Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эштан заклікала Беларусь увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне


Вярхоўны камісар Эўразьвязу па пытаньнях зьнешняй палітыкі і бясьпекі Кэтрын Эштан выказала шкадаваньне з нагоды сьмяротнага прысуду, вынесенага Менскім абласным судом.

Эштан спадзяецца, што права на абскарджаньне будзе цалкам забясьпечана.

Паводле прэсавай служба вярхоўнага камісара ЭЗ, спадарыня Эштан усьведамляе сур’ёзнасьць злачынстваў асуджанага, аднак лічыць, што «сьмяротнае пакараньне ніколі не можа быць апраўдана».

«Эўрапейскі зьвяз выступае супраць вышэйшай меры пакараньня пры любых акалічнасьцях. Сьмяротнае пакараньне зьяўляецца жорсткім і бесчалавечным пакараньнем, якое не ў стане дзейнічаць як стрымліваючы фактар і ўяўляе сабой непрымальнае адмаўленьне чалавечай годнасьці», — адзначае прэсавая служба кіраўніка дыпляматыі ЭЗ.

Эштан заклікала «Беларусь, адзіную краіну ў Эўропе, якая дагэтуль ўжывае сьмяротнае пакараньне, далучыцца да глябальнага мараторыю на такі від пакараньня ў якасьці першага кроку да поўнага скасаваньня».

17 сьнежня стала вядома, што Менскі абласны суд пакараў вышэйшай мерай 53-гадовага Эдуарда Лыкава, якога вінавацілі ў пяці эпізодах забойства ў стане алькагольнага ап’яненьня.

Вырак агучылі 26 лістапада 2013 году. Пад сьледзтвам Лыкаў з 2011-га.

Лыкаў падаў на прысуд касацыйную скаргу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG