легкавікоў вагой да 1 тоны — на 390 тысяч рублёў, ад 1 да 2 тонаў — на 650 тысяч, ад 2 да 3 тонаў — на 910 тысяч, ад 3 тонаў — на 1 мільён 300 тысяч.

Аўто, якія належаць юрыдычным структурам, будуць абкладацца па вышэйшых тарыфах. За прычэпы, матацыклы і матаролеры будзе спаганяцца падатак у памеры адной базавай велічыні. За машыны ўзростам да 10 гадоў, якія праходзяць тэхагляд раз на два гады, давядзецца плаціць у падвойным памеры — за год наперад.

А на пачатку 2014 году Савет міністраў мае намер падвысіць памер базавай велічыні да 150 тысяч рублёў замест цяперашніх 130 тысяч, што зробіць выдаткі яшчэ больш адчувальнымі.

Тым часам на плятформе Change.org працягваецца збор подпісаў за скасаваньне так званага транспартнага падатку. Паводле дадзеных на 20 сьнежня, супраць пошліны выказаліся ўжо больш за 75 тысяч чалавек. Зрэшты, як заявіў з гэтай нагоды сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік, нават мільён подпісаў грамадзянаў Беларусі не паўплывае на ўвядзеньне закону. Паводле ягоных словаў, падобныя ініцыятывы ў інтэрнэце расцэньваюцца ўладамі выключна як апытаньне грамадзкай думкі ці сацыялягічнае дасьледаваньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG